Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі: Канцэпт далейшых прапановаў для «саюзнай дзяржавы» ўзгоднены «ў прынцыпе»


Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты, архіўнае фота

Беларускі міністар эканомікі Дзьмітры Круты на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі 17 ліпеня расказаў аб працы для «паглыбленьня інтэграцыі» перад сустрэчай Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

«Для прэзыдэнта, безумоўна, падрыхтаваны пакет прапановаў для перамоваў, — перадае БелТА словы Крутога. — Рабочая група тыя варыянты праграмаў, якімі кіраўнікі дзяржаваў абмяняліся ў траўні, натуральна, адпрацавала. Я лічу, у прынцыпе, канцэпт далейшай працы на сёньняшні дзень узгоднены».

Лукашэнка і Пуцін на перамовах, што маюць прайсьці 17 і 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе, будуць абмяркоўваць гэтыя прапановы, лічыць Круты, і «ёсьць розныя варыянты вырашэньня асобных пытаньняў».

***

Аналітыкі адзначаюць, што ўжо больш як тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але іх зьмест зьяўляецца дзяржаўнай тайнай, абодва бакі ўсяляк утойваюць іх ад грамадзкасьці.

Рэалізацыя дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году, у тым ліку агульныя валюта, суд і мытня – менавіта тое, што ў канцы мінулага году прапаноўваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG