Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 лютага cацыяльна небясьпечным становішча вызначаюць па-новаму. Якая роля лекараў, мільцыянтаў, настаўнікаў


Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 лютага прызнаваць дзяцей тымі, што апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, будуць па новых крытэрыях, вызначаных пастановай ураду № 22. Дзякуючы зьменам цяперашняе знаходжаньне 24 тысяч дзяцей у такім статусе да 1 жніўня перагледзяць, і, як спадзяюцца спэцыялісты, многіх пазбавяць такога азначэньня і адпаведна – кантролю за сям'ёй, паведамляе газэта «Звязда.

Інструкцыя № 47 ад 2004 года Міністэрства адукацыі не ўлічвала нормаў многіх заканадаўчых актаў, што былі прынятыя пазьней, таму патрабавала перагляду, адзначыла ў інтэрвію газэце «Звязда» Алена Сімакова, галоўная спэцыялістка ўпраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай работы галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі:

— Малыя прызнаюцца тымі, якія апынуліся ў СНС толькі тады, калі бацькі не выконваюць свае абавязкі належным чынам, чым ствараюць неспрыяльны для дзяцей асяродак і небясьпеку іх жыцьцю і здароўю. У пастанове № 22 раскрываюцца парадак і тэрміны выяўленьня дзяцей у СНС і нязручных для іх абставін як першага кроку да вызначэньня наяўнасьці сацыяльна небясьпечнага становішча ў сям’і.

Калі нездаровыя прыкметы знойдуцца, адпаведны дакумэнт накіруюць у органы адукацыі, дзе яго вывучаць і прааналізуюць, аднак гэта не азначае аўтаматычнага прысваеньня сямʼі статусу СНС. Пэдагогі павінны адрэагаваць на сыгнал і правесьці «сацыяльнае расьсьледаваньне» — такое дзеяньне як тэрмін упершыню замацавалі заканадаўча ў пастанове № 22. Абстаноўку ў сямʼі павінны праверыць цягам 15 дзён.

Расьсьледаваньнем будуць займацца не адны толькі пэдагогі, а і іншыя органы, што павінны абараняць правы і інтарэсы дзяцей. Вынікі расьсьледаваньня разгледзяць на пасяджэньні савету ўстановы адукацыі па прафіляктыцы злачынстваў і правапарушэньняў непаўналетніх, каб вынесьці вэрдыкт пра наяўнасьць сацыяльна небясьпечных крытэрыяў, тлумачыць выданьне.

Пры гэтым на пасяджэньне абавязкова запросяць бацькоў, каб яны ня толькі ведалі, але і чулі, што адбываецца ў дачыненьні да іх сямʼі. І тут ужо ім вырашаць: ці прымаць меры па выпраўленьні, ці не мяняць сваё стаўленьне да жыцьця і дзяцей.

— У многім зыходзячы з жаданьня і адказу бацькоў савет прафіляктыкі вырашае: накіраваць матэрыялы аб прызнаньні дзіцяці тым, якое апынулася ў СНС, у каардынацыйны савет, створаны выканкамам у кожнай мясцовасьці, або накіраваць бацькоў па аказаньне сацыяльнай дапамогі ў адпаведны дзяржорган, — заўважыла Алена Сімакова. — Пры гэтым бацькі павінны самі напісаць заяву ў дзяржаўны орган, які аказвае сацыяльныя паслугі, каб атрымаць іх. Гэта таксама новая магчымасьць, замацаваная заканадаўча для бацькоў, якія жадаюць праявіць актыўную жыцьцёвую пазыцыю і гатоўнасьць стварыць для дзіцяці нармальныя ўмовы жыцьця. Такім чынам яны ўжо прымаюць меры, каб іх сямʼю не прызналі ў СНС... Больш дакладная, ясная, зразумелая, з пэўна вызначаным парадкам работа на этапе прызнаньня дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, дазволіць зрабіць адабраньне малых зь сямʼі мінімальным, — дадала прадстаўніца міністэрства адукацыі. — Па даных на канец мінулага года, дарэчы, у параўнаньні з 2010-м удвая зьменшылася колькасьць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены правоў на малых.

Пры распрацоўцы пастановы № 22 улічваліся таксама факты неабгрунтаванага прызнаньня дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, і тымі, каму патрабуецца абарона дзяржавы, у тым ліку і на падставе заключэньняў урачэбных камісій.

— На месцах не заўжды правільна трактавалася Інструкцыя № 47, якой кіраваліся таксама і супрацоўнікі аховы здароўя пры выяўленьні прыкмет СНС, — заўважыла Ганна Котава, галоўная пазаштатная спэцыялістка Міністэрства аховы здароўя па амбуляторна-клінічнай дапамозе дзецям. — Нашы работнікі пры аказаньні дапамогі дома зьвярталі ўвагу на сямейна-бытавыя ўмовы, якія маглі сьведчыць пра існаваньне патэнцыйна дрэннага становішча для цяжарнасьці або жыцьця і здароўя непаўналетняга.

Пастанова № 22 дакладна вызначыла крытэрыі, па якіх цяпер павінны працаваць мэдыкі, — гэта калі бацькі сыстэматычна не выконваюць рэкамэндацыі мэдработнікаў па дыягностыцы, лячэньні або рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыцьцю ці здароўю.

— Новая роля зьявіцца ва ўрача-пэдыятра і тэрапэўта — функцыя ўрача-экспэрта, які павінен будзе вызначыць наяўнасьць пагрозы жыцьцю і здароўю дзіцяці, — дадала яна. — Пры гэтым з 24 тысяч дзяцей у СНС 1913 малых было выяўлена мэдыкамі, а ўсяго з боку ўрачоў было даслана больш як 9000 рэагаваньняў.

Трэба адрозьніваць, што сыстэматычнае адмаўленьне ад антыбіётыкаў пры прастудах — не падстава для рэагаваньня, а вось адмова ад іх пры пнэўманіі — крок да СНС. Поўнае непрыманьне прышчэпак, якія адносяцца да прафіляктычных мер, таксама не прывядзе да прызнаньня дзіцяці тым, якое знаходзіцца ў небясьпецы.

Роля праваахоўных органаў пры выяўленьні дзяцей, якія трапілі ў сацыяльна небясьпечнае становішча, цяпер будзе жорстка вызначана і зьвядзецца да прафіляктычнай работы з бацькамі, калі яны стаяць на прафіляктычным уліку, і непаўналетнімі, калі на тое маюцца заканадаўчыя падставы. А таксама пры разглядзе скаргаў ад суседзяў.

У сваю чаргу, спэцыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва выяўляюць дзяцей, што апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, падчас гутарак з людзьмі, якія зьвяртаюцца да іх: пры аказаньні сацыяльных паслуг дома, назначэньні сацыяльнай, адраснай дапамогі, пэнсій, абсьледаваньні ўмоў пражываньня, выдачы пасьведчаньня шматдзетнай сямʼі. Аналізуюць настрой, паводзіны і стасункі бацькоў і дзяцей і робяць адпаведныя вывады, піша «Звязда».

***

Савет Міністраў Беларусі 15 студзеня вызначыў парадак прызнаньня сацыяльна небясьпечнага становішча дзяцей, піша ​Pravo.by.

Якія крытэры сацыяльна небясьпечнага становішча?

  1. Незадавальненьне бацькамі асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (пакіданьне бяз ежы, перашкоды атрыманьня абавязковай агульнай базавай адукацыі, сыстэматычнае невыкананьне рэкамэндацый мэдыкаў па дыягностыцы, лячэньню ці мэдычнай рэабілітацыі, што пагражае яго жыцьцю і здароўю і іншыя);
  2. Незабесьпячэньне бацькамі нагляду за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцьця, праз што дзіця зьдзяйсьняе правапарушэньні;
  3. Вядзеньне бацькамі амаральнага ладу жыцьця, злоўжываньне сваімі правамі ці жорсткае стаўленьне да дзіцяці, якія нясуць небясьпеку жыцьцю і здароўю дзіцяці.

Пастановай Савету Міністраў таксама рэгулююцца працэсы:

  • Выяўленьня дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы;
  • Арганізацыі і правядзеньня сацыяльнага расьсьледаваньня (вывучэньне становішча і абсьледаваньне ўмоваў жыцьця і выхаваньня дзіця);
  • Прыняцьця рашэньня аб прызнаньні дзіця зьмешчаным у сацыяльна небясьпечнае становішча, кантроль за яго выкананьнем і абскарджаньне такога рашэньня;
  • Рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю сацыяльна небясьпечнага становішча і забесьпячэньне кантролю за ўмовамі ўтрыманьня, адукацыі дзяцей.

У 2018 годзе пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заяўляў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць».​

Ці праўда, што ў краінах з узаконенымі аднаполымі шлюбамі нараджаюць менш, чым у Беларусі?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG