Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы занялі другое месца, і я засмуціўся». Суд над хакеістам, якога злавілі з наркотыкамі


Абвінавачаны Мікіта Макарчык

Былы гулец моладзевай каманды «Юнацтва» абвінавачваецца паводле 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Гэтая гісторыя пачалася позьнім вечарам 1 красавіка 2019 году. Міліцэйскі патруль з Цэнтральнага РУУС Менска сустрэў на праспэкце Пераможцаў двух хлопцаў спартовага выгляду. Хлопцы, заўважыўшы міліцыянтаў, захваляваліся і пачалі нешта хаваць па кішэнях. А калі патруль папрасіў паказаць, што тыя хаваюць, дасталі плястыкавыя кантэйнэры з прасаваным рэчывам расьліннага паходжаньня і шкляныя трубкі. Пазьнейшая экспэртыза паказала, што прасаванае рэчыва — гэта гашыш і насвай. Абодвух хлопцаў затрымалі. Яны аказаліся нападнікам і абаронцам менскага хакейнага клюбу «Юнацтва».

Загарадная вечарынка аднаклюбнікаў

Паводле афіцыйнага паведамленьня на сайце МУС, апублікаванага неўзабаве пасьля сустрэчы хакеістаў зь міліцыянтамі на прасьпэкце Пераможцаў, наркотыкі ў ХК «Юнацтва» ўжывалі ня толькі затрыманыя.

Пракурор
Пракурор

«Супрацоўнікі аддзяленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Цэнтральнага РУУС высьветлілі, што да распаўсюджваньня наркотыку непасрэднае дачыненьне маюць яшчэ два хакеісты клюбу, іх затрымалі на наступны дзень, — паведамляла міліцыя. — Таксама была атрыманая інфармацыя, што канфіскаваны гашыш — рэшткі пасьля нядаўняй загараднай вечарынкі аднаклюбнікаў... Праваахоўнікі будуць высьвятляць схемы распаўсюджваньня наркотыку ў камандзе, наколькі доўга і рэгулярна яе чальцы ўжывалі забароненыя рэчывы, якое кола хакеістаў (і ня толькі іх) удзельнічала ў гэтым».

Неўзабаве пасьля гэтага на шэрагу спартовых сайтаў зьявілася інфармацыя, што ўсе затрыманыя зьяўляюцца гульцамі моладзевай каманды «Юніёр», якая ўваходзіць у структуру ХК «Юнацтва». Таксама стала вядома, што маладых хакеістаў выпусьцілі з-пад варты, узяўшы абавязаньне аб яўцы на патрабаваньне сьледчых.

«Я больш так ня буду»

15 ліпеня стала вядома, што першае судовае паседжаньне ў справе аб наркотыках у хакейным клюбе «Юнацтва» адбудзецца 18 ліпеня. Пры гэтым з паведамленьня прадстаўніцы Вярхоўнага суду Настасьсі Шыльвян вынікала, што на лаве падсудных толькі адзін з чатырох хакеістаў, пра якіх у красавіку расказала міліцыя.

«Суд Цэнтральнага раёну Менску пачынае судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні М., — гаварылася ў паведамленьні. — На момант затрыманьня — спартоўца-інструктара хакейнага клюба „Юнацтва-Менск“. Аб незаконным абарачэньні наркотыкаў (абвінавачваецца ў набыцьці гашышу масай больш за 0,07222 грама, яго захоўваньні і перавозцы па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь)».

Працэс пачаўся ранкам 18 ліпеня ў судзе Цэтральнага раёну. Абвінавачаны Мікіта Макарчык прыйшоў на паседжаньне самастойна, разам з адвакатам.

Мікіта Макарчык
Мікіта Макарчык

Падчас прамовы пракурора высьветлілася, што кожнага з затрыманых паводле 328-га артыкулу хакеістаў хакейнага клюбу «Юнацтва» будуць судзіць асобна. Макарчыка абвінавацілі ў частцы 1 артыкулу 328.

«Першага красавіка я прыйшоў на трэніроўку, — пачаў расказваць сваю гісторыю хакеіст. — Патрэнаваліся, потым адзін з аднаклюбнікаў, Шумейка, прапанаваў мне ды іншым хлопцам гашыш. Гэта здарылася ў сушылцы пасьля трэніроўкі. Ён проста даў нам плястыкавы кантэйнэр. Я ўзяў. Разам з другім аднаклюбнікам мы пасьля пайшлі ў горад, паелі ў адным з рэстаранаў сеткі хуткага харчаваньня, выпілі піва. Пасьля гэтага вырашылі пакурыць гашыш. Набылі ў аптэцы для гэтай мэты шкляныя піпеткі. Пайшлі за кінатэатар „Масква“ і там зрабілі некалькі зацяжак. Потым нас затрымаў патруль».

Абвінавачаны Макарчык 1999 году нараджэньня з Горадні. Хакеем займаецца з 6 гадоў. Адвакат Макарчыка зьвярнула ўвагу судзьдзі на тое, што ён паходзіць са шматдзетнай сям’і (мае траіх малодшых братоў і сясьцёр), выхоўваўся бацькам, маці памерла, калі абвінавачанаму было 6 гадоў. Пасьля 1 красавіка хакеіста адхілілі ад працы з камандай, ён трэнуецца самастойна двойчы на дзень 6 дзён на тыдзень.

«Гэта быў першы раз, калі я паспытаў наркотыкі, — сказаў у сваё апраўданьне абвінавачаны. — Я не адчуў ніякага эфэкту. Мы напярэдадні занялі другое месца ў чэмпіянаце, крыху засмуціўся. Я больш ня буду так рабіць, абяцаю».

На ўдакладняльныя пытаньні пракурора пра тое, адкуль ён ведаў пра спосаб курэньня гашышу з дапамогай шкляной піпеткі, Макарчык патлумачыў, што ўсяму яго навучыў аднаклюбнік Шумейка.

Сьведкі ў суд не зьявіліся. Паводле матэрыялаў справы, іх больш за пяць чалавек. Некаторыя таксама зьяўляюцца хакеістамі «Юнацтва». Пракурор не настойвала на абавязковай яўцы сьведак на працэс. Разгляд справы заняў крыху больш за 30 хвілін.

Пракурор папрасіла пакараць Макарчыка 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы пазбаўленьня волі.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG