Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчат, якіх вінавацяць у забойстве бацькі-садыста, няма за што караць


Адну зь сёстраў Хачатур'ян вядуць у суд, архіўнае фота.

Я часта бачу, як дарослыя і адукаваныя людзі цалкам сур’ёзна кажуць, што фэмінізм ужо перамог. І вось мы жывем у гэтым сьвеце, дзе жанчын нібыта ніхто ніяк не ўціскае і не дыскрымінуе. У сьвеце, дзе з нас могуць зьдзекавацца гадамі, а калі мы нарэшце абаронім сябе ад зьдзекаў, нас будуць судзіць як самых звычайных забойцаў. І ў нашую падтрымку будзе выказвацца зусім маленькая частка грамадзтва, бо большасьць людзей будзе ўпэўнена, што іх гэта ня тычыцца.

Сёстры Хачатур'ян у Маскве гадамі цярпелі псыхалягічны, фізычны і сэксуальны гвалт. Бацька выгнаў з дому іх старэйшага брата, іх маці, ім самім фактычна не даваў наведваць школу, біў іх і гвалціў. Аднойчы яны не вытрымалі і забілі яго, і цяпер іх судзяць за забойства групай асобаў па папярэдняй змове. Судзяць так, нібыта яны пачвары, якія забілі ні ў чым не вінаватага чалавека і ўвогуле ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва.

Гэтым судом расейская дзяржава літаральна расьпісваецца ў сваёй бесчалавечнасьці, а нашая ціхенечка стаіць побач. Моўчкі падтрымлівае.

Гэта неверагодны цынізм: спачатку дзяўчатам не аказалі ніякай падтрымкі, а цяпер робяць зь іх жорсткіх забойцаў. І кажуць, што яны павінны былі сысьці, павінны былі знайсьці іншы спосаб выратавацца, што чалавечае жыцьцё бясцэннае ў любым выпадку, і што хай, вядома ж, бацька зь іх і зьдзекаваўся, але... І за гэтым «але» ідуць самыя розныя аргумэнты, заснаваныя на ідэі, што ахвяры сыстэматычнага гвалту з боку ўласнага бацькі павінны былі быць разважлівымі, думаць рацыянальна і праяўляць гуманнасьць.

Але яны яму нічога ня вінныя. Гэта грамадзтва віннае ім – прытулак, рэабілітацыю, псыхалягічную і матэрыяльную падтрымку. Я ня ведаю, ці можна прыдумаць справядлівую кампэнсацыю для гэтых дзяўчат, але ніхто і не спрабуе гэтага зрабіць: іх будуць не рэабілітаваць, а судзіць.

Што тычыцца розных дзяржаўных інстытуцый, якія мусілі своечасова абараніць дзяўчат ад зьдзекаў, дык іх ніхто ня судзіць і, здаецца, не зьбіраецца. Паліцыя сьцьвярджае, што нагодаў умешвацца ў справы сям’і не было, бо дзяўчаты не падавалі заяваў супраць бацькі.

Вам гэтая рыторыка нічога не нагадвае?

Так, у Беларусі дзяржава кіруецца той жа самай лёгікай: зьдзекавацца зь людзей, вядома ж, ня вельмі добра, але што паробіш. А вось абараняцца ад агрэсараў трэба вельмі-вельмі асьцярожна, каб суд не палічыў вашыя дзеяньні наўмысным прычыненьнем шкоды здароўю, спробай забойства альбо наўмысным забойствам.

У нас няма і не прадбачыцца закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, дагэтуль лічыцца прыстойным задаваць пытаньні накшталт «а чаму яна не сышла?», можна біць родных і заставацца пры гэтым паважаным чалавекам.

Грамадзтва дазваляе агрэсарам быць нелягічнымі і жорсткімі, але літаральна пад лупай разглядае кожнае (ня)дзеяньне іх ахвяраў: а ці зрабілі яны ўсё магчымае і немагчымае, каб не правакаваць гвалт, а ці дастаткова моцны ў іх характар, каб выгнаць агрэсара пасьля першага ж удару, а ці ўмеюць яны сілай думкі кантраляваць дзеяньні садыста, і як гэта яны пасьмелі ня ўмець так рабіць?

Я разумею, што ў гісторыях накшталт гісторыі сям’і Хачатур'ян шмат каму хочацца знайсьці нейкую залатую сярэдзіну паміж тым, каб выказаць падтрымку дзяўчатам, і тым, каб нагадаць, што забіваць нельга. Але гэта той самы выпадак, калі адшукаць кампраміс не атрымаецца: вы можаце альбо лічыць, што дзяўчаты заслугоўваюць пакараньня, альбо быць упэўненымі, што ім трэба дапамога і рэабілітацыя. Трэба абраць нешта адно.

Я адназначна абіраю другі варыянт. Іх няма за што караць, у іх можна толькі бясконца прасіць прабачэньня за тое, як навакольныя дапусьцілі ўвесь гэты жах, ім трэба толькі дапамагаць жыць далей.

А турма, я ўпэўнена, іх не палохае. Пасьля таго, што зрабіў з імі бацька, іх ужо нічым не напалохаць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG