Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рызыка сутыкненьняў лунае ў паветры». Што можа чакаць Малдову ў выніку дваяўладзьдзя


Паліцыя каля будынку ўраду ў Кішынэве, 10 чэрвеня 2019
Паліцыя каля будынку ўраду ў Кішынэве, 10 чэрвеня 2019

Як утварылася дваяўладзьдзе ў Малдове? Як палітычныя сілы супрацьлеглых поглядаў здолелі ўтварыць кааліцыю? Як можа вырашыцца крызіс?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да кіраўніка кішынэўскага бюро Радыё Свабода Васіле Батнару.

Васіле Батнару
Васіле Батнару

Сьцісла:

  • Гэта быў своеасаблівы палітычны покер
  • Адзіная надзея і ў адных, і ў другіх — на вонкавыя фактары, на прызнаньне замежнымі актарамі
  • Прэзыдэнта Дадона апанэнты абвінавачваюць у здрадзе
  • Кіраўніцтва малдоўскага войска выступіла з заявай — не прымушайце нас станавіцца на нечы бок
  • Сацыялісты і правыя сумяшчальныя толькі для таго, каб ваяваць з дэмпартыяй

— Выбары ў Малдове прайшлі ў лютым. Чаму кааліцыя не ўтварылася раней, яны ж разумелі, што тэрміны падціскаюць?
А зь іншага боку, як атрымалася кааліцыя з такіх розных сілаў? Падчас прэзыдэнцкіх выбараў змагаліся за пасаду лідэр сацыялістаў Ігар Дадон і Мая Санду, якую цяпер кааліцыя прызначыла прэм’еркай. А цяпер яны ўсё ж дамовіліся. Чаму?

Мая Санду
Мая Санду

​— Гэта быў своеасаблівы палітычны покер. Кожны спрабаваў абдурыць астатніх. Гульня трох партнэраў — сацыялістаў, партыі ACUM і дэмпартыі — была вельмі складанай. Яны былі непрымірэннымі палітычнымі ворагамі. Урэшце тыя, у каго былі самыя вялікія фракцыі, самыя вялікія карты — сацыялісты і дэмпартыя — вялі сэпаратныя перамовы.

Прэзыдэнт Дадон лічыў, што мае ў запасе 2 дні. Але ў апошні момант Канстытуцыйны суд пастанавіў, што няма ў яго гэтых двух дзён, што перамовы мусілі завяршыцца 7 чэрвеня. А яны дамовіліся толькі 8 чэрвеня.

Канстытуцыйны суд «ходзіць» пад дэмпартыяй — так гаворыць друк і аналітыкі. Дэмпартыя зразумела, што кааліцыя ўтварылася бязь іх. І КС хуценька выцягнуў з-пад ног кааліцыі сацыялістаў і ACUM гэтыя 2 дні. І вырашыў, што ўсё, цягнік сышоў.

Павэл Філіп
Павэл Філіп

Прэзыдэнт разважаў паводле прэцэдэнту. Паводле папярэдніх рашэньняў КС ён меў час, каб яшчэ абмеркаваць сытуацыю з партыямі і ўсё ж сфармаваць кааліцыю.

З прычыны рашэньня КС усе праблемы. Права ці абавязак прэзыдэнта распусьціць парлямэнт інтэрпрэтуецца ў розных лягерах супрацьстаяньня па рознаму.

Сацыялісты і правая ACUM прызначылі ўрад, звальняюць чыноўнікаў высокага рангу, а дэмпартыя лічыць, што ўсё, што адбываецца ў парлямэнце, неканстытуцыйна. Таму прэмʼер ад дэмпартыі кіруе і надалей. Вось так у нас утварылася дваяўладзьдзе.

— Хто і як можа вырашыць гэты крызіс дваяўладзьдзя, гэты палітычны пат?

— Адзіная надзея і ў адных, і ў другіх — на зьнешнія фактары, на прызнаньне замежнымі актарамі.

Урад Паўла Філіпа разьлічвае на ляяльнасьць паліцыі. Унутры краіны гэта галоўны фактар. Дэмпартыя ня грэбуе і падтрымкай з боку «цітушак» (калі выкарыстоўваць украінскую тэрміналёгію). Гэтыя людзі ўтварылі намётавыя мястэчкі перад будынкамі асноўных міністэрстваў, каб новы ўрад не «акупаваў» міністэрствы.

Галоўнае абвінавачваньне тое, што прэзыдэнт Ігар Дадон нібыта правёў таемныя перамовы зь лідэрам дэмпартыі Ўладзімірам Плахатнюком і прапанаваў фэдэралізаваць Малдову — гэта значыць адпусьціць у вольнае плаваньне Прыднястроўе.

На тэлеканалах, падкантрольных дэмпартыі, быў агучаны нібыта запіс размовы. І Дадона апанэнты абвінавачваюць у здрадзе.

Зінаіда Грэчаный і Ігар Дадон на першатравеньскай дэманстрацыі , Кішынэў 2019
Зінаіда Грэчаный і Ігар Дадон на першатравеньскай дэманстрацыі , Кішынэў 2019

Для юрыдычных абвінавачваньняў тут няма падставаў, але інфармацыйна гэта ўсяляк раскручваюць. Лёзунг «Прэзыдэнт-здраднік» быў галоўным на мітынгу ў нядзелю, на які склікалі ўсіх прыхільнікаў дэмпартыі.

Цяпер супрацьстаяньне жорсткае. На шчасьце, яно пакуль не перарасло ў фізычны гвалт. Але рызыка гэтага лунае ў паветры.

Я мяркую, што вырашыць сытуацыю можа толькі Канстытуцыйны суд. Ён можа ці стаяць на сваім, ці перагледзець сваё рашэньне. Новы ўрад, сфармаваны парлямэнтам, паслаў запыт у Раду Эўропы, у Вэнэцыянскую камісію. І гэтая камісія павінная разгледзіць, ці заставаўся КС Малдовы ў канстытуцыйным полі, калі прымаў рашэньне.

— Ці правільна я зразумеў — Павэл Філіп быў абраны прэмʼерам парлямэнтам мінулага скліканьня і цяпер канстытуцыйны суд проста пакінуў яго на гэтай пасадзе?

— Павэл Філіп быў прэмʼерам. І ён ім застаецца. З пункту гледжаньня дэмпартыі ён выконвае абавязкі кіраўніка часовага ўраду — ён не пускае да ўладных рычыгоў новы ўрад. Кааліцыя абрала кіраўніцай парлямэнта сацыялістку Зінаіду Грэчаный.

Але з пункту гледжаньня дэмпартыі выбары сьпікеркі нелегітымныя. Таму прэмʼеру Філіпу было даручана часова выконваць ролю прэзыдэнта.

Гэта было шостае часовае адхіленьне прэзыдэнта Дадона ад пасады. І раней бывалі выпадкі, калі Дадон не хацеў падпісваць пэўныя законы, дэмпартыя ішла ў Канстытуцыйны суд і суд прымаў рашэньне, што прэзыдэнт ня можа выконваць свае абавязкі і закон падпісваў сьпікер парлямэнту.

Цяпер з гледзішча дэмпартыі і КС і сьпікера няма, таму прэмʼер узяў на себе функцыі прэзыдэнта і падпісаў дэкрэт аб роспуску парлямэнту. Але пасьля гэтага прэзыдэнцкія паўнамоцтвы вярнуліся Ігару Дадону.

Сёньня кіраўніцтва малдоўскага войска выступіла з заявай, сэнс якой у перакладзе на чалавечую мову — не прымушайце нас станавіцца на нечы бок, не аддавайце нам загад ужываць сілу супраць вашых апанэнтаў.

— А колькі ў дэмакратычнай партыі галасоў у выніку лютаўскіх выбараў?

— Яны былі на другім месцы пасьля сацыялістаў. У прынцыпе дэмпартыя і сацыялісты маглі дамовіцца і ўтварыць кааліцыю, у іх была б устойлівая большасьць.

Атрымалася па-іншаму. Сацыялісты пагадзіліся на вельмі нязручныя ўмовы з правай партыяй ACUM. Сацыялісты патрабавалі ў новым урадзе пасаду міністра замежных справаў, міністра ўнутраных справаў. Але правыя дамагліся, каб урад быў цалкам іх. Але на кароткі тэрмін, каб дэалігархізаваць уладную сыстэму, каб выкінуць прадстаўнікоў і прыхільнікаў дэмпартыі з усіх дзяржаўных структураў. Пасьля гэтага сацыялісты і правыя разыходзяцца па сваіх кутах. Яны сумяшчальныя толькі для таго, каб ваяваць з дэмпартыяй.

Але ў зьнешнепалітычных арыентацыях яны і былі і ёсьць нязгодныя. Правыя выступаюць за паглыбленьне эўраінтэграцыі Малдовы, сацыялісты — за збліжэньне з Расеяй.

Яны «зачахлілі» свае геапалітычныя мэты, пакуль яны не расчысьцяць «аўгіевы стайні», як яны кажуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG