Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сэрыял «Чарнобыль» здымалі ў Беларусі. «У амэрыканцаў усе расейцы дрэнныя, бязмозглыя»


Аляксей Мурадаў
Аляксей Мурадаў

Скончыліся здымкі расейскага тэлесэрыялу «Чарнобыль», які многія ўжо назвалі адказам на аднайменны нашумелы амэрыканска-брытанскі сэрыял. Расейскі фільм пакажуць сёлета на тэлеканале НТВ «не раней за восень». Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды расказаў рэжысэр Аляксей Мурадаў.

Расейскі «Чарнобыль» узьнік пры падтрымцы Міністэрства культуры РФ, якое ў 2014 годзе выдзеліла на яго 30 мільёнаў рублёў.

На расейскім тэлеканале НТВ гэты сэрыял прадстаўлялі як «першы шматсэрыйны мастацкі фільм, які аднаўляе гістарычную храналёгію аварыі і які распавядае пра гераічныя будні ліквідатараў яе наступстваў».

Афіцыйны сынопсіс расейскага сэрыялу такі:

«Дзеяньне разгортваецца з красавіка па сьнежань 1986 года. Украінскаму аддзелу КДБ СССР становіцца вядома пра цікавасьць, якую праяўляюць замежныя спэцслужбы да Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Для ўстанаўленьня месцазнаходжаньня на тэрыторыі Прыпяці дасьведчанага супрацоўніка ЦРУ Альбэрта Ленца, якога падазраюць у шпіянажы, у горад прыбывае падпалкоўнік вайсковай контрвыведкі Андрэй Нікалаеў».

Падчас здымкаў расейскага сэрыялу ў Мазыры
Падчас здымкаў расейскага сэрыялу ў Мазыры

«У карціне няма злога амэрыканскага ЦРУшніка»

Чаму фокус расейскага рэжысэра ў стужцы пра Чарнобыль спыніўся на КДБ, ЦРУ і замежных шпіёнах?

«Насамрэч на гэтым няма фокуса, — кажа рэжысэр Аляксей Мурадаў. — Гэта проста адна з сюжэтных ліній. Ва ўсіх краінах ёсьць пільная ўвага выведак да атамнай прамысловасьці. Адпаведна выведкам адных краін супрацьстаяць контрвыведкі іншых. І выбух на ЧАЭС ня мог прайсьці міма іх. Канечне, на ўзроўні дзяржавы разглядалася вэрсія пра правакацыю ці тэракт, але яе даволі хутка адхілілі. У карціне няма злога ЦРУшніка, які усё гэта ўзарваў. Але падазрэньне ёсьць».

Аляксей Мурадаў падкрэсьлівае, што ў фільме няма канкрэтнага чалавека ці канкрэтнай краіны, якія абвінавачваюць у трагедыі. Але ёсьць праверка розных вэрсій. Адпаведна, і супрацоўнік ЦРУ Альбэрт Ленц у фільме — выдуманая фігура.

«У мяне вялікая просьба: ня трэба класьці ў аснову вось гэта супрацьстаяньне. Гэта зусім не азначае, што мы цяпер спрабуем некага ў нечым абвінаваціць», — кажа Мурадаў.

Паводле рэжысэра, увесь фільм базуецца на рэальных фактах і дакумэнтах пра катастрофу і яе наступствы. Апроч таго ўдзельнічала «вялікая колькасьць кансультантаў, якія праз усё гэта прайшлі». Стваральнікі фільма кажуць, што абапіраліся на дакумэнталістыку, кнігі, лісты.

Працоўны момант. Справа — рэжысэр Аляксей Мурадаў
Працоўны момант. Справа — рэжысэр Аляксей Мурадаў

«Наш фільм не адказ, ён задумваўся яшчэ 5 год таму»

Пакуль расейскі сэрыял знаходзіцца «на стадыі прадакшэн», на экраны выйшаў амэрыканска-брытанскі праект з аналягічнай назвай "Чарнобыль«. Міні-сэрыял адразу узначаліў рэйтынг самых упадабаных сэрыялаў на сайце самага папулярнага ў сьвеце сайту пра кіно imdb.com.

Аляксей Мурадаў запэўнівае, што ягоны фільм не адказ на амэрыканска-брытанскі «Чарнобыль», а «самастойная работа», якая плянавалася яшчэ да 30-гадовай гадавіны выбуху ў 2016-м.

На здымках фільма ў Мазыры
На здымках фільма ў Мазыры


«Нашы прадусары задумалі гэты фільм яшчэ чатыры-пяць гадоў таму, калі ў іх [амэрыканцаў і брытанцаў] гэтай ідэі не было. І пакуль у нас усё адбылося, тыя, на жаль, пасьпелі першымі выскачыць у эфір», — кажа расейскі рэжысэр.

«Сэрыял выйшаў па клішэ 20-гадовай даўніны»

Мурадаў ахвотна падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра амэрыканска-брытанскі сэрыял «Чарнобыль».

«Цалкам выдатны па карціны, гуку і па ўсіх астатніх прыкметах мастацкага фільму сэрыял. Зроблены зь вялікай выдумкай, уменьнем рабіць такога кшталту кіно. Адзінае, што мяне крыху напружыла — людзі нібыта па-за кантэкстам таго, што адбылося. Як мне падаецца, усё павярхоўна з пункту гледжаньня зносін людзей, іх матывацыі і лёгікі разьвіцьця падзей».

Паводле расейскага рэжысэра, заходні сэрыял пра аварыя на ЧАЭС выйшаў «па клішэ 20-гадовай даўніны, па якіх, напрыклад, рабілася «Чырвоная сьпёка» альбо Шварцнэгер: «Расейцы дрэнныя, яны ўсе бязмозглыя, камуністы, піянэры, дрэнны кадэбэшнік...».

«І потым яны ж ня ведаюць расейскай мовы, таму многа тонкіх рэчаў апынулася за дужкамі. Зь іншага боку, як патлумачыць нейкаму англічаніну, амэрыканцу ці французу, што Саша, Шурачка, Аляксандар гэта можа быць адзін і той жа чалавек з адным імем і яшчэ могуць быць два розныя роды мужчынскі і жаночы. Альбо як перавесьці на ангельскі фразу „Косой косой косил косой“. Вось на такіх тонкіх рэчах там усё занадта прамалінейна і адназначна», — кажа Аляксей Мурадаў.

«Беларусь вельмі дапамагала ў гэтых здымках»

Здымкі расейскага сэрыялу праходзілі ў шэрагу беларускіх гарадоў (Менск, Мазыр, Хоцімск, Слуцк, Маладэчна), стваральнікі «знайшлі месцы, дзе час, здаецца, спыніўся ў 80-х гадах». ​

«У гэтым няма ніякай падаплёкі. — кажа Аляксей Мурадаў. — З гледзішча эканомікі і лягістыкі нам было зручней здымаць у Беларусі. Там засталіся гарады, дзе можна было знайсьці вуліцы і дамы, падобныя на тыя, што апісваюцца ў фільме. Была задача ня тое, што аднавіць дух таго часу, але паспрабаваць да яго наблізіцца».

Баракі ў Мазыры
Баракі ў Мазыры

Аляксей Мурадаў сказаў, што «Беларусьфільм» да гэтага сэрыялу ня мае дачыненьня.

«У прынцыпе Беларусь вельмі дапамагала ў гэтых здымках. Але гэта на ўзроўні мясцовых муніцыпальных арганізацый, мясцовага МУС, вайскоўцаў. То бок эканамічна яны ў гэты фільм не ўваходзілі», — кажа рэжысэр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG