Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗеПарашэнка, ЗеГалабародзька. Портнікаў пра будучыню Зяленскага


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Вынікі пазачарговых парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне наўрад ці можна аднесьці да палітычных сэнсацый. Сэнсацыяй была ашаламляльная перамога цяпер ужо (або пакуль яшчэ) былога тэлевізійнага шоўмэна Ўладзіміра Зяленскі на выбарах прэзыдэнта краіны.

Кантроль над парлямэнтам як мэта кожнага прэзыдэнта

А вось пасьля гэтых выбараў трыюмф сьпехам створанай прыхільнікамі новага кіраўніка дзяржавы, дагэтуль існуючай толькі на паперы, партыі «Слуга народа» быў наканаваны. Тым больш у выпадку правядзеньня пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, калі захапленьне з нагоды зьяўленьня новай асобы ў рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы ўсё яшчэ не аціхла.

Зяленскі імкнуўся да правядзеньня гэтых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў яшчэ да перамогі на выбарах кіраўніка дзяржавы, і яго можна зразумець. Украіна — пры ўсіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтвах і ўсім тым нефармальным аўтарытэце, які мае кіраўнік дзяржавы — парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка. Без парлямэнцкай большасьці, без кантролю за ўрадам прэзыдэнт часта аказваецца практычна бездапаможны, што даказалі апошнія гады знаходжаньня на пасадзе кіраўніка дзяржавы першага прэзыдэнта менавіта парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі Віктара Юшчанкі.

Кантроль над парлямэнтам, такім чынам, аказваецца самай першай і самай галоўнай задачай любога новага прэзыдэнта краіны. Пакуль няма канчатковых вынікаў выбараў (асабліва па мажарытарных акругах), цяжка сказаць, ці дамогся гэтага Ўладзімір Зяленскі ў поўнай меры. Але вось што аказваецца відавочным: ён блізкі да такога кантролю.

Як будзе ў Зяленскага

Калі да прыкладна 126 галасоў, якія прэзыдэнцкая партыя атрымае па партыйных сьпісах, атрымаецца далучыць яшчэ сотню галасоў дэпутатаў-мажарытарыяў, тады партыя Зяленскі зможа ўпершыню ў гісторыі сфармаваць аднапартыйную большасьць у Радзе. Калі ж такой колькасьці мандатаў ня будзе, партыі «Слуга народу» давядзецца шукаць падтрымкі іншых партыяў, а гэта ня так проста.

Не таму, што жадаючых стварыць кааліцыю са «Слугой народа» няма (партнэрамі патэнцыйна могуць стаць і партыя вядомага музыканта Сьвятаслава Вакарчука «Голас», і партыя «Бацькаўшчына» былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі), а таму, што ўсе астатнія фракцыі ў парлямэнце будуць вельмі невялікія на фоне «партыі ўлады» і аднаго кааліцыйнага партнэра можа проста не хапіць.

Тут можа пачацца клясычнае ўкраінскае гандляваньне, дзяльба партфэляў, размовы аб «залатой акцыі» — з наступным, таксама звыклым распадам кааліцыі ў выпадку прыняцьця ўрадам непазьбежных непапулярных рашэньняў.

Але ў любым выпадку сумнявацца ў тым, што Зяленскі парлямэнцкую кааліцыю сфармуе і што большасьць у яго будзе — не даводзіцца.

Пасьля фармаваньня кааліцы пачнецца гандляваньне

Самае цікавае, вядома ж, пачнецца пасьля фармаваньня парлямэнцкай кааліцыі. Як і пасьля абраньня Зяленскага прэзыдэнтам, мы практычна нічога ня ведаем аб новым кіраўніцтве Ўкраіны. Ні таго, хто будзе новым прэм’ер-міністрам, ні таго, хто будзе новым міністрам абароны, ні кандыдатур іншых ключавых міністраў, ні таго, хто будзе новым сьпікерам парлямэнту, ні таго, хто нават будзе новым амбасадарам у Злучаных Штатах (прызначэньне якога для Ўкраіны можна параўнаць з прызначэньнем міністра абароны).

На ўсе пытаньні ў прэзыдэнта і супрацоўнікаў яго офісу адзін і той жа адказ: кандыдатуры вывучаюцца. Зрэшты, адразу ж пасьля парлямэнцкіх выбараў Зяленскі калі не назваў імёны, то прынамсі загаварыў пра тэхнакратычным ўрадзе. І гэтым яшчэ раз даказаў дзіўнае падабенства сваіх падыходаў з падыходамі свайго папярэдніка Пятра Парашэнкі.

У публічнай плашчыне Зяленскі працягвае ўдала граць ролю прэзыдэнта Галабародзькі з кінасэрыялу «Слуга народу», а ў палітычнай плашчыне выконваць ролю Парашэнкі яму ўдаецца не нашмат горш.

Зяленскі як клон Парашэнкі

У 2014 годзе Парашэнка таксама стаў нечаканым кандыдатам і пераможцам на выбарах прэзыдэнта, бо яшчэ ў апошнія дні Майдану абмяркоўваліся іншыя кандыдатуры. У прэзыдэнцкай адміністрацыі (як пасьля абраньня Парашэнкі, так і пасьля абраньня Зяленскага) на адказных пасадах зьявіліся блізкія да новага кіраўніка дзяржавы людзі, якім ён давяраў ў сваім папярэднім жыцьці.

Партыя прэзыдэнта ў 2014 годзе ўзьнікла літаральна ніадкуль, але дзякуючы даверу да Парашэнкі гэтаму новаму фармаваньню ўдалося стварыць самую вялікую па колькасьці мандатаў фракцыю ў парлямэнце (хоць да посьпеху «Слугі народу» Блёку Пятра Парашэнкі было далёка).

Пяць гадоў таму таксама казалі пра новыя асобы. Склад парлямэнту абнавіўся больш чым напалову. А калі прыйшла пара рэкамэндаваць міністраў ва ўрад, ад партыі прэзыдэнта былі прапанаваны тэхнакраты, нават іншаземцы, якіх сама ж гэтая партыя потым люта крытыкавала. Зяленскі, дарэчы, працягвае чэрпаць кадры з гэтай «тэхнакратычнай» кагорты Парашэнкі: прапанаваны Блёкам Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе на пасаду міністра эканомікі Айварас Абрамавічус цяпер узначаліў наглядальную раду «Украбаронпрому» і лічыцца адным з кандыдатаў на пасаду прэм’ера.

З каго спытае народ

Прафэсійных кіраўнікоў, палітыкаў Парашэнка ўвёў у адміністрацыю і кабінэт міністраў толькі праз два гады пасьля свайго абраньня.

Магчыма, у гэтым і складаецца новая старая ідэя цяперашняга кіраўніка дзяржавы — перадаць уладу тэхнакратам, ускласьці на іх адказнасьць за прыняцьце непазьбежных непапулярных рашэньняў у палітыцы фі эканоміцы, растлумачыць іх нядбайнасьцю і «абыякавасьцю да народу» невыкананьне тых спадзяваньняў, якія сёньня выбаршчык ускладае на Зяленскага і яго партыю, а потым, празь некалькі гадоў, пачаць «выпраўляць памылкі» сваіх прызначэнцаў.

Аднак палітычны лёс таго ж Парашэнкі паказвае, што гэта небясьпечны шлях. Украінскі народ па-ранейшаму будзе ацэньваць па гамбурскім рахунку не парлямэнт, ня ўрад, не тэхнакратаў, а самога прэзыдэнта. Слугу народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG