Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як КДБ змагалася зь «беларускім буржуазным нацыяналізмам». Цытаты з рассакрэчанай ва Ўкраіне мэтадычкі


Фрагмэнт вокладкі мэтадычнага дапаможніка «Беларускія буржуазныя нацыяналісты»
Фрагмэнт вокладкі мэтадычнага дапаможніка «Беларускія буржуазныя нацыяналісты»

Мэтадычны дапаможнік «Беларускія буржуазныя нацыяналісты», выдадзены ў друкарні Вышэйшай школы КДБ пры Савеце Міністраў СССР у 1957 годзе пад рэдакцыяй палкоўніка Мікалая Куляшова пад грыфам «Зусім сакрэтна».

Двума гадамі раней пад кіраўніцтвам гэтага ж палкоўніка ў сьвет выйшла мэтадычка й пра «падрыўную дзейнасьць украінскіх буржуазных нацыяналістаў супраць СССР і барацьбу зь ёю органаў дзяржаўнай бясьпекі».

Служба бясьпекі Ўкраіны рассакрэціла абедзьве гэтыя мэтадычкі.

«Зусім сакрэтна»

У анатацыі мэтадычкі КДБ паведамляецца, што «вывучэньне формаў ды мэтадаў «падрыўной дзейнасьці» беларускіх нацыяналістаў дапаможа апэратыўным супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бясьпекі лепш арганізаваць агентурна-апэратыўную працу, з улікам канкрэтных абставінаў праводзіць своечасовыя і найбольш эфэктыўныя захады па барацьбе з гэтымі «ворагамі партыі і савецкай дзяржавы».

У выходных зьвестак не пазначаны наклад, якім была выдадзеная мэтадычка. Але адзначаецца, што гэта цалкам сакрэтны навучальны матэрыял, зь якім можна знаёміцца толькі ў службовых памяшканьнях школ і органаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

«Атручаная зброя супраць рэвалюцыйнага працоўнага руху»

Мэтадычка складаецца з чатырох разьдзелаў, кожны зь якіх тычыцца пэўнага пэрыяду часу. У першым апісваецца дзейнасьць буржуазных нацыяналістаў у часы грамадзянскай вайны і ўсталяваньня ў Беларусі савецкай улады.

Наступныя два прысьвечаныя «падрыўной дзейнасьці беларускага антысавецкага падпольля» ў 1920-1945 гадах і ў пасьляваенным пэрыядзе. Завяршае працу КДБ разьдзел пра «Закордонные центры и организации белорусских буржуазных националистов».

Маскуючыся лёзунгам стварэньня «самастойнай Беларусі»

«Беларускія буржуазныя нацыяналісты ёсьць лютымі ворагамі Савецкай улады і беларускага народу. Маскуючыся лёзунгам стварэньня „самастойнай Беларусі“, яны, адстойваючы інтарэсы буржуазіі, працягваюць весьці актыўную барацьбу супраць свайго народу. Гісторыі вядома нямала фактаў, калі буржуазныя нацыяналісты спрабавалі ператварыць Беларусь у калёнію імпэрыялістычных дзяржаў. Зь першых жа дзён устанаўленьня Савецкай улады ў нашай краіне беларускія буржуазныя нацыяналісты ўступілі ў змову з найбольш рэакцыйнымі сіламі імпэрыялістычных дзяржаў і пачалі ўзброеную барацьбу за рэстаўрацыю капіталізму. Будучы разгромленымі падчас грамадзянскай вайны і выгнаныя за межы савецкай краіны, беларускія буржуазныя нацыяналісты ня склалі зброю і, стварыўшы за мяжой антысавецкія цэнтры, да сёньняшняга дня вядуць актыўную варожую дзейнасьць супраць Савецкай дзяржавы», — адзначаецца ва ўступным слове да мэтадычнага дапаможніка.

БНР, белапалякі і іншыя «варожыя элемэнты»

Як пішуць у мэтадычцы КДБ СССР, першая арганізацыя беларускіх буржуазных нацыяналістаў была створаная ў 1903 годзе студэнтамі Пецярбургскага ўнівэрсытэту братамі Луцкевічамі і Іваноўскім. Пазьней, «для маскаваньня антырэвалюцыйнай дзейнасьці», яна была перайменаваная ў «Беларускую сацыялістычную грамаду». Паводле спэцыялістаў КДБ, яе прадстаўнікі адстойвалі «інтарэсы памешчыкаў і кулакоў» і прапаведавалі «адасобленасьць беларускага ад расейскага народу».

У мэтадычцы асобна адзначаецца, што беларускія буржуазныя нацыяналісты ў гады Першай усясьветнай вайны, калі большая частка Беларусі была акупаваная Нямеччынай, сталі «наўпроставымі выканаўцамі волі нямецкай ваеншчыны». Дарэчы, тэма несамастойнасьці беларускіх палітыкаў таго часу падтрымліваецца на працягу ўсяго матэрыялу.

Створаныя ў сакавіку 1917 году Беларускі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам сябра Дзяржаўнай думы Рамана Скірмунта і ў жніўні таго ж году Беларуская рада ў мэтадычцы называюцца не іначай, як «контрарэвалюцыйныя арганізацыі, якія прэтэндавалі на дзяржаўную ўладу ў Беларусі». Асабліва падкрэсьлівалася, што ў іхны склад уваходзілі «польскія і беларускія памешчыкі, капіталісты і кулакі».

У дапаможніку таксама адзначаецца, што пасьля абвяшчэньня ў кастрычніку 1917 году ў Менску аб пераходзе ўлады да бальшавікоў, «рэакцыйнае афіцэрства» пры дапамозе казацкіх войскаў спрабавала расправіцца з «рэвалюцыйнымі працоўнымі і салдатамі».

«Пабачыўшы, што Саветы атрымліваюць усё большую падтрымку народу, беларускія буржуазныя нацыяналісты зьвярнуліся да буржуазіі Фінляндыі, Латвіі ды Эстоніі з просьбай падтрымаць іхную барацьбу з Савецкай уладай. Прадстаўнікі буржуазна-нацыяналістычнай „Рады“ ў Прыбалтыцы і ва Ўкраіне займаліся антысавецкай апрацоўкай беларусаў-жаўнераў, залучаючы іх у вайсковыя часткі, прызначаныя для ўзброенай барацьбы за аднаўленьне ў Беларусі буржуазнай улады. У сваёй барацьбе яны абапіраліся таксама на ўзброеныя сілы сфармаванага пры Часовым урадзе (з польскіх жаўнераў ды афіцэраў, што знаходзіліся ў расейскіх вайсковых частках) корпусу пад кіраўніцтвам Доўбар-Мусьніцкага, які захапіў шэраг паветаў на тэрыторыі былой Магілёўскай губэрні», — распавядаецца ў мэтадычцы.

Генэрал Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, паляк паводле паходжаньня, ўдзельнічаў у расейска-японскай, Першай усясьветнай і грамадзянскай вайне ў Расеі. Але ў студзені 1918 году ён адмовіўся падтрымліваць савецкі ўрад, матывуючы гэта нэўтралітэтным стаўленьнем да расейскіх палітычных спраў.

«Контррэвалюцыйнае паўстаньне было прыдушанае савецкімі войскамі, але канчатковай ліквідацыі мяцежнікаў перашкодзіла наступленьне нямецкіх войскаў у лютым 1918 году. Ацалелыя ад разгрому групы белапольскага корпусу Доўбар-Мусьніцкага і беларускія буржуазныя нацыяналісты садзейнічалі нямецкім войскам у захопе значнай часткі Беларусі і яе сталіцы Менску».

Дакумэнт КДБ далей піша, што «Беларуская Рада», якая нібыта знаходзілася на службе ў нямецкіх імпэрыялістаў, 9 сакавіка 1918 году ўхваліла рашэньне пра стварэньне «Беларускай Народнай Рэспублікі» (БНР) пад пратэктаратам Нямеччыны, а 25 сакавіка заявіла пра «выхад Беларусі са складу Савецкай Расеі і пра ануляваньне савецкіх законаў і пагадненьняў».

У мэтадычцы цытуецца тэлеграма, накіраваная урадам БНР кайзэру Вільгельму са словамі «глыбокай удзячнасьці за вызваленьне Беларусі нямецкімі войскамі». Гэтую тэлеграму, дарэчы, заўсёды выкарыстоўвала савецкая прапаганда, каб выклікаць варожае стаўленьне грамадзян Савецкай Беларусі да гэтага пэрыяду нацыянальнай барацьбы.

Брацкая дапамога

Аўтары мэтадычкі сьцьвярджаюць, што беларускія буржуазныя нацыяналісты вельмі баяліся паражэньня Нямеччыны ў Першай усясьветнай вайне, таму і шукалі дапамогі ў іншых краінах. У прыватнасьці, паведамляецца, што ўрад БНР атрымаў ад ураду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, які тады ўзначальваў Уладзімер Віньнічэнка, пазыку ў чатыры мільёны рублёў на фармаваньне арміі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але гэтая дапамога ня ўратавала — у сьнежні 1918 году савецкая ўлада вярнулася ў Менск, а ўжо ў студзені 1919-га яна была адноўленая на большай частцы беларускай тэрыторыі.

«Верхаводы разгромленай „Рады“ БНР уцяклі ў Польшчу, дзе заняліся зьбіваньнем белагвардзейскіх атрадаў для барацьбы супраць Савецкай улады. Частка беларускіх нацыяналістаў (Жылуновіч, Дыла і іншыя) засталіся ў Беларусі, спадзеючыся падарваць Савецкую ўладу знутры».

Пра супрацу БНР зь Пілсудзкім

Поўнай перамозе над беларускай буржуазіяй перашкодзіла савецка-польская вайна, якая распачалася ў лютым 1919 году. За два з паловай месяцы польскія войскі (у КДБ іх называлі белапалякамі) захапілі Горадню, Баранавічы, Наваградак і Ліду, да канца лета пад польскую акупацыю трапіла большая частка Савецкай Беларусі.

Вось як пра гэта пішуць гісторыкі з КДБ:

«Беларускія буржуазныя нацыяналісты перайшлі на службу новым гаспадарам. Калі раней яны поўзалі перад нямецкімі імпэрыялістамі, то цяпер яны так сама ганебна шукалі ласкі ў Пілсудзкага. Вярнуўшыся зь Бэрліну ў Менск „беларускі ўрад“ — „Рада“ БНР, нягледзячы на калянізатарскія захады белапольскіх акупантаў, стаў на шлях актыўнай супрацы зь імі».

У мэтадычцы ўсе назвы органаў дзейнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама кіроўныя пасады, як, напрыклад, прэм’ер-міністар і міністар замежных спраў, пазначаюцца ў двукосьсі.

Сутнасьць перамоў прэм’ер-міністра і адначасова міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча з кіраўніком Польшчы Юзэфам Пілсудзкім падаецца праз паказаньні арыштаванага ў 1930 годзе Аляксандра Цьвікевіча, які быў складзе тагачаснай беларускай дэлегацыі. Прычым зь ягонага допыту публікуецца толькі тая частка, што тычыцца заявы Пілсудзкага і ягонага звароту да Луцкевіча:

«Задача Польшчы — вызваліць Беларусь ня толькі ад палітычнага панаваньня Расеі бальшавісцкай, царскай ці дэмакратычнай, — гэта абыякава, але і ад уплыву расейскай культуры. Вы павінны мне дапамагчы накіраваць беларускі рух у адпаведнае рэчышча, каб ён (рух. — РС) служыў агульнай справе ўмацаваньня нашай маладой дзяржавы... павінны гарантаваць польскім уладам не на словах, а на справе барацьбу з бальшавікамі».

Паводле КДБ СССР, на выкананьне ўказаньня Польшчы ўрад БНР стварыў у Вілейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцях «беларускія нацыянальныя камітэты». А пры галоўным польскім камандаваньні пачала дзейнічаць Беларуская вайсковая камісія, якая адказвала за фармаваньне войска.

«Але задума стварэньня нацыяналістычных узброеных сілаў сарвалася. Нацыяналістам удалося сабраць толькі некалькі кулацкіх бандаў пад кіраўніцтвам Булак-Балаховіча. Вясною 1920 году белапольскія войскі спрабавалі пайсьці ў новы наступ, каб прарвацца ў глыбіню Расеі і разам з Врангелем задушыць Савецкую краіну», — пішуць гісторыкі з КДБ.

Аднак у ліпені 1920 году бальшавікі зноў узялі Беларусь пад кантроль: «Чырвоная армія пры дапамозе партызанаў і ўсяго беларускага народу разграміла белапалякаў і выгнала іх назаўсёды з тэрыторыі Беларусі. Разам зь імі былі выгнаныя і сябры беларускага контрарэвалюцыйнага „ўраду“, арганізатары буржуазна-нацыяналістычных фармаваньняў. Частцы беларускіх нацыяналістаў удалося ўцячы ў Амэрыку, большасьць жа іх схаваліся ў Польшчы і Нямеччыне. Значная колькасьць нацыяналістаў асела ў буржуазных Літве ды Латвіі. Тыя беларускія буржуазныя нацыяналісты, якія ўцяклі за мяжу, перайшлі на службу да замежных выведак і сталі зброяю імпэрыялістычных дзяржаў у іхнай барацьбе супраць Савецкага Саюзу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG