Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прарасейскі антызаходні рух вырашаў у Менску лёс саюзнай дзяржавы


6 ліпеня ў Менску прайшло мерапрыемства, якое ягоныя ўдзельнікі назвалі «зьездам актывістаў НОД Расеі і Беларусі». Свабода даведалася дэталі.

«Я думаю, што такія сустрэчы заўсёды прадуктыўныя, дазваляюць як мінімум абмяняцца вопытам, знайсьці сумесныя пункты для далейшых дзеяньняў, — расказаў у інтэрвію выданьню „Национальный курс“ старшыня ідэалягічнага камітэту НОД Дзяніс Ганіч, які сам прыяжджаў у Менск. — Што тычыцца рашэньняў зьезду, то першае — у аснове асноў цяпер пытаньне Саюзнай дзяржавы... Па выніках было вырашана стварыць рабочую групу расейска-беларускага НОДа па гэтых пытаньнях. Гэта значыць, як мы ў Расеі і ў Беларусі можам абʼяднальнаму працэсу спрыяць. Таму што пятая калёна актывізавалася і гэтаму перашкаджае. Яна вельмі моцная ў Беларусі».

Што такое НОД

Абрэвіятура НОД (поўная назва — «Национально-освободительное движение») упершыню зьявілася на старонках СМІ ў канцы восені 2012 году. Удзельнікі руху называюць сваёй мэтай «аднаўленьне сувэрэнітэту Расеі». Паводле ідэалёгіі НОД, цяпер Расеяй кіруюць іншаземныя сілы, галоўным чынам амэрыканскія.

Ад іншых рухаў і палітычных арганізацый НОД адрозьніваецца ў першую чаргу структурай. Рух ня мае выразнай вэртыкалі. Ячэйкі і нават адзінкавыя актывісты дзейнічаюць адасоблена, пэрыядычна ўступаючы ў канфрантацыю паміж сабой.

Яўген Фёдараў
Яўген Фёдараў

Заснавальнікам НОДа лічыцца дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Яўген Фёдараў, вядомы сваімі публічнымі сутычкамі з апазыцыйным актывістам Аляксеем Навальным. НОД ня мае афіцыйнай рэгістрацыі і ня робіць спробаў яе атрымаць.

Пры гэтым актывісты НОД канфліктуюць нават з такім рупарам афіцыйнай крамлёўскай прапаганды, як Дзьмітры Кісялёў. У лютым 2017 году яны пікетавалі бюро «России Сегодня», бо ў эфірах гэтага мэдыя занадта часта згадвалася імя амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа. У адказ Кісялёў у эфіры перадачы «Вести недели» назваў дзеяньні НОДа «балаганам», а саміх актывістаў «малахольнымі».

Колькасьць удзельнікаў невядомая. Запісваюць у НОД праз афіцыйны сайт. На дадзены момант там пазначана, што рух налічвае 184 тысячы чалавек.

У Беларусі таксама ёсьць НОД?

У Беларусі арганізацыя амаль не прадстаўленая. Вядомыя адзінкавыя выпадкі яе актыўнасьці. Напрыклад, у лютым 2017 году некалькі чалавек, частка зь якіх асацыюе сябе з НОДам, правялі на плошчы Незалежнасьці ў Менску несанкцыянаваны пікет у падтрымку Расеі. Сярод іх быў Уладзімер Рыжанкоў, які адмініструе ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» паблік «НОД Белоруссия» (255 падпісчыкаў). 9 траўня 2019 году актывісты НОД паспрабавалі ўзьняць свой сьцяг, афарбаваны ў колеры георгіеўскай стужкі, на шэсьці «Несьмяротны полк», але з боку арганізатараў сустрэлі непаразуменьне.

Неўзабаве пасьля гэтага Ўладзімер Рыжанкоў стаў адным з ініцыятараў звароту да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем забараніць бел-чырвона-белы сьцяг.

Пра самога Рыжанкова вядома няшмат. Ён называе сябе прадпрымальнікам, ад 2012 году кіруе афіцыйна зарэгістраванай Мінʼюстам РБ інфармацыйна-асьветніцкай установай «Наша гісторыя».

«Запрашэньне на зьезд атрымаў у Viber»

Як стала вядома Свабодзе, зьезд актывістаў НОД 6 ліпеня праходзіў у адной з канфэрэнц-заляў гатэля «Манастырскі». Сабралася каля 20 чалавек, працягвалася мерапрыемства прыкладна дзьве гадзіны. Арэнда ў «Манастырскім» памяшканьня для 25 чалавек на такі тэрмін каштуе каля 100 рублёў.

Адным з удзельнікаў зьезду стаў арганізатар «Несьмяротнага палку» ў Менску Валер Драко.

Валер Драко
Валер Драко

«Быў я там, на гэтым зьезьдзе, калі яго можна назваць зьездам, — кажа Драко. — Быў расейскі бок прадстаўлены, быў беларускі бок. Нашы людзі былі з Горадні, з Магілёва былі. Нешматлікі такі зьезд. Стаяла пытаньне аб стварэньні рэальнай саюзнай дзяржавы. Мы хацелі зь імі падпісаць дакумэнт, але расейскі бок не захацеў. Ніякай агульнай пастановы не было прынята. Ня ведаю, чаму так адбылося».

Па словах Валера Драко, ён быў запрошаным удзельнікам зьезду. Запрашэньне атрымаў напярэдадні праз viber. Пры гэтым першапачаткова ў ім гаварылася, што ўдзельнікі зьезду будуць абмяркоўваць пытаньне прыцягненьня Міхаіла Гарбачова да адказнасьці за развал СССР. Пытаньне інтэграцыі Беларусі і Расеі ўзьнікла пасьля.

«Быў зьезд, прайшоў, скончыўся агульным фота, і ўсё, — кажа Валер Драко. — Дыскусія дзьве гадзіны ў нас была. Расейскі бок крыху быў нейкі... Як вам сказаць. Тэмы не было. Яны гаварылі, што трэба дапамагаць уладзе праводзіць інтэграцыю. Што трэба тут подпісы зьбіраць, газэту нам раздалі. Але ў выніку я пачуў, што зь іх боку такое „памяркоўнае“ стаўленьне. Што там у выніку было прынята, я ня ведаю. У рукі нам ніхто ня даў нічога, хоць я да самага канца прысутнічаў, нават у фатаграфаваньні ўдзельнічаў».

Як сказаў Свабодзе Валер Драко, беларускія ўдзельнікі зьезду ў выніку прынялі свой уласны зварот наконт інтэграцыі Беларусі і Расеі, які самастойна накіравалі беларускім уладам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG