Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тысяч эўра за бэбі-бокс. Колькі каштуе жыцьцё дзіцяці


Ілюстрацыйнае фота

Ці зьяўленьне так званых бэбі-боксаў ці «вокнаў жыцьця» дапаможа вырашыць праблему кінутых немаўлятак? Што прымушае жанчын адмаўляцца ад дзяцей адразу пасьля родаў? Ці працуюць фінансавыя санкцыі супраць жанчын, якія адмаўляюцца ад дзяцей? Абмяркоўваюць сямейная псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева, кіраўніца цэнтру «Матуля» Вераніка Сярдзюк, грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч і пісьменьніца Тацяна Барысік.

Сьцісла

  • Вольга Андрэева: Калі людзі ня ў стане выхоўваць сваіх дзяцей з розных прычынаў, яны павінны быць ад гэтага вызваленыя без пакараньня. Тады яны, магчыма, і ня будуць іх забіваць ці выкідаць.
  • Вераніка Сярдзюк: Дзіця, ад якога адмовіліся ў радзільні, мае імя і прозьвішча, а калі дзіця засунулі ў бокс, то гэта — дзіця без мінулага. Няма каго запытацца, няма з каго спагнаць сродкі на ўтрыманьне.
  • Наста Дашкевіч: Зьяўленьне бэбі-боксаў залежыць ад таго, як дзяржава ставіцца да гэтай праблемы, ці каштуе гэтае жыцьцё 10 тысяч эўра. Я перакананая, што каштуе.
  • Тацяна Барысік: Бліжэйшым часам у сучаснай Беларусі гэтага ня зробяць, таму што чалавечае жыцьцё ня ёсьць каштоўнасьцю для дзяржавы. Дагэтуль кажуць, што бабы новых нараджаюць.

Слухаць дыскусію цалкам

Асноўныя фрагмэнты абмеркаваньня

  • Выпадак у Гомелі, калі жанчына пакінула ў радзільні немаўля, актуалізаваў дыскусіі пра мэтазгоднасьць бэбі-боксаў, месцаў, куды жанчына можа аднесьці немаўля, калі з пэўных прычынаў яна адмаўляецца яго расьціць. Бэбі-боксы ці «вокны жыцьця» — спэцыяльна абсталяваныя памяшканьні для ананімнай адмовы ад дзіцяці і перадачы яго дзяржаўным службам. Яны могуць знаходзіцца ў мэдычных установах і пры рэлігійных арганізацыях. Бэбі-боксы існуюць у многіх краінах сьвету, у тым ліку ў суседніх зь Беларусьсю краінах. Пасьля іх зьяўленьня, як сьведчыць статыстыка, зьніжаецца колькасьць, так бы мовіць, выкінутых на сьметніцу нованароджаных непажаданых дзяцей.

«У дзіцяці зьяўляецца шанец»

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: Стаўленьне выключна пазытыўнае. Ва ўсе часы былі жанчыны, якія траплялі ў адчайную жыцьцёвую сытуацыю. Магчыма, гэтае мацярынства для іх несвоечасовае, ці яны пакутуюць на дэпрэсію, ці склаліся асаблівыя жыцьцёвыя абставіны. Зьяўленьне бэбі-боксаў — гэта шанец для такіх жанчынаў уладкаваць сваё нованароджанае дзіця. Для жанчыны гэта заўсёды драматычны выбар, але тым ня менш у дзіцяці зьяўляецца шанец.

«Бэбі-бокс каштуе каля 10 тысяч эўра»

Вераніка Сярдзюк
Вераніка Сярдзюк

Вераніка Сярдзюк: Я каля 10 гадоў працую ў пытаньнях крызіснага мацярынства і разумею, што бэбі-бокс — цудоўная магчымасьць аказаць дапамогу некаторым дзецям. Калі адбываецца выпадак інфантыцыду, дзетазабойства ці выкінутых дзяцей адразу ў грамадзтве пачынаюць абмяркоўваць бэбі-боксы. Мне падаецца гэта нейкай крывадушнасьцю, таму што бэбі-бокс — гэта самае апошняе, што можна зрабіць для выратаваньня дзіцяці. Калі жанчына знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане пасьля родаў, то яна да бэбі-бокса проста ня дойдзе. Мне падаецца, што ня трэба разважаць, а трэба зрабіць і далей комплексна вырашаць пытаньні. Апошнія чатыры гады кожныя паўгоду мяне запрашаюць абмяркоўваць бэбі-боксы. Праблема ў тым, што ён каштуе каля 10 тысяч эўра. Гэта грошы. І тут параўноўваюць цану жыцьця дзіцяці і цану бэбі-бокса.

З пункту гледжаньня дзяржавы гэта ня вельмі правамерна, таму што дзіця, ад якога адмовіліся ў радзільні, мае імя, прозьвішча, вядомая маці, а калі дзіця засунулі ў бокс, то гэта — дзіця без мінулага. Няма каго запытацца дзяржаве, няма з каго спагнаць сродкі на яго ўтрыманьне. Доўга будуць правяраць ягонае здароўе, перш чым усынавяць ці ўдачарыць. Праз гэта дзеці зь бэбі-боксу ўсынаўляюцца ў апошнюю чаргу.

«Гэта выйсьце для таго, каб захаваць жыцьцё»

Наста Дашкевіч
Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч: Я вельмі станоўча стаўлюся да бэбі-боксаў, іх зьяўленьне вырашыць пэўную праблему, але не да канца. Гэта трэба рабіць вельмі ювэлірна. Калі бэбі-боксы, спадзяюся, усё ж будуць у Беларусі, то сапраўды мусіць комплексна вырашацца пытаньне і пра тое, куды жанчына можа зьвярнуцца, калі ёй кепска, і як спрасьціць магчымасьць хуткай перадачы дзіцяці ў прыёмную сям’ю. Пытаньне патрабуе карпатлівага вывучэньня, але гэта выйсьце для таго, каб захаваць жыцьцё.

«Дамагчыся поўнай ананімнасьці пры здачы дзіцяці ў бэбі-боксы немагчыма»

Тацяна Барысік
Тацяна Барысік

Тацяна Барысік: Ідэя неблагая, матывацыя захаваньня чалавечага жыцьця вельмі добрая, але тут ня так усё проста, як здаецца на першы погляд. Колькі б мы не абмяркоўвалі, бліжэйшым часам у сучаснай Беларусі гэтага ня зробяць, таму што дзяржава не зацікаўленая ў чалавечым жыцьці, яно ня ёсьць каштоўнасьцю для дзяржавы. У нас чалавечае жыцьцё таньней за машыны, за мэханізмы. Дагэтуль кажуць, што бабы новых нараджаюць. А калі б нават прыступілі да ажыцьцяўленьня гэтай ідэі, ня факт, што ўсё атрымалася б, як задумана.

Зараз 21 стагодзьдзе. Дамагчыся поўнай ананімнасьці пры здачы дзіцяці ў бэбі-боксы немагчыма. Хіба калі гэта жанчына, якая нараджала дома і ніколі не назіралася ў жаночай кансультацыі. Калі дзіця нарадзіліся ў радзільні, пра гэта паведамляецца ўчастковым тэрапэўтам і ў сацыяльныя службы, калі сямʼя знаходзілася на на кантролі. Потым узьнікне пытаньне, куды дзелася дзіця, і маці давядзецца доўга даказваць, ці насамрэч яно ў бэбі-боксе, ці яно забітае, ці падараванае. У выніку можа здарыцца так, што і астатніх дзяцей, якія гадуюцца ў гэтай сямʼі, хутчэй за ўсё забяруць, бо з добрага жыцьця жанчына рэдка робіць такі выбар.

Бэбі-бокс — гэта скрынка, яна ня можа ацаніць, ці прыйшла да яе маці дзіцяці альбо нейкая трэцяя асоба з чужым дзіцём. Я разумею, што і мэдработнік не заўсёды гэта зможа ацаніць, але нешта можа насьцярожыць. У якім псыхічным стане гэтая жанчына, ці яна да канца ўсьведамляе, які крок робіць, і ці ёсьць гэты крок добраахвотным. Яе могуць прымусіць гэта зрабіць сваякі і сужыцелі. Урэшце і скрасьці дзіця могуць зламысьнікі. Таму лепей усё ж, каб перадалі дзіця мэдычнага работніку, каб гэта было аформлена. Усё роўна патрэбны юрыдычны бок справы — ці пазбаўляць бацькоўскіх правоў ці рабіць новыя дакумэнты.

​Як эфэктыўна вырашыць праблему кінутых дзяцей?

Вольга Андрэеева: Цэнтральная праблема — стаўленьне дзяржавы да жыцьця чалавека, дзіцяці. У тых мадэлях, якія рэалізуюцца ў нас у краіне, высокая рызыка інфанцытыдаў. Усе крымінальныя сытуацыі ўзьнікаюць тады, калі бацькі ці нясьпелыя, ці сацыяльна безадказныя, ці абсалютна без рэсурсаў. Рэпрэсіўныя меры дзяржавы накіраваныя на самых сацыяльна неадаптаваных людзей. Па сутнасьці гэтыя людзі штурхаюцца дзяржавай на тое, каб крымінальна пазбавіцца ад свайго дзіцяці.

Пачынаць трэба са зьмены заканадаўства. Калі людзі ня ў стане выхоўваць, расьціць, карміць сваіх дзяцей з розных прычынаў, яны павінны быць ад гэтага вызваленыя без пакараньня. Пакараньне за тое, што людзі адмаўляюцца ад дзяцей, вышэйшае, чым пасьля разводу пакараньне бацькі алімэнтамі. Калі гэтыя людзі будуць вызваленыя ад пакараньня і дзяржава возьме на сябе выхаваньне гэтага дзіцяці, то яны, магчыма, і ня будуць забіваць ці выкідаць дзяцей. Калі нам сапраўды патрэбныя людзі, калі нам патрэбныя дзеці (а ў нас праблема з узнаўленьнем насельніцтва вельмі сурʼёзная), то гэта шанец проста ратаваць гэтых дзяцей, вырасьціць іх у больш бясьпечнай атмасфэры. З гэтага трэба пачынаць. Тады праблема бэбі-боксаў будзе вельмі прыватнай праблемай на гэтым фоне

Вераніка Сярдзюк: У нас вельмі мала прытулкаў, шэлтэраў для жанчын-мацярок. Ствараецца сетка крызісных пакояў для жанчын, для людзей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. З досьведу прытулку пры цэнтры «Матуля» я магу сказаць, што здараецца, калі напачатку дзіця жаданае, цяжарнасьць ідзе добра, і нешта адбываецца напярэдадні ці падчас родаў (муж памірае ці аказваецца, што дзіця ад іншага мужчыны), бацькі сварацца і дзіця ня хочуць.

Нядаўна ў нас жыла студэнтка, дзеўчына з мусульманскай краіны, ад якой адмовіліся бацькі, праклялі яе. Яна зьбіралася ў радзільні адмовіцца ад дзіцяці. Пэрсанал яе ўгаварыў. Нарадзіўся вельмі прыгожы дзіцёнак, і яна трапіла да нас. Праз месяц мама і тата даравалі, і яна здала іспыты і вылецела на радзіму. Няма ў нас такога месца, дзе жанчына магла б пасядзець у бясьпечным стане, аднавіцца пасьля родаў, бо пасьляродавыя псыхозы «накрываюць» нават добранадзейных жанчын. Такіх шэлтэраў, як наш, усяго чатыры на ўсю Беларусь. Уявіце, якая ў нас прапускная магчымасьць. Пра нас ведаюць мэдыкі, неантолягі, да нас пасылаюць мамачак. Я за тое, каб дзяржава дазволіла грамадзкім арганізацыям ствараць болей такіх прытулкаў, неяк дапамагала ці сама стварала.

«Ніхто з псыхолягаў жанчынай не размаўляе ні ў жаночай кансультацыі, ні ў радзільні»

Наста Дашкевіч: Бэбі-бокс — апошні пункт праграмы, альтэрнатывы забойства дзіцёнка. Пачынаць трэба з жаночай кансультацыі, з радзільні. Жанчына за цяжарнасьць наведвае бясконцую колькасьць дактароў, здае аналізы, ходзіць у кансультацыю як на працу, але пры гэтым няма ніводнай размовы з псыхолягам, з чалавекам, які паспрабаваў бы разгаварыць, распытацца, як справы ў сямʼі, якія пляны на будучыню, кім хочаце, каб дзіця стала, каб убачыць, ці ўсё ў парадку.

Потым жанчына трапляе ў радзільню. Я асабіста бачыла, што калі парадзіха выпісваецца, за яе ўжо запоўненая анкета, у якім яна была стане, ці добры псыхалягічны стан, ці ёсьць прыкметы дэпрэсіі. А са мной ніхто не размаўляў, ніхто не распытваў, які ў мяне псыхалягічны стан, ніхто ня ведае, у якую атмасфэру я вярнуся. Ніхто з жанчынай не размаўляе і на этапе жаночай кансультацыі, і на этапе радзільні. А можна выявіць шмат праблемаў. Канечне, зьяўленьне бэбі-боксаў залежыць ад таго, як дзяржава ставіцца да гэтай праблемы, ці каштуе гэтае жыцьцё 10 тысяч эўра. Я перакананая, што каштуе.

Ці трэба фінансава караць бацькоў, якія адмовіліся расьціць дзяцей?​

Тацяна Барысік: Адмаўляюцца ад дзяцей ня толькі маладыя і нясьпелыя. Цяжкасьці могуць здарыцца ў любым узросьце, да таго ж 9 месяцаў — працяглы пэрыяд, шмат чаго можа зьмяніцца. Я лічу, што ня столькі псыхалягічную дапамогу трэба аказваць, варта больш засяродзіцца на сацыяльнай дапамозе. Ня трэба абмяжоўвацца выплатай грашовай дапамогі, варта стварыць умовы, каб жанчына сама магла зарабляць на жыцьцё. Трэба, каб яна мела права на сацыяльную няньку, калі будзе прызнана, што яна знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, каб яна мела магчымасьць уладкаваць сваё дзіця ў ясьлі, можа, з кругласутачным утрыманьнем, калі неабходна, бо знайсьці працу з 9 да 17 і жыць з гэтага заробку адзінокай маці амаль нерэальна. Тры бэбі-бокса на ўсю краіну ніякім чынам ня вырашаць гэтую сытуацыю. Жанчына зь нізкай сацыяльнай адказнасьцю не паедзе праз палову Беларусі, каб пакласьці дзіця ў бэбі-бокс. Лепш засяроджвацца на працы з моладзьдзю, на сацыяльнай абароне мацярок.

Ад каго залежыць зьяўленьне бэбі-боксаў у Беларусі?​

Бэбі-бокс у расейскім Екацерынбургу
Бэбі-бокс у расейскім Екацерынбургу

Вольга Андрэева: Ніякіх рэальных перашкодаў я ня бачу. Гэта можна зрабіць разам з царквой, таму што цяпер царква актыўна ўдзельнічае ў пэўных дзяржаўных праектах. Асноўнае — гэта адсутнасьць інтарэсу ў дзяржавы да чалавечага жыцьця, ня толькі немаўля, але і няшчаснай маці, якая трапіла ў цяжкую сытуацыю. Асноўныя мэтады ўзьдзеяньня — рэпрэсіўныя, але ніколі пакараньне не было вырашэньнем праблемы. У цэлым трэба мяняць стаўленьне ў краіне да чалавека, да жанчыны. Мы выходзім і на гендэрную праблематыку. Чаму заўсёды будзе пакараная жанчына? Бацькі дзіцяці не пры чым, яго ня будуць шукаць.

Вераніка Сярдзюк: Наша арганізацыя шмат гадоў узаемадзейнічае зь міністэрствам аховы здароўя. Мы разумеем, што вядзеньне бэбі-бокса патрабуе сталага дзяжурнага лекара. Калі гэта будзе арганізавана на тэрыторыі манастыра ці храму, дзе стала знаходзяцца людзі, якія маглі б аказаць першую дапамогу, гэта было б здорава і крута. Адзін прэцэдэнт зьявіцца, пабачаць, што гэта магчыма і ня так і страшна. Зьявілася адно дзіця за год, і дзякуй Богу. Я была б ня супраць, каб наша арганізацыя ўзяла б на сябе такую функцыю...

Наста казала, што не размаўляюць псыхолягі з мацярамі. У мяне іншая інфармацыя. Маці, якія зьвяртаюцца ў наш цэнтар апошнія паўтара года, кажуць, што калі яны станавіліся на ўлік па цяжарнасьці, зь імі пагаварыў псыхоляг, які і абмяркоўваў зь імі, як яна бачаць мацярынства. У нас у дзяржаве, як грыбы пасьля дажджу, адкрываюцца кабінэты «За жыцьцё». Там сядзяць псыхолягі, раней яна рабілі толькі перадабортнае кансультаваньне, цяпер мінздраў бачыць цудоўны патэнцыял у тым, каб усе цяжарныя гутарылі з псыхолягамі.

У мяне ёсьць бясконцы запыт да нашых дзяржаўных установаў. Ёсьць вялікі спэктар жыцьцёвых сытуацый — самотная маці, маці пасьля сьмерці мужа. Што рабіць у дадзенай сытуацыі? Вось такіх схемаў у нас няма. Я хачу, каб яны зьявіліся, каб сацыяльны работнік, псыхоляг пагаварыў з маці і дапамог справіцца зь цяжкай сытуацыяй.

Ці можна апраўдаць бацькоў, якія адмаўляюцца ад дзяцей?​

Наста Дашкевіч: Мы іх ня мусім апраўдваць. Ёсьць сытуацыя, і яе трэба вырашаць. Судзьдзяў занадта шмат. Проста такое можа здарыцца, і ў чалавека мусіць быў нейкі варыянт, каб не зрабіць шкоду свайму дзіцяці. Я ў радзільнях ня першы раз, сустракаю шмат дзяўчат, якія былі не гатовыя да родаў, якія не цікавяцца, чым будуць займацца далей. Яны не чытаюць літаратуру пра гэта, ня ведаюць, што з гэтым дзіцёнкам рабіць. Калі гэтая дзеўчына будзе ў складанай сытуацыі, у яе проста павінен быць альгарытм дзеяньня, што яна мусіць зрабіць.

Жанчына ў Гомелі прынесла дзіцёнка ў шпіталь. Я пісала ў камэнтарах у сацсетках, і шмат хто неадназначна ўспрыняў, што яна малайчына. Гэты крок быў для яе складаным, але яна клапацілася пра малечу, сабрала рэчы, прадумала бясьпечнае месца, ведала, што за дзіцём будзе дагляд. Дзяржава павінна працаваць з трэцім сэктарам. Многія НДА, я перакананая, хацелі б паўдзельнічаць, каб зьявіліся бэбі-боксы. Многія кантактуюць з замежнымі дабрачыннымі фондамі, але зялёнае сьвятло мусіць даць дзяржава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG