Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму чарнобыльская зона ў Беларусі прымае ў сотні разоў меней турыстаў, чым украінская


КПП на ўезьдзе ў Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Архіўнае фота
КПП на ўезьдзе ў Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Архіўнае фота

Пасьля амэрыканска-брытанскага сэрыялу «Чарнобыль» вырас попыт на экскурсіі ў чарнобыльскую зону. Што могуць прапанаваць турыстам у Беларусі?

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік для турыстаў «з пазнавальнымі мэтамі» адкрылі нядаўна, пасьля выхаду прэзыдэнцкага ўказу № 431. Першы экскурсійны тур адбыўся ў канцы мінулага году.

«Наша здольнасьць — каля 10 груп на месяц»

Ад пачатку году прынялі 186 турыстаў, пераважна іншаземцаў, паведаміў карэспандэнту Свабоды намесьнік дырэктара запаведніка Максім Кудзін. У беларускай зоне адчужэньня пабывалі грамадзяне Польшчы, Бэльгіі, Італіі, Аўстрыі, Нідэрляндаў, Інданэзіі, Аўстраліі, Украіны і Расеі.

«На чэрвень-ліпень выйшлі на нашу магчымую здольнасьць прыёму грамадзян — каля 10 груп на месяц (70 чалавек), — сказаў Максім Кудзін. — Мы працуем цяпер з чатырма турапэратарамі, а таксама рамесьнікамі, якія зьбіраюць і прывозяць мэтавыя групы (сярод якіх навукоўцы). Дзьве траціны турыстычнага патоку ў зону дае ІП «Філон».

Ці расьце попыт на беларускую зону адчужэньня пасьля амэрыкана-брытанскага сэрыялу «Чарнобыль»?

«Ва Ўкраіне пішуць, што нібыта да 40% падняўся попыт на наведваньне зоны адчужэньня. Зусім магчыма. Проста сэрыял зьвярнуў увагу на чарнобыльскую тэматыку. А тое, што беларускі бок вызначыў магчымасьць наведваньня, гэта таксама адзін з плюсаў. У комплексе гэта прывяло да таго, што ёсьць попыт», — кажа Максім Кудзін.

Паводле Максіма Кудзіна, у Беларусі пакуль ня ставіцца мэта дасягнуць наведвальнасьці зоны да 400-500 чалавек штодня, як гэта ёсьць ва Ўкраіне, дзе гэтым займаецца «цэлая асацыяцыя турапэратараў».

«На сёньняшні момант у нас не хапае магчымасьцяў для паўнавартаснага разьвіцьця. Але жыцьцё пакажа. Прадукт трэба рабіць якасна, афармляць усё гэта. Мы яшчэ крыху не гатовыя, працуем у гэтых кірунках».

вёска Савічы Брагінскага раёну, архіўнае фота
вёска Савічы Брагінскага раёну, архіўнае фота

«Шмат мітусьні, багата абмежаваньняў»

Паводле Максіма Кудзіна, палітыку наведваньня зоны вызначае дзяржаўны рэгулятар — дэпартамэнт ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС пры МНС Беларусі. Запаведнік мае кантрольна-прапускны рэжым. Да таго ж ягоная тэрыторыя знаходзіцца ў памежнай зоне і для яе наведваньня трэба атрымаць дазвол памежнікаў.

«Ужо быў выпадак, калі памежнікі адхілілі ўезд у зону адчужэньня. То бок тут з аднаго боку шмат мітусьні, багата абмежаваньняў».

Для таго, каб прывесьці экскурсію, турапэратару трэба амаль за 10 працоўных дзён накіраваць заяўку, дзе паведамляецца час наведваньня, дні, колькасьць чалавек. Трэба аформіць і аплаціць пропуск. Потым заключаецца дамова.

Суправаджаюць турыстычныя групы супрацоўнікі навуковай часткі запаведніка. Па зоне можна перамяшчацца толькі на транспарце запаведніка, дзе абмежаваная колькасьць месцаў.

Інфраструктуру ў зоне разьвіваць забаронена. Няма кемпінгаў, сьцежак і так далей. У зоне ў дзень можна знаходзіцца 7 гадзін і потым выехаць у адзін з гатэляў у Брагіне, Хойніках, Нароўлі ці Мазыры.

Турапэратары ня могуць самастойна выбраць маршрут для паездкі ў зону.

«Мы распрацавалі тры маршруты. Максымальна турыстам можна прыехаць на тры дні. У гэты час плянуем тры выезды ў розныя пункты. Зона мае стракатасьць забруджваньняў радыяцыяй, таму дзеля здароўя турыстаў вызначаныя аптымальныя маршруты зь мінімальнай шчыльнасьцю забруджваньня. Гэта Брагінскі і Хойніцкі раён, Нараўлянскі яшчэ распрацоўваецца», — сказаў Максім Кудзін.

Ён прызнаецца, што яшчэ недастаткова распрацавана і рэклямная прадукцыя, сайт, няма сувэніраў.

Чарнобыльская зона
Чарнобыльская зона

«Даводзіцца многім адмаўляць»

Індывідуальны прадпрымальнік Пятро Філон, адказны за дзьве траціны турыстычнага патоку ў беларускую зону адужэньня, кажа што ён вырас. Зьвязвае гэта ня толькі з сэрыялам «Чарнобыль», але і з Эўрапейскімі гульнямі і з адкрыцьцём сэзону.

Пятро Філон
Пятро Філон

«Вельмі шмат заявак. Даводзіцца многім адмаўляць. Іншы раз у дзень даводзіцца пісаць 20-30 адмоваў тым, хто да мяне зьвяртаецца, каб наведаць украінскую зону. Калі кліент згодны чакаць, то запісваю ў сьпіс чаканьня. За апошні месяц ад пачатку выхаду сэрыялу попыт на ўкраінскую зону падвоіўся параўнальна зь вясной».

Паводле Пятра Філона, у адрозьненьне ад іншаземцаў, беларусаў больш цікавіць сам Чарнобыль. Аднак ужо год як грамадзянаў Беларусі не пускаюць ва ўкраінскую зону.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ва ўкраінскай кампаніі «Чорнобиль Тур», СБУ не дае дазволу ні беларусам, ні расейцам.

«Таму нават ня варта спрабаваць. Прычыну нам ніхто не тлумачыў».

Чарнобыльская зона
Чарнобыльская зона

Раней Пятро Філон таксама вазіў турыстаў ва ўкраінскую зону.

«Цяпер нам не падпісваюць праграмы, сёлета ніводную групу беларусаў не завёз. Але беларусы неяк ня цэняць сваю зону. Ну і для нас Чарнобыль — гэта нацыянальная трагедыя, Беларусь найбольш пацярпела. І беларусы да такога віду турызму не з такой вялікай цікавасьцю ставяцца, як іншаземцы. Беларускіх турыстаў у мяне цяпер каля 10%.

У гэтым месяцы былі рэкорды з іншаземцамі. Да мяне прыляталі з Аўстраліі і Інданэзіі. Цяпер я чакаю невялікую кітайскую групу, едуць з Ганконгу. За тры дні мы аглядаем практычна ўсю зону Хойніцкага і Брагінскага раёнаў».

Чарнобыльская зона
Чарнобыльская зона

«Гэты тур-прадукт у Беларусі сапраўды эксклюзіўны»

Што цікавіць турыстаў у беларускай зоне адчужэньня?

«У мяне асноўная аўдыторыя — гэта аматары „заброшек“. А тут насычанасьць вёсак добра захаваных. І сталкерская накіраванасьць. На гэты момант найбольш прыцягвае навізна маршруту, бо толькі паўгода споўнілася нашаму турызму ў зоне адчужэньня. Гэты тур-прадукт у Беларусі сапраўды эксклюзіўны. Апошнія групы былі ў нас па адной на маршруце, і вось у канцы чэрвеня будзе па дзьве», — кажа Пятро Філон.

Паводле Пятра Філона, прыродазнаўчыя экскурсіі цягнуцца да 10 гадзін, каб з захадам сонца турысты маглі пачакаць зьяўленьне рэдкага зьвера і сфатаграфаваць яго.

Пятро Філон
Пятро Філон

«У нас у Беларусі няма буйных лякацый, як Чарнобыль, Прыпяць, Чарнобыль-2 і ЧАЭС. Але кожная наша вёска ўнікальная. Вельмі адрозьніваецца архітэктура, стыль хатак. У Выграбной Слабадзе сучасныя двухпавярховыя дамы з убудаванымі гаражамі. У зоне іх называюць віламі.

А за пару кілямэтраў вёска Жэрднае, там можна сустрэць хаты з саламянымі дахамі, маленькі „домік хобітаў“ (паўтара мэтра вышынёй). Плюс прырода. Мы часта сустракаем зьвяроў, асабліва ўзімку: ад зуброў да рысі. Гэта музэй пад адкрытым небам».

Паводле Пятра Філона, экскурсіі ў зону бясьпечныя для здароўя, калі трымацца правілаў.

«Каб атрымаць палову ўмоўна бясьпечнай дозы, трэба прастаяць у самым брудным месцы маршруту, якое толькі можа быць, 14 гадоў».

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG