Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зрабіць, каб беларусы менш пілі алькаголю. Шэсьць канкрэтных прапановаў


Беларусь знаходзіцца на 27-м месцы сярод найбольш пітушчых краінаў сьвету, адзначае Усясьветная арганізацыя здароўя (World Health Organization, WHO).

Паводле статыстыкі МУС, 79% бытавых злачынстваў адбываюцца ў стане алькагольнага апʼяненьня.

Але беларусы могуць піць яшчэ менш. Каардынатар праграм грамадзкага здароўя краінавага офісу WHO ў Беларусі Валянцін Русовіч 11 ліпеня прапанаваў захады для зьніжэньня ўжываньня алькаголю ў Беларусі.

1. Гарэлка мусіць каштаваць дорага

Русовіч прапануе зьмяніць акцызную палітыку. Найлепшы прыклад — Швэцыя. Акцызы на гарэлку тут у 10 разоў вышэйшыя, чым на віно, і ў 20 разоў, чым на піва. Гэта добра ўплывае на структуру ўжываньня напояў. Гарэлка ў алькагольным «меню» швэдаў складае толькі 14%. У беларусаў — аж 49%. І яшчэ: у сьвеце амаль няма краінаў, як Беларусь, дзе бутэлька сухога віна каштуе даражэй за пляшку гарэлкі.

2. Жорстка караць тых, хто прадае алькаголь непаўналетнім

Напрыклад, у Расеі з 2013 году ўведзена трохузроўневае пакараньне за такое парушэньне. Караюць прадаўца (штраф у эквіваленце да 800 даляраў), дырэктара крамы (да 3000 даляраў), уласьніка крамы (да 8000 даляраў). Пры паўторным падобным парушэньні ўласьніку могуць прыпыніць гандлёвую ліцэнзію.

У Беларусі яшчэ не было ніводнага прэцэдэнту прыпыненьня ліцэнзіі. Яго і не магло быць наагул, бо беларускае заканадаўства такога пакараньня не прадугледжвае. У лепшым выпадку караюць прадаўца і дырэктара. Між тым цягам аднаго году ў Беларусі фіксуецца больш за 20 тысяч выпадкаў продажу сьпіртовых напояў непаўналетнім.

3. Перавесьці моладзь на двухузроўневы продаж алькаголю

У краінах Скандынавіі маладым людзям ва ўзросьце ад 18 да 20 гадоў у крамах прададуць толькі слабаалькагольныя напоі. Гарэлку, каньяк ды іншыя моцныя напоі прадаюць толькі тым, хто ўжо дасягнуў 20 гадоў. У барах такое абмежаваньне ня дзейнічае, але там бармэн нясе асабістую адказнасьць за сваіх кліентаў. У Беларусі такой сыстэмы не існуе.

4. Не прадаваць алькаголь уначы

Досьвед Літвы, дзе такое правіла дзейнічае зь мінулага году, паказаў, што гэта вельмі эфэктыўны мэтад. У Беларусі начны продаж сьпіртовых напояў па-ранейшаму існуе.

У 2018-м было абвешчана, што з 1 кастрычніка алькаголь уначы ня будуць прадаваць у сталічных крамах. Але ўжо 2 кастрычніка гэтую забарону асабіста даручыў адмяніць Аляксандар Лукашэнка.

5. Скараціць колькасьць месцаў, дзе прадаюць алькаголь

У Швэцыі адзін такі пункт прыпадае на 5000 насельніцтва. У Беларусі — на 500-600 чалавек.

6. Зьменшыць ёмістасьць піўных бутэлек

На Захадзе амаль усё піва прадаецца ў бутэльках ад 330 да 500 мілілітраў. У Беларусі ж папулярныя ўпакоўкі па 1,5–2 літра. А піва такі прадукт, што пачатую бутэльку звычайна дапіваюць да дна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG