Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер афіцыйна. Velcom атрымаў доступ да 4G-сеткі


Ілюстрацыйнае фота

Мабільны апэратар Velcom праводзіць тэст сеткі LTE. Каб даведацца, ці падтрымліваюць тэлефон і сім-карта 4G, трэба набраць у праграме тэлефону код *181# і націснуць «выклік».

Беларускі інфраструктурны апэратар beCloud распаўсюдзіў афіцыйны прэс-рэліз аб прадстаўленьні апэратару Velcom доступу да сеткі 4G. Пакуль усё працуе ў тэставым рэжыме, зь вечара 22 сакавіка некаторыя абанэнты змаглі атрымаць доступ у Гомлі, Менску і Менскім раёне. Velcom заяўляў аб запуску яшчэ 21 сакавіка.

За падключэньне да 4G і карыстаньне інтэрнэтам не бярэцца дадатковая абанэнская плата, але абанэнтам тарыфу «Камфорт» прапануецца дакупіць дадатковы трафік (ад 1 да 30 Гб у сетцы LTE з магчымасьцю падключэньня безьліміту).

«Вэлкому» больш як тры гады не давалі запусьціць уласную 4G-сетку — прыйшлося пагадзіцца з напаўдзяржаўным манапалістам

У адрозьненьне ад 2G і 3G, сетку 4G у Беларусі будуюць не мабільныя апэратары, а напаўдзяржаўная кампанія beCloud («Беларускія воблачныя тэхналёгіі»), якая затым прадае паслугі апэратарам. Самім апэратарам дзяржава не дала частотаў для 4G — можна толькі «перадаваць» абанэнтам паслугі празь сетку beCloud, інвэставаць у разьвіцьцё гэтай сеткі.

У прэс-рэлізе beCloud адзначаецца, што velcom атрымаў доступ да 530 базавых станцыяў, якія працуюць на частаце 1800 МГц (агулам у beCloud іх каля 1500), але «па запыце velcom інфраструктурны апэратар гатовы прадставіць доступ» да частаты 2600 МГц (яшчэ каля 500 базавых станцыяў). Для параўнаньня: 3G-станцыяў у velcom 3750.

Да таго velcom даў абанэнтам тэставы доступ да LTE-сеткі, 15 сакавіка разаслаў абанэнтам SMS з прапановай замяніць сім-картку, калі яна не падтрымлівае 4G, але не паведамляў афіцыйна аб нейкім пагадненьні з beCloud.

Цягам некалькіх гадоў апэратар сьцьвярджаў, што мае магчымасьць запусьціць уласную сетку — трэба толькі дазвол на выкарыстаньне частотаў, а абсталяваньне гатовае, «дастаткова націснуць кнопку». Апэратару так і не дазволілі гэта зрабіць.

Доступ да сеткі 4G ад beCloud ужо маюць МТС, які падключыўся адразу па афіцыйным запуску сеткі ў сьнежні 2015 году, і life:), які далучыўся да сеткі ў жніўні 2016-га. beCloud сьцьвярджае, што сёньня LTE даступны 75,7% насельніцтва Беларусі зь сярэдняй хуткасьцю доступу да інтэрнэту 39,1 Мбіт/с.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG