Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Кіева Клічко прапанаваў Саакашвілі стаць кіраўніком ягонай партыі


Мэр Кіева Віталь Клічко (справа)
Мэр Кіева Віталь Клічко (справа)

Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ягоная палітычная партыя «Удар» будзе браць удзел у пазачарговых парлямэнцкіх выбарах і прапанаваў Міхэілу Саакашвілі, які нядаўна вярнуўся ва Ўкраіну, стаць кіраўніком партыі і «аб’яднаць намаганьні дзеля хуткіх і эфэктыўных зьменаў», паведамляе «Настоящее время».

«Я бачыў сёньня зварот Саакашвілі, палітычнай сіле якога стварылі перашкоды для ўдзелу ў выбарах. Таму я гатовы падставіць сваё палітычнае плячо, — заявіў палітык. — Перакананы, такі наш саюз падвоіць намаганьні дзеля пераменаў у краіне. І разам у нас ёсьць плян зьмяненьняў і людзі, якія здольныя іх ажыцьцявіць».

Саакашвілі перад гэтым напісаў у «Фэйсбуку», што «зь Віталём Клічко агледзелі новы мост і Алею мастакоў. Ну рэальна крута!»

Міхэіл Саакашвілі вярнуўся ва Ўкраіну 29 траўня, на наступны дзень пасьля таго, як прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі вярнуў яму грамадзянства краіны, адабранае папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Адразу пасьля вяртаньня ён заявіў, што ў яго няма «асабістых прафэсійных амбіцый» ва Ўкраіне і ён ня хоча займаць якую-небудзь дзяржаўную пасаду. Але створаная ім і ягонымі паплечнікамі партыя «Рух новых сіл» раніцай 29 траўня ўжо абвясьціла, што пойдзе на выбары ў Раду.

Партыя «УДАР» разам з «Салідарнасьцю» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2014 году была часткай таго, што ў выніку стала называцца «Блёкам Пятра Парашэнкі». Палітолягі тлумачылі, што тады дзьве палітычныя сілы падзялілі зоны ўплыву: на пасаду кіраўніка дзяржавы вылучылі адзінага кандыдата Пятра Парашэнкі, а на пасаду мэра Кіева — Віталя Клічко.

Пазьней, на парлямэнцкіх выбарах, «УДАР» павінен быў атрымаць палову месцаў у сьпісе «Блёка Пятра Парашэнкі», але прапорцыя не была выкананая: большасьць атрымалі прыхільнікі прэзыдэнта. У выніку з 2017 году шляхі былых саюзьнікаў разышліся, а партыя мэра Кіева страціла шмат прыхільнікаў у рэгіёнах.

Пазачарговыя выбары ў парлямэнт Украіны прызначаныя на 21 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG