Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі беларуска-амэрыканскай кампаніі EPAM падаражэлі на 75% з пачатку году


Лягатып EPAM на будынку ў менскім Парку высокіх тэхналёгій

Цана акцыі беларуска-амэрыканскай кампаніі EPAM дасягнула 200 даляраў на Нью-Ёркскай фондавай біржы, адзначае Dev.by. На момант публікацыі цана крыху апусьцілася — да 198,89 даляра.

Але амаль няспынны рост назіраецца з пачатку месяца, а з пачатку году акцыі падаражэлі аж на 75%. Праўда, гэта адбылося пасьля нязначнага падзеньня: цягам першай паловы 2018 году цана расла са 110 да 140 даляраў, пасьля «адкацілася» да 110. Цяпер аналітыкі прагназуюць, што цана не «адкоціцца» зноў, а вырасьце яшчэ прынамсі да 210 даляраў за акцыю, і большасьць рэкамэндуе купляць акцыі EPAM.

Нейкіх надзвычайных дасягненьняў або істотных паглынаньняў, якія справакавалі б рэзкі рост, аналітыкі не адзначаюць: проста фінансавыя вынікі і прагнозы для кампаніі дастаткова добрыя. Леташні беларускі «ІТ-дэкрэт» у навінах пра EPAM ня згадваецца зусім. Значны ўсплёск цікаўнасьці да EPAM у пошуку Google фіксуецца толькі на пачатку ліпеня, але акцыі расьлі і да таго.

Чарговая фінансавая справаздача EPAM будзе апублікаваная ў жніўні. Папярэдняя справаздача, якая была ў траўні, зафіксавала рост квартальнай выручкі на 22,9% за год, да 521,3 млн даляраў, што на пару мільёнаў больш за чаканьні аналітыкаў.

Пры тым самі супрацоўнікі EPAM прадалі акцыяў на 63 млн даляраў, зь якіх 44,4 млн дасталіся сузаснавальніку і генэральнаму дырэктару Аркадзю Добкіну.

EPAM заснавалі ў 1993 годзе з офісамі ў Нью-Джэрсі і Менску. Сем гадоў таму, калі кампанія выйшла на Нью-Ёрскую біржу (і стала там першай беларускай кампаніяй), акцыя EPAM каштавала ўсяго 15–16 даляраў. З таго часу EPAM набыў некалькі буйных замежных IT-кампаній, больш як у два разы павялічыў выручку. Цяпер, на 26-м годзе існаваньня, толькі ў Беларусі EPAM мае 10 000 супрацоўнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG