Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі завяршыўся саміт «Вялікай дваццаткі»


Лідэры краінаў «Вялікай дваццаткі» на саміце ў Осацы, 28 чэрвеня 2019 году
Лідэры краінаў «Вялікай дваццаткі» на саміце ў Осацы, 28 чэрвеня 2019 году

У японскай Осацы завяршыўся саміт лідэраў «Вялікай дваццаткі». У выніковай дэклярацыі, прынятай 29 чэрвеня, удзельнікі саміту пацьвердзілі сваю прыхільнасьць «устойліваму і збалянсаванаму эканамічнаму росту».

Краіны «вялікай дваццаткі» шкадуюць пра пагаршэньне палітычнай і эканамічнай абстаноўкі ў сьвеце, у прыватнасьці павелічэньне колькасьці гандлёвых канфліктаў і ўзмацненьне геапалітычнай напружанасьці. Адной з галоўных тэмаў была гандлёвая спрэчка паміж ЗША і Кітаем, якая адмоўна адбіваецца на ўсёй сусьветнай эканоміцы.

У выніковай дэклярацыі краіны G20 не змаглі прыйсьці да адзінай фармулёўкі па асуджэньні пратэкцыянізму. Лідэры «Вялікай дваццаткі» заклікалі дамагацца стварэньня свабоднага і справядлівага гандлёвага асяродзьдзя, а таксама заявілі пра неабходнасьць рэформы Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Прадметам спрэчак стала таксама пытаньне абароны клімату, хоць кампраміс па гэтым пытаньні ўдалося знайсьці. У выніковым дакумэнце 19 з 20 краін-удзельніц «Вялікай дваццаткі» выступілі ў падтрымку Парыскага пагадненьня па клімаце. ЗША, як і раней, заявілі, што не прымаюць яго становішча.

У рамках саміту G20 таксама абмяркоўваліся КНДР і вайсковыя канфлікты ў Сырыі і на ўсходзе Ўкраіны.

Саміт «Вялікай дваццаткі» адбыўся 28-29 чэрвеня ў Осацы.

У G20 уваходзяць Аўстралія, Аргентына, Бразылія, Брытанія, Нямеччына, Індыя, Інданэзія, Італія, Канада, КНР, Мэксыка, Расея, Саудаўская Арабія, ЗША, Турэччына, Францыя, Паўднёвая Карэя, ПАР, Японія, а таксама Эўразьвяз. Краіны, якія ўваходзяць у склад «Вялікай дваццаткі», прадстаўляюць 80% глябальнага ВУП.

Першапачаткова сустрэчы G20 меркаваліся стаць асноўнай пляцоўкай для форуму міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва, аднак апошнія гады на самітах лідэры «Вялікай дваццаткі» і іх дэлегацыі вядуць перамовы ня толькі аб эканамічных і фінансавых пытаньнях, але таксама актыўна абмяркоўваюць міжнародны парадак, пытаньні клімату, лічбавай эканомікі і разьвіцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG