Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве знайшлі новыя дакумэнты ў справе Беларускай цэнтральнай рады. ФОТА


У 1944 годзе НКВД УССР вёў справу аб Беларускай цэнтральнай радзе і ўтрымліваў для гэтага на яшчэ акупаванай беларускай тэрыторыі сваю групу агентаў. Яе ўзначальваў капітан дзяржаўнай бясьпекі пад псэўданімам «Баглій».

Гэтая група дзейнічала ў складзе партызанскага абʼяднаньня Каўпака, пад польскім Пярэмышлем, а пасьля моцнага наступу нямецкіх войскаў вымушана была перамясьціцца на тэрыторыю Беларусі. Але, нягледзячы на фармальна іншае падпарадкаваньне, вырашыла прадоўжыць апэратыўную працу на «чужой, неўкраінскай» тэрыторыі.

Літарная справа — распаўсюджаная практыка каральных органаў

НКВД УССР адкрыла літарную справу аб Беларускай цэнтральнай радзе ў траўні 1944 году, калі большая частка тэрыторыі Беларусі была яшчэ акупаваная нямецкімі войскамі, а ў Кіеве ўжо была адноўленая савецкая ўлада.

Пастанова аб адкрыцьці справы. Фота Служба вонкавай выведкі Ўкраіны
Пастанова аб адкрыцьці справы. Фота Служба вонкавай выведкі Ўкраіны

Паводле практыкі тагачасных каральных органаў СССР, літарныя справы адкрываліся супраць тых асобаў і арганізацыяў, якія падазраваліся ў контравыведнай ці падрыўной дзейнасьці. Найбольш вядомыя зь іх — справы аб барацьбе з амэрыканскай выведкай, з буржуазным нацыяналізмам (у тым ліку ўкраінскім і беларускім), а таксама аб антысавецкіх элемэнтах і сэктантах.

У СССР літарныя справы абавязкова заводзіліся на замежныя амбасады, місіі, консульствы ды іншыя прадстаўніцтвы капіталістычных краін у Савецкім Саюзе. Парадак адкрыцьця, спыненьня і перасылкі матэрыялаў такіх спраў рэглямэнтаваліся адмысловай інструкцыяй.

Інфармацыю аб Беларускай цэнтральнай радзе здабывала апэратыўная група «Дружба», якая кантралявалася ўкраінскім НКВД. Яе ўзначальваў капітан дзяржаўнай бясьпекі Анішчук пад псэўданімам «Баглій». Тэрытарыяльна ён знаходзіўся на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці, а сабраныя зьвесткі перадаваў у Кіеў агенту «Барысу» — ім мог быць старшы апэрупаўнаважаны ў гэтай справе, старшы лейтэнант дзяржаўнае бясьпекі Чорны.

Данясеньні Баглія аб мабілізацыі
Данясеньні Баглія аб мабілізацыі

«Баглій» пасьпеў перадаць у Кіеў інфармацыю аб мабілізацыі ў войска БЦР, якая, паводле яго, праводзілася прымусова, і характарыстыку на прэзыдэнта рады Радаслава Астроўскага.

Характарыстыка Радаслава Астроўскага ад выведкі
Характарыстыка Радаслава Астроўскага ад выведкі

У Маскве былі незадаволеныя

У траўні 1944 году народны камісар дзяржбясьпекі УССР Саўчанка накіраваў у Маскву паведамленьне аб дзейнасьці Беларускай цэнтральнай рады.

НКВД УССР інфармуе цэнтар пра беларускі буржуазны нацыяналізм
НКВД УССР інфармуе цэнтар пра беларускі буржуазны нацыяналізм

Але замест падзякі за зробленую працу намесьнік кіраўніка 4-га ўпраўленьня НКВД СССР, начальнік Асобай групы пры народным камісары ўнутраных спраў Берыі Навум Эйцінгон (выхадзец зь Беларусі, савецкі выведнік, якога зьвязваюць з арганізацыяй забойства Льва Троцкага і вывазам гішпанскага дзяржаўнага золата ў СССР. — РС) пачаў катэгарычна патрабаваць тлумачэньня, чаму НКВД Украіны займаецца гэтай справай.

У прыватнасьці, Навум Эйцінгон патрабаваў адказаў на два пытаньні: чым выклікана знаходжаньне групы «Дружба» на тэрыторыі Беларусі і якія ажыцьцяўляюцца захады, каб перадысьлякаваць яе ва Ўкраіну.

Пасьля непрацяглага ліставаньня і тлумачэньняў украінскі НКВД вымушаны быў архіваваць беларускую літарную справу. Куды далей былі перасланыя яе апэратыўныя матэрыялы, у Менск ці Маскву, — гісторыя замоўчвае, бо беларускія архівы пакуль застаюцца закрытымі для грамадзкасьці.

Беларуская цэнтральная рада вачыма КДБ

Большасьць гэтых данясеньняў была выкарыстаная ў мэтадычным дапаможніку «Беларускія буржуазныя нацыяналісты», выдадзеным у друкарні Вышэйшай школы КДБ пры Савеце Міністраў СССР у 1957 годзе пад рэдакцыяй палкоўніка Мікалая Куляшова пад грыфам «Зусім сакрэтна». На яе мусілі арыентавацца ўсе каральныя органы, якія працавалі ў нацыянальных рэспубліках, і на гэтым прыкладзе змагацца з усімі праявамі буржуазнага нацыяналізму.

Паводле мэтадычкі КДБ, Беларуская цэнтральная рада ўваходзіла ў пералік арганізацый беларускіх буржуазных нацыяналістаў, якія былі названыя «лютымі ворагамі Савецкай улады і беларускага народу», бо спрабавалі «ператварыць Беларусь у калёнію імпэрыялістычных дзяржаў».

Паводле савецкіх спэцслужбаў, Беларуская цэнтральная рада была створаная нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў 1943 годзе, каб стварыць уражаньне ў народу, што сапраўднымі гаспадарамі тэрыторыі ёсьць нацыяналісты, а не фашысцкая Нямеччына. Як адзначаецца ў дакумэнтах, на чале рады стаў «адзін з ідэолягаў і важакоў беларускага нацыяналізму Астроўскі». А для папулярызацыі гэтай арганізацыі шырока задзейнічалі друк, царкву ды іншыя нацыяналістычныя арганізацыі.

У сакавіку 1944 году БЦР абвясьціла аб мабілізацыі 15 узростаў мужчынскага насельніцтва ў «Беларускую краёвую абарону», па выніках якой было створана 47 вайсковых і 17 паліцэйскіх батальёнаў, якія падпарадкоўваліся нямецкаму камандаваньню.

Старонка з мэтадычкі, у якой апісваецца дзейнасьць Беларускай цэнтральнай рады
Старонка з мэтадычкі, у якой апісваецца дзейнасьць Беларускай цэнтральнай рады

За пяць дзён да вызваленьня Менску Беларуская цэнтральная рада склікала Другі ўсебеларускі кангрэс, на якім абвясьціла аб выхадзе Беларусі са складу Савецкага Саюзу і ануляваньні ўсіх савецкіх законаў.

Паводле КДБ, пасьля вызваленьня Менску ўдзельнікі БЦР «уцяклі разам з акупантамі», але і за межамі Беларусі не спынілі сваёй падрыўной працы:

«З дазволу нямецкіх уладаў арганізацыя пачала ствараць на тэрыторыі Нямеччыны стотысячную армію для супраціўленьня савецкім войскам». Паводле агентурных зьвестак, у гэтую армію вэрбавалі «антысавецкіх элемэнтаў, якія ўцяклі з СССР, а камандныя кадры рыхтаваліся ў афіцэрскай школе Бэрліна».

Здымкі перададзеныя архівам Службы вонкавай выведкі Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG