Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік СБУ пра беларуска-ўкраінскую «справу шпіёнаў»: Перамоўны працэс ня будзе публічным


Архіўнае фота. Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 3 красавіка 2019 году
Архіўнае фота. Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 3 красавіка 2019 году

Украіна пасьля зьмены ўлады не аднаўляла перамоў зь Беларусьсю аб умовах і магчымым абмене беларускага «шпіёна» Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ва Ўкраіне ў шпіянажы, і асуджанага ў Беларусі праз аналягічнае абвінавачаньне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі.

Іван Баканаў
Іван Баканаў

«Непасрэдна ў Службе бясьпекі Ўкраіны мы гэтую тэму не абмяркоўвалі. Але пра гэтую гісторыю я чуў праз сродкі масавай інфармацыі», — сказаў Свабодзе Іван Баканаў, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны пасьля прызначэньня на пасаду першага намесьніка старшыні гэтай спэцслужбы.

Паводле яго, пытаньне вяртаньня Паўла Шаройкі ва Ўкраіну будзе вырашацца «ў межах кампэтэнцыі СБУ і дзейных законаў»:

«Галоўная задача — вярнуць усіх грамадзян Украіны дамоў. Гэта датычыць і журналістаў, і іншых палонных».

На пытаньне пра магчымыя тэрміны аднаўленьня дыялёгу зь Беларусьсю на гэтую тэму, Іван Баканаў адказаў:

«Я не магу зараз пра гэта сказаць, бо гэтае пытаньне не патрабуе шырокага абмеркаваньня. Калі размова ідзе пра абмен, гэта непублічная гісторыя».

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка быў затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці толькі сёлета ў красавіку.

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры». 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2, а Камісія памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі вывучае ягоныя дакумэнты аб памілаваньні.

Увесь гэты час праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны не выключалі магчымага абмену Юрыя Палітыка і Паўла Шаройкі. У жніўні 2018 году група беларускіх пракурораў прыяжджала ў Кіеў на сустрэчу з калегамі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Але бакі не змаглі дамовіцца, бо Беларусь настойвае на тым, што Юры Палітыка ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG