Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабіў БМЗ — прамысловы гігант, дзе зьмяніўся кіраўнік


Вытворчасьць БМЗ, ілюстрацыйнае фота
Вытворчасьць БМЗ, ілюстрацыйнае фота

У ліку кадравых прызначэньняў, якія Аляксандар Лукашэнка правёў 29 ліпеня, быў і новы генэральны дырэктар РУП «Беларускі мэталюргічны завод». Ранейшы дырэктар сам папрасіўся ў адстаўку ў траўні.

Хто сышоў, хто прыйшоў

Анатоль Савянок, які кіраваў заводам з 2010 году па травень 2019-га, зьвязаў з БМЗ усё жыцьцё: там ён пачаў працаваць адразу пасьля ўнівэрсытэту травільшчыкам-гальванікам у сталядротавым цэху. Перад тым як папрасіцца з пасады, ён напісаў супрацоўнікам ліст з падзякай за працу, дзе заявіў, што «жыцьцё рухаецца наперад, адкрывае новыя пэрспэктывы». З траўня пра яго не чуваць.

Пасьля сыходу Савянка кампаніяй кіраваў ягоны першы намесьнік. Але цяпер на пасаду прызначылі чалавека «родам» зь іншага заводу.

Дзьмітры Корчык, новы дырэктар БМЗ. Фота 2015 году
Дзьмітры Корчык, новы дырэктар БМЗ. Фота 2015 году

Новы дырэктар БМЗ Дзьмітры Корчык ад 1985 году працаваў на менскім «Інтэграле» — прайшоў шлях ад вучня токара да намесьніка галоўнага энэргетыка, затым ад 2002 году працаваў на розных кіроўных пасадах у Міністэрстве прамысловасьці, у 2012 годзе стаў дырэктарам прамыслова-тэхнічнай палітыкі Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня, а ў 2015-м — намесьнікам міністра прамысловасьці.

«Вельмі хацелася б, каб вынік быў»

«Гэта адзін з флягманаў нашай краіны, нямала там было зроблена, — казаў Лукашэнка Корчыку пра БМЗ. — База ёсьць, працаваць можна. Вельмі хацелася б, каб вынік быў».

З вынікамі працы БМЗ усё неадназначна. Цяпер на жлобінскім заводзе і іншых кампаніях холдынгу (а гэта Рэчыцкі мэтызны завод, Магілёўскі мэталюргічны завод, «Легмаш» у Воршы, Менскі падшыпнікавы завод і іншыя) працуе каля 10 900 чалавек, і хоць за апошнія сем гадоў колькасьць занятых у кампаніі зьменшылася толькі на 800 чалавек, калі некаторыя прамысловыя гіганты звальнялі траціну рабочых, ці ня ўсе працоўныя месцы на БМЗ пад пагрозай.

З аднаго боку, выручка расьце: за 2018 год яна склала 1,5 млрд даляраў, што амаль на 300 млн больш, чым у 2017 годзе. А за першы квартал 2019 году выручкі было на 24,3% больш за той жа паказьнік летась.

БМЗ, ілюстрацыйнае фота
БМЗ, ілюстрацыйнае фота

Але, з другога боку, завод амаль ня мае прыбыткаў. За ўвесь 2018 год пасьля стратаў ад інвэстыцыйнай і фінансавай дзейнасьці, а таксама сплаты падаткаў, ад трох мільярдаў беларускіх рублёў выручкі засталося 300 тысяч рублёў чыстага прыбытку. А на пачатак году засталіся яшчэ і непакрытыя страты ў 345,6 млн рублёў, і крэдыты, па якіх за год трэба сплаціць 1,5 млрд рублёў.

Даўгі ў заводу зьявіліся пасьля мадэрнізацыі прадпрыемства. Але яна не прынесла прыбыткаў, хоць і праводзілася зь дзяржаўнай падтрымкай не ў адну сотню мільёнаў даляраў.

У 2017 годзе Эўракамісія ўвяла супраць БМЗ і беларускай будаўнічай арматуры антыдэмпінгавае мыта на пяць гадоў, а ЗША — мыта на стальную катанку зь Беларусі, Расеі і Арабскіх Эміратаў.

Савянок казаў, што тая гісторыя «яшчэ больш загартавала» завод, які «добра патрэніраваўся» працаваць у цяжкіх умовах і ладзіў пастаўкі ў Расею, Украіну і краіны Блізкага Ўсходу. На заводзе сьцьвярджалі нават, што «амэрыканцы кампэнсуюць выдаткі беларускім мэталюргам насуперак палітыцы Трампа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG