Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што мае ў Расеі рэйтынг 60%


Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс на сустрэчы ў Менску
Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс на сустрэчы ў Менску

На сустрэчы зь міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам 26 ліпеня Аляксандар Лукашэнка выказаўся як пра беларуска-літоўскія, так і пра беларуска-расейскія стасункі.

Таваразварот між Беларусьсю і Латвіяй у 600 млн даляраў ён назваў вельмі маленькім з улікам магчымасьцей дзяржаваў, а таксама заявіў, што «не хацеў бы, каб палітыка пераважала эканоміку».

«Калі нейкія краіны нас не разумеюць і не ўспрымаюць у гэтым пляне, і гэта ўплывае на эканоміку Беларусі, вядома, мы будзем шукаць лепшыя варыянты», — заявіў Лукашэнка Рынкевічсу, дадаўшы, што якраз з Латвіяй «няма асаблівых праблемаў».

Ён пацьвердзіў, што зьбіраецца ў бліжэйшы час наведаць Латвію, «пабачыць сучасную Рыгу».

Расейскія выданьні перадаюць і выказваньні Лукашэнкі пра Расею з сустрэчы з Рынкевічсам.

«Мы хочам добрых стасункаў з Заходняй Эўропай, Эўразьвязам, ЗША, разумеючы, што значыць ЭЗ і Амэрыка, але мы ніколі ня станем рваць нашыя стасункі, ні за якія грошы, з братняй Расеяй», — цытуе Лукашэнку ТАСС.

Паводле выданьня, Лукашэнка заявіў, што ягоны рэйтынг у Расеі – «за 60%», і «гэта наша Расея, гэта нашы людзі, якія нас паважаюць», але падкрэсьліў, што ня варта слухаць «розныя разважаньні, што мы туды-сюды, ад кагосьці залежныя».

«Сьвет узаемазалежны: вы ад кагосьці залежыце, мы ад кагосьці залежым, ад нас нехта залежыць, так магу сказаць пра Латвію, Літву, Эстонію, — пераконваў Лукашэнка Рынкевічса ў тым, што Беларусь гэта незалежная дзяржава. — Мы невялікія дзяржавы, хоць маленькіх дзяржаваў не бывае, таму што ўсе народы роўныя, мы з таго таксама зыходзім: ня можа пераважаць дзяржава па плошчы або насельніцтву велізарнае над кімсьці, я гэта наогул не ўспрымаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG