Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася мапа 4G-пакрыцьця Беларусі. У Драздах ня ловіць. А ў вас?


Пакрыцьцё 4G LTE-сеткі ў Беларусі па стане на 15 ліпеня
Пакрыцьцё 4G LTE-сеткі ў Беларусі па стане на 15 ліпеня

Інфраструктурны апэратар BeCloud апублікаваў у разьдзеле «Аб LTE Advanced» мапу пакрыцьця тэрыторыі Беларусі мабільнай 4G-сеткай.

На момант публікацыі на мапе толькі «плямы» 4G-пакрыцьця вакол гарадоў і мястэчак. Яшчэ ня ўсе раённыя цэнтры пакрытыя, але LTE ловіць у мястэчках ад Маларыты да Лоева, ад Лельчыц да Расонаў. BeCloud заяўляе пра ахоп 4G-сеткай 75,7% насельніцтва.

Нават Менск пакрыты ня ўвесь. 4G яшчэ не злавіць у парку Чалюскінцаў і зялёных зонах на ўсходзе гораду, а таксама ў катэджным пасёлку ля вадасховішча Дразды, дзе знаходзіцца адна з рэзыдэнцый Аляксандра Лукашэнкі. Прыёму ў памяшканьнях можа ня быць нават у самым цэнтры, між плошчай Незалежнасьці і Кастрычніцкай. У рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Астрашыцыкім гарадку няўпэўнены прыём 4G-сігналу.

На мапах пакрыцьця сувязьзю папярэдняга пакаленьня — 3G — апэратары пазначаюць пакрыцьцё амаль ва ўсіх мястэчках і ўздоўж трасаў. Не пакрытая пераважна сельская мясцовасьць. Апэратары кажуць пра пакрыцьцё 100% гарадзкога насельніцтва або нават 99% усяго насельніцтва.

Праўда, беларускую 4G-сетку называюць самай павольнай у Эўропе. Асаблівасьць беларускай 4G-сеткі ў тым, што яе будавалі ня самі апэратары кожны для сябе (як было з 3G і 2G), а напаўдзяржаўны інфраструктурны апэратар BeCloud («Беларускія воблачныя тэхналёгіі»). Празь нязгоду з тарыфамі BeCloud апэратар Velcom ня мог прапанаваць абанэнтам LTE-сетку больш як тры гады, хоць сьцьвярджаў, што мае ўласнае 4G-абсталяваньне, гатовае да запуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG