Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ужо 7 год ня можа прадаць дзярждолю ў мабільным апэратары МТС. Але чакае «выгаднай прапановы»


Адкрыцьцё LTE-сеткі МТС у Менску, 17 сьнежня 2015 году

Міністар сувязі Беларусі Дзьмітры Шадзько заявіў, што ягонае ведамства гатовае разглядзець прапановы пра пакупку дзяржаўнай долі беларуска-расейскага мабільнага апэратара МТС, але «выгадных інвэстыцыйных прапановаў» не паступала, перадае БелаПАН.

«Гэта нармальная сытуацыя ў бізнэсе, калі мы абмяркоўваем розныя варыянты, прыходзяць інвэстары. Галоўнае, каб у выніку краіна атрымлівала ад гэтага выгаду», — заявіў Шадзько. Паводле яго, калі выгадныя прапановы паступяць, міністэрства іх разглядзіць.

Упершыню беларускія ўлады спрабавалі прадаць 51% акцыяў МТС у лістападзе 2011 году за 1 млрд даляраў, годам пазьней зноў паспрабавала па той жа цане, праз год зьнізіла цану да 863 млн даляраў, яшчэ раз спрабавала абвясьціць конкурс на пакупку ў 2014 годзе, але ахвочых не знайшлося.

Расейская кампанія МТС, што валодае 49% беларускай МТС, цікавілася набыцьцём, але прапаноўвала 450-500 млн даляраў, што не задаволіла беларускі бок.

Тым часам МТС карыстаецца больш за палову Беларусі, кампанія займае першае месца па колькасьці абанэнтаў з 5,3 млн карыстальнікаў. МТС прадстаўляе ў тым ліку мабільную сувязь стандарту 4G (тэхналёгія LTE) і ў Менску — хатні оптавалаконны інтэрнэт.

За час, пакуль дзяржава спрабавала прадаць долю ў МТС, у кампаніі стала на аднаго канкурэнта меней. У пачатку 2014 году Мінсувязі адмовіла ў працягу ліцэнзіі апэратару «БелСел», пасьля чаго апэратар вымушана спыніў дзейнасьць. За год да таго кампаніі адмовілі ў ліцэнзіі на LTE-сетку, хоць дазволілі правесьці тэставы запуск у Бабруйску і Жлобіне. Першы беларускі мабільны апэратар, кампанія «БелСел» да 2012 году напалову належыла дзяржаве (РУП «Белтэлекам»), але дзяржава перадала сваю долю кіпрскай кампаніі «Джараш» (яшчэ палова належыла нідэрляндзкай CIB BV). На момант адключэньня «БелСел» меў толькі 5 тысяч абанэнтаў.

XS
SM
MD
LG