Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі вакзал «замінавалі» праз таксафон. Колькі іх у Беларусі?


Таксафон, архіўнае фота

Чарговае паведамленьне пра бомбу ў Беларусі было атрымана 16 ліпеня: як піша ў Telegram прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава, вакзал у Баранавічах «замінавалі» з таксафона.

З вакзалу давялося эвакуяваць 70 чалавек, бомбу не знайшлі. На месцы здарэньня працуе сьледчая група і транспартная міліцыя, затрыманы мужчына 1980 году нараджэньня.

Днём раней невядомыя паведамілі пра бомбы ў абласных камітэтах БРСМ, але выбухоўкі там не знайшлі. У канцы траўня так «замінавалі» Нацбанк. У першыя чатыры месяцы па Беларусі прайшла хваля «фальшывых мінэраў»: за былі заведзеныя 19 крымінальных справаў за фальшывае паведамленьне пра небясьпеку, калі за ўвесь папярэдні год такіх было толькі 23.

Праваахоўнікі абавязаныя правяраць любое такое паведамленьне, колькі б не было сумневаў у праўдзівасьці зьвестак. Штораз яны вымушаныя перакрываць доступ людзей у месцы, дзе нібыта ёсьць бомба, а сапэры вымушаныя шукаць выбухоўку, пакуль ня будзе поўнай упэўненасьці ў яе адсутнасьці.

За «заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку» крымінальная адказнасьць надыходзіць з 14 гадоў. Паводле ч.1 арт. 340 КК РБ можа пагражаць штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў або да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксафоны яшчэ ёсьць?

Так, каля тысячы. Дакладна ня менш за 700.

З распаўсюдам мабільнай сувязі колькасьць таксафонаў — платных стацыянарных вулічных тэлефонаў — паступова зьмяншалася. Актуальную статыстыку іх колькасьці не публікуюць, але на пачатку 2018 году таксафонаў у Беларусі налічвалася 1222 (каля 250 у Менску), а за год плянавалася адключыць 111. Сьцьвярджалася, што за сьнежань 2017-га апаратамі скарысталіся 4616 разоў.

Пры тым некаторыя апараты могуць толькі адпраўляць тэлефанаваньні, а на некаторыя можна і патэлефанаваць зь іншага нумару. Апаратаў з уваходнай сувязьзю цяпер 56 у Менску, 642 па астатняй краіне.

Ды каб скарыстацца імі, трэба набываць адмысловыя карткі аплаты, а мінулай вясной Onliner.by сьцьвярджаў, што знайсьці такія атрымалася толькі ў Галоўпаштамце, хоць Белтэлекам заяўляў, што яны прадаюцца ў «Белпошце» і кіёсках «Менсктрансу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG