Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе згвалтаваньне


Кевіна Спэйсі апраўдалі ў судзе. Яго віна ў канкрэтным выпадку, дзе мужчына абвінавачваў актора ў сэксуальных дамаганьнях, не была даказаная, і гэта выклікала новую хвалю абмеркаваньняў таго, як грамадзтва рэагуе на сэксуальны гвалт і ўсё зь ім зьвязанае.

«Ды яны проста хочуць грошай» — такая заява гучыць ня толькі тады, калі суд кагосьці апраўдвае, але ўвогуле кожны раз, калі чалавек хоча атрымаць матэрыяльную кампэнсацыю за перажытыя дамаганьні і гвалт. Нават калі ў гісторыю пра гвалт вераць, жаданьне кампэнсацыі ўсё адно лічыцца нечым няправільным і непрыстойным.

Справа ў тым, што паводле няпісаных правілаў існуе вобраз ідэальнай ахвяры. Дакладней, ёсьць два такія вобразы: чалавек мусіць быць або цалкам зламаным і пажыцьцёва пакутаваць, або павінен стаць «вышэй за гэта ўсё» — насуперак перажытаму быць надзвычай пасьпяховым і нават крыху ўдзячным гвалтаўніку, бо «тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі».

Жаданьне, каб злачынца быў пакараны і выплаціў матэрыяльную кампэнсацыю ня надта ўпісваюцца ў гэтыя сцэнары, бо калі ахвяра зусім зламаная, ёй нібыта не да судоў, а калі працягвае «проста жыць далей» — дык навошта варушыць былое? У межах гэтай лёгікі аказваецца, што заяўляць на гвалтаўнікоў нібыта можна толькі дзеля іншых патэнцыйных ахвяраў.

Гэта ж распаўсюджаны сцэнар: ахвяра не хоча ісьці ў міліцыю і распачынаць сьледзтва, але ёй ці яму пачынаюць ціснуць на пачуцьцё віны. Кажуць, што трэба пісаць заяву, каб злачынцу пасадзілі і каб ён не нашкодзіў камусьці яшчэ. Больш за тое, калі ахвяра ўсё ж адмаўляецца ісьці ў міліцыю, яе ці яго загадзя абвінавачваюць ва ўсіх наступных злачынствах таго чалавека: «Ты можаш спыніць злачынцу, але даеш яму магчымасьць гвалціць і надалей!».

Але што адбываецца, калі ахвяра ідзе і ў міліцыю, і потым у суд, але пры гэтым адкрыта кажа ня толькі пра жаданьне ўберагчы іншых ад бяды, але і пра сваё жаданьне атрымаць кампэнсацыю? Рыторыка ўчорашніх аматараў судовых разбораў рэзка зьмяняецца, і аказваецца, што калі гаворка ідзе пра грошы, дык штосьці тут ня так.

Але што менавіта ня так з тым, што ахвяры злачынства хочуць кампэнсацыі? Калі б у мяне была магчымасьць спагнаць грошы з чалавека, які гвалціў мяне, калі я была падлеткам, я б з радасьцю адабрала ў яго ўсё. Я б траціла гэтыя грошы на псыхатэрапію, лячэньне ад посттраўматычнага разладу, вандроўкі, кнігі, масаж і палёты на дэльтапляне. Але ў мяне, як і ў шматлікіх іншых жанчын, няма магчымасьці хоць штосьці атрымаць ад крыўдзіцеля, і мы вымушаны сваімі сіламі і за свае грошы змагацца з наступствамі гвалту.

Я не магу даць сабе час «проста загойваць раны», бо мне трэба працаваць і забясьпечваць сябе ўжо цяпер. І калі б крыніцай маіх праблем была буйная карпарацыя, і я хацела б спагнаць зь яе грошы, наўрад ці б некага гэта абурыла. Калі б вінаватай у маіх бедах была дзяржава, маё жаданьне атрымаць кампэнсацыю мела б вялізную грамадзкую падтрымку.

Але што будзе, калі я заяўлю, што хачу грошай ад гвалтаўніка, празь якога я ўжо гадоў дзесяць рэгулярна сутыкаюся з флэшбэкамі і маю шэраг праблем з псыхалягічнай устойлівасьцю, хоць і вяду даволі актыўнае сацыяльнае жыцьцё (што значыць, ня ўпісваюся ў вобраз цалкам зламанай ахвяры)?

Не, ну блізкія сяброўкі мяне, канечне, падтрымаюць. Але вельмі хутка пачнуць зьяўляцца людзі, якія будуць запытвацца, а ці не шукаю я просты спосаб падзарабіць. І я магу доўга тлумачыць ім, што з прычыны траўмаванасьці мне даводзіцца выдаткоўваць больш сілаў на самыя простыя дзеяньні і што жаданьне хоць неяк гэта кампэнсаваць — гэта цалкам нармальнае жаданьне, але наўрад ці ў тлумачэньнях будзе нейкі сэнс.

Перажыты гвалт не надзяляе ахвяру нейкімі звышнатуральнымі сіламі, якія дапамагаюць пераадольваць жыцьцёвыя цяжкасьці. Наадварот, ён надае цяжкасьці самым простым рашэньням і дзеяньням. Дык што ж кепскага ў тым, каб атрымаць за гэта хоць нейкую кампэнсацыю?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG