Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас розныя вагавыя катэгорыі» — мэр Кіева, былы баксёр Клічко пра канфлікт з прэзыдэнтам Зяленскім


Віталь Клічко
Віталь Клічко

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі хоча, каб мэра Кіева Віталя Клічко ўжо на бліжэйшым пасяджэньні ўраду пазбавілі паўнамоцтваў кіраўніка Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі. ( Цяпер мэр Кіева аўтаматычна становіцца кіраўніком гарадзкой адміністрацыі). Калі рашэньне прымуць, у Клічко застануцца толькі рэпрэзэнтатыўныя функцыі, а ўплываць на кіраўнікоў раёнаў і дэпутатаў Кіева будзе іншы чалавек. Верагодна, прызначаны офісам прэзыдэнта Ўкраіны.

Клічко назваў гэта спробай узяць пад кантроль кіраўніцтва Кіева, якое выбіраў народ. Пра канфлікт з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім Віталь Клічко распавёў у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода Віталю Портнікаву.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію:

— Мы назвалі тэму «Зяленскі супраць Клічко». І гэта ня проста нейкая мэтафара...

— У нас розныя вагавыя катэгорыі. Калі баксёрскай тэрміналёгіяй.

— Спадар Клічко, гэта канфлікт або працэдурнае жаданьне прэзыдэнта? Вы як гэта ўспрымаеце?

— Заўсёды была вялікая спакуса таго, каб кантраляваць мэра, кантраляваць сталіцу. Ёсьць закон аб сталіцы, дзе ёсьць ключавой тэзіс, што мэр, абраны кіяўлянамі, прызначаецца старшынёй Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі. Выканаўчая і заканадаўчая галіны ўлады аб’ядноўваюцца для таго, каб максымальна эфэктыўна рэалізоўваць свае намаганьні для таго, каб чалавек, якога абіраюць, мог выканаць усе абавязацельствы, якія грамадзтва даручае выконваць кіеўскаму гарадзкому кіраўніку. Ўплыў прэзыдэнта і ўраду на мясцовае самакіраваньне наўпрост супярэчыць Эўрапейскай хартыі.

Якім чынам чалавек, якога прызначаюць зьверху, які не нясе адказнасьці перад кіяўлянамі, зможа выконваць свае паўнамоцтвы, з аднаго боку, а з другога, якім чынам мэр, якога абралі кіяўляне, будзе выконваць паўнамоцтвы, калі ў яго такіх паўнамоцтваў няма? Ён можа там стужкі разрэзаць, кветкі ўскласьці і будзе мець выключна рэпрэзэнтатыўную функцыю.

Вы кажаце: «Зяленскі супраць Клічко». Я лічу, што гэта пытаньне не Клічко. Гэтае пытаньне наогул самакіраваньня... Такога разьмеркаваньня паўнамоцтваў, што мэра абіраюць, а ў яго няма ніякіх паўнамоцтваў, каб рэалізаваць чаканьні жыхароў, якія давяраюць яму рэалізаваць гэтыя паўнамоцтвы, няма ні ў адным эўрапейскім горадзе. Нам трэба, каб самакіраваньне было, і абшчына магла ўплываць на падзеі, якія адбываюцца ў горадзе.

— Калі вы зараз глядзіце на Зяленскага, ці вы ня згадваеце сябе пэрыядаў 2010-2012 гадоў, калі вы прыйшлі са спорту да палітыкі?

— Са спорту да палітыкі я прыйшоў у 2006 годзе. Яшчэ раз хачу нагадаць, што я быў дэпутатам Кіеўскай гарадзкой рады. Я рыхтаваўся. Прыйшоў да палітыкі, быўшы і дэпутатам, і вучыўшыся ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Потым быў народным дэпутатам у 2012 годзе. То бок, гэта ўсё не выпадковыя рэчы.

— Слушна. Але ў любым выпадку гэта быў вопыт, які прыйшлося з чыстага ліста атрымліваць.

— Так.

— Наколькі гэта цяжка? Я проста хачу зразумець для таго, каб прадставіць сабе сытуацыю дзеючага прэзыдэнта.

— Сытуацыю дзеючага прэзыдэнта? У вельмі кароткія тэрміны яму трэба будзе зразумець шмат пытаньняў. І спадзяюся, што дарадцы каля яго будуць дастаткова прафэсійнымі, каб не нарабіць памылак, якія могуць прывесьці да дрэнных наступстваў для ўсёй краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG