Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога страшнага, закон як закон». Юрыста не пусьцілі ў Канстытуцыйны суд на разгляд закону аб адтэрміноўках


Аўдыёзапіс размовы з прадстаўніком суду прыслалі Свабодзе. Юрысту адмаўляюцца адказаць, ці паступіў закон на разгляд у суд, і тлумачаць, што абмяркоўваць яго будуць толькі судзьдзі.

Неабыякавы юрыст зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд, каб яму дазволілі паслухаць, як адбываецца разгляд закону аб адтэрміноўках. Менавіта Канстытуцыйны суд разглядае законапраект пасьля дэпутатаў і вырашае ягоны лёс.

Яму паведамілі, што на паседжаньне трапіць нельга, бо гэта «не прадугледжана законам». Вось так адказваў юрысту намесьнік кіраўніка аддзела арганізацый судовых пасяджэньняў Канстытуцыйнага суду Сяргей Латушкін.

«Не прадугледжана»

— Закон аб адтэрміноўках ужо паступіў у Канстытуцыйны суд?

— А чаму вас гэта цікавіць?

— Таму што гэта вельмі рэзанансны закон.

— Нічога страшнага. Закон як закон.

— Ну так, я хацеў проста папрысутнічаць на адкрытым разглядзе.

— Не прадугледжваецца адкрытае паседжаньне для пісьмовай формы разгляду канстытуцыйнасьці законаў.

— Але ва ўсіх рашэньнях Канстытуцыйнага суду напісана, што закон разгледжаны ў адкрытым судовым паседжаньні. У законе таксама напісана, што ўсе паседжаньні адкрытыя.

— Так, абсалютна правільна.

— Значыць, трапіць туды можа любы ахвочы.

— Не, не зусім так. Гэта вусная форма. Ёсьць вусная форма разгляду законаў, а ёсьць пісьмовая форма разгляду законаў. У выпадку вуснай формы выклікаюцца бакі, выклікаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія выступаюць, дакладаюць... Калі вы пачытаеце закон пра канстытуцыйнае судаводзтва, то там ёсьць другая форма разгляду — пісьмовая. Пісьмовая форма разгляду не прадугледжвае ўдзелу іншых асобаў, апроч судзьдзяў.

У судзе юрысту не паведамілі, ці паступаў да іх закон аб адтэрміноўках, бо «ня могуць дзяліцца службовай інфармацыяй». Латушкін спрабаваў высьветліць у юрыста, «каго ён прадстаўляе».

— Мы кантралююем, калі ён уступіць у сілу, — кажа ў размове юрыст.

— А хто гэта «мы»? — пытаецца ў яго прадстаўнік суду.

— Усе, каго цікавіць гэты закон; хто падпадае пад яго — сотні выпускнікоў каледжаў, сотні асьпірантаў, магістрантаў...

— Вы каго прадстаўляеце?

— На гэты момант сябе. Але я перадаю гэтую інфармацыю зацікаўленым асобам.

— А хто гэтыя зацікаўленыя асобы, цікава? Нешта вы гаворыце загадкамі.

Юрыст спрабаваў настойваць на тым, што хоча паслухаць выступ судзьдзі-дакладчыка, прадугледжаны працэсам.

— Вы кажаце пра тое, як гэта ў кіно адбываецца, — пярэчыць яму прадстаўнік суду.

— Ды ва ўсіх нармальных краінах так адбываецца. У Вярхоўны суд, абласныя, у любы суд чалавек можа прыйсьці на любое адкрытае паседжаньне з пашпартам і пасядзець паслухаць«, — кажа ў адказ юрыст.

«Прысутнічаць нельга»

Юрыст, які тэлефанаваў у Канстытуцыйны суд, кажа Радыё Свабода, што калі разабраўся ў новым законе аб адтэрміноўках, то быў зьдзіўлены, таму і вырашыў сачыць за ягоным лесам.

«Напрыклад, уводзіцца прынцып „аднаразовасці“ адтэрміноўкі ад службы, але пры гэтым, калі адну адтэрміноўку ты атрымаў раней, новай не атрымаеш. Што гэта, калі не зваротная сіла закону? Чаму выпускнікі 11-й клясы могуць паступіць у ВНУ, а выпускнікі каледжаў — не?» — кажа ён.

У Канстытуцыйным судзе Свабодзе пацьвердзілі, што такі зварот да іх меў месца. Пакуль законапраект у суд яшчэ ня трапіў, але папрысутнічаць на паседжаньні нельга, бо «паседжаньне будзе ў пісьмовай форме».

«Разгляд закону адбываецца ў пісьмовай форме, на такіх пасяджэньнях не прадугледжана прысутнасьць грамадзянаў. Мы тут дзейнічаем у адпаведнасьці з заканадаўствам», — патлумачыў Свабодзе прэс-сакратар Канстытуцыйнага суду Віталь Салдаценка.

Паводле арт. 101 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводзтве», разгляд справы аб праверцы канстытуцыйнасьці закону адбываецца ў пісьмовай форме, а прысутнічаць на паседжаньні могуць упаўнаважаныя прадстаўнікі альбо прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў на рашэньне самога КС.

Аднак юрыст, які дабіваецца галоснай дзейнасьці КС, спасылаецца на артыкул 7 гэтага ж Закона. У ім напісана, што «Канстытуцыйны суд разглядае справы ў судовым паседжаньні адкрыта».

Таксама ён зьвяртае ўвагу на арт. 103, які кажа, што разгляд справы пра праверку канстытуцыйнасьці закона пачынаецца з выступу судьдзі-дакладчыка, якому могуць задаць пытаньні іншыя судзьдзі КС. Такая ж магчымасьць даецца і іншым асобам, якія ўдзельнічаюць у паседжаньні.

Законапраект, які дае права толькі адной адтэрміноўкі ад войска на час вучобы, Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаньнях, цяпер яго будзе разглядаць Канстытуцыйны суд. Гэты закон выклікаў рэзананс у грамадзтве, а пэтыцыя супраць яго сабрала 10 тысяч подпісаў за рэкордна кароткі тэрмін. Па гэтым законе, калі вы ўжо адвучыліся ва ўстанове адукацыі і ўзялі адтэрміноўку адзін раз, то на наступную ступень адукацыі зможаце перайсьці толькі пасьля службы ў войску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG