Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom паглыне правайдэра «Атлант Тэлекам»


Холдынг Telekom Austria Group, які валодае беларускім мабільным апэратарам Velcom, паведаміў пра дасягненьне дамоўленасьці аб набыцьці 100% статутнага фонду найбуйнейшага беларускага прыватнага інтэрнэт-правайдэра «Атлант Тэлекам» і даччынай кампаніі «Тэлесетка» ў «Зубар Капіталу» і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Сума пагадненьня і плянаваны час яго закрыцьця не называюцца. Больш падрабязна распавесьці пра пагадненьне і ягонае значэньне для абанэнтаў прадстаўнікі Velcom паабяцалі Свабодзе пазьней.

Як паведамляецца на сейце Velcom, «Атлант Тэлекам» мае 126 тысяч абанэнтаў фіксаванай сувязі і 49 тысяч абанэнтаў кабэльнага тэлебачаньня. У 2015 годзе «Атлант» атрымаў 16 млн эўра выручкі і 4 млн эўра EBITDA (прыбытку да вылічэньня выдаткаў на аплату адсоткаў, падаткаў і амартызацыі).

У самога Velcom без малога 5 млн абанэнтаў. За першае паўгодзьдзе 2016 году выручка склала 136,9 млн эўра, гэта значыць упала на 15,9%, а EBITDA склала 55,3 млн эўра і ўпала на 26,7% у параўнаньні зь леташнім.

«У выніку аб’яднаньня з кампаніяй Velcom на беларускім тэлекамунікацыйным рынку зьявіцца новы буйны гулец, — піша Velcom. — Пераняўшы досьвед каманды экспэртаў „Атлант Тэлекам“ у галіне фіксаванага шырокапалоснага інтэрнэт-доступу і кабэльнай тэлевізіі, Velcom стане па-сапраўднаму дывэрсіяфікаваным, канвэргентным апэратарам».

На сёньня Velcom другі па колькасьці абанэнтаў мабільны апэратар Беларусі. У МТС каля 5,3 млн абанэнтаў, той прадстаўляе ня толькі мабільныя паслугі, але і хатні інтэрнэт праз оптавалакно ў Менску і абласных цэнтрах. Velcom сёньня — адзіны з трох мабільных апэратараў, які не прапаноўвае мабільнай сувязі ў тэхналёгіях 4G — LTE-сувязь маюць і МТС, і life:), а Velcom ня можа пагадзіцца зь інфраструктурным апэратарам beCloud.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG