Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Неўскага да Аляксія II. Якім чужым героям паставілі помнікі ў сучаснай Беларусі


На адкрыцьці помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску. 24 чэрвеня 2016 году
На адкрыцьці помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску. 24 чэрвеня 2016 году

Сёлета ўвосень у Берасьці плянуюць адкрыць помнік Аляксандру Пушкіну. Якіх яшчэ асобаў небеларускай гісторыі ўшанавалі ў помніках у часы незалежнасьці ў Беларусі?

Сімон Балівар

Менск, 2017

Помнік Сімону Балівару на аднайменнай плошчы ў Менску
Помнік Сімону Балівару на аднайменнай плошчы ў Менску

​Устаноўлены ў сквэры імя Сімона Балівара, побач з вуліцай Першамайскай. Падобны бронзавы бюст змагара за незалежнасьць паўднёваамэрыканскіх калёній аўтарства Лярэнца Гансалеса ёсьць у Вэнэсуэле. Вышыня — 2,78 мэтра. Копію падарыў Беларусі вэнэсуэльскі ўрад да 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін, пра што сьведчыць надпіс на пастамэнце. Ініцыятыва ўшанаваньня належала вэнэсуэльскаму боку.

Сымон Балівар (1783 — 1830) — найбольш вядомы і ўплывовы кіраўнік вайны за незалежнасьць гішпанскіх калёній у Амэрыцы. Вызваліў Вэнэсуэлу, Калюмбію, Панаму, Эквадор.

Князь Аляксандар Неўскі

Віцебск, 2016

Помнік Аляксандру Неўскаму, яго жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску
Помнік Аляксандру Неўскаму, яго жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску

Пастаўлены на плошчы 1000-годзьдзя. Скульптурная кампазыцыя вышынёй 4 мэтры адлюстроўвае гістарычны факт: сустрэчу ў Віцебску князя Аляксандра са сваёй жонкай Аляксандрай з полацка-віцебскай галіны Рурыкавічаў і сынам Васілём. Сын князя сядзіць на ягонай правай руцэ, а жонка стаіць побач. Вышыня скульптуры 4,3 мэтра. Стваралі помнік Іван Казак, Аляксандар Гвозьдзікаў, Яўген Колчаў. Пастамэнт пад помнік зьявіўся яшчэ ў 2011 годзе. Аднак праз крытыку помніка князю, які фактычна ня мае сувязі зь Віцебскам, усталяваньне кампазыцыі адкладалі.

Аляксандар Неўскі (1220 — 1263) — князь Наўгародзкі, Цьвярскі, вялікі князь Кіеўскі, Уладзімірскі. Прылічаны Расейскай праваслаўнай царквой да сьвятых.

Аляксандар Пушкін

Магілёў, 2015

​Пастаўлены каля бібліятэчнага каледжу «да 70-годзьдзя Вялікай Перамогі», пра што сьведчыць надпіс на помніку. Вышыня больш за 2,5 мэтра. Зьявіўся дзякуючы расейскаму патрыятычнаму праекту «Алея расейскай славы». Аўтар — Аляксандар Апалонаў. Спрэчкі выклікала разьмяшчэньне на адным з бакоў пастамэнта фрагмэнта верша Пушкіна «Клеветникам России», зь якога выдалілі некалькі радкоў. Верш быў напісаны да паўстаньня 1830–1831 гадоў. Абрэзаная вэрсія верша, на думку некаторых, зьмяніла першапачатковы сэнс і ўзмацніла палітычны падтэкст.

Менск, 1999

Стаіць на Камуністычнай вуліцы. Яго падарыла Менску мэрыя Масквы да 200-годзьдзя паэта. На помніку можна прачытаць, што гэта «дар правительства Москвы народу Белоруссии». Пушкін у плашчы сядзіць на лаве зь пяром у руцэ, побач ляжыць ягоны цыліндар. Аўтары — Рыгор і Юры Арэхавы.

Патрыярх Аляксій II

Віцебск, 2013

Помнік Аляксію II у Віцебску
Помнік Аляксію II у Віцебску

Манумэнт вышынёй каля 5 мэтраў выкананы з бронзы. Помнік паставілі каля Сьвята-Ўсьпенскага катэдральнага сабора, у гістарычным цэнтры Віцебску. Патрыярх наведваў Віцебск у 1998 годзе. Тады ён заклаў капсулу з памятнай граматай у падмурак храма і асьвяціў першы камень на аднаўленьне Ўсьпенскага сабора. Скульптар — Уладзімер Слабодчыкаў.

Патрыярх Аляксій II, сапраўднае імя Аляксей Рыдыгер (1929–2008) — эпіскап Расейскай праваслаўнай царквы, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

Апякун шаўцоў сьвяты Крысьпіна (жыў у III стагодзьдзі)

Віцебск, 2011

​Стаіць побач з крамай абутку. Ініцыятарам помніка стаў заснавальнік абутковай фабрыкі ў Віцебску Мікалай Мартынаў.

Анры Дзюнан

Менск, 2010

​Бронзавы бюст усталяваны на рагу вуліц Леніна і Карла Маркса паблізу офіса Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Аўтар Алег Купрыянаў адмовіўся ад узнагароды ў знак павагі да дзейнасьці Дзюнана.

Анры Дзюнан (1828 — 1910) — швайцарскі гуманіст, які заснаваў Чырвоны Крыж. Першы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру (1901).

Георгі Жукаў

Менск і Слуцк (2007), «Лінія Сталіна» (2015)

Бюст маршалу Жукаву ў Слуцку
Бюст маршалу Жукаву ў Слуцку

​У Менску бюст паставілі ў сквэры імя маршала Жукава ў 2007 годзе. У Слуцку — у пачатку вуліцы 14 партызанаў. Скульптар — Анатоль Арцімовіч. У 2015 годзе помнік Жукаву адкрылі на тэрыторыі На тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна», аўтар праекту — скульптар Міхаіл Сердзюкоў.

Бюст Жукаву на Лініі Сталіна
Бюст Жукаву на Лініі Сталіна

Георгі Жукаў (1896–1974) — савецкі палкаводзец, чатыры разы Герой Савецкага Саюзу. На тэрыторыі Беларусі служыў каля 17 гадоў. Пад ягоным кіраўніцтвам улетку 1944 году ажыцьцяўлялася апэрацыя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Баграціён».

Сталін

«Лінія Сталіна» (траса Менск — Маладэчна), 2006

​Бюст аўтарства Заіра Азгура раней знаходзіўся ў пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Яго перанесьлі ў музэй пад адкрытым небам «Лінія Сталіна», які адкрыўся ў 2005 годзе пад Заслаўем.

Клоўн Карандаш

Гомель, 2006

​Помнік савецкаму клоўну Міхалу Румянцаву (1901–1983), вядомаму як Карандаш, адліты з бронзы ў натуральны рост — 157 сантымэтраў. Побач зь ім стаіць ягоны сабака Клякса. Скульптура стаіць каля цырка. Аўтар — Вячаслаў Далгоў.

Папа Рымскі Ян Павал II

Помнік Яну Паўлу ІІ у Магілёве
Помнік Яну Паўлу ІІ у Магілёве

У Беларусі больш за дзесяць помнікаў Яну Паўлу II (1920–2005) — адзінаму Папе Рымскаму польскага паходжаньня. Іх пачалі ўсталёўваць адразу пасьля сьмерці Пантыфіка, звычайна каля касьцёлаў. Першы зь іх зьявіўся ў вёсцы Мосар. Таксама Караля Вайтылу, якога каталіцкая царква прызнала сьвятым, ушанавалі ў выглядзе помнікаў у Валожыне, Маладэчне, Нарачы, Віцебску, Докшыцах, Мёрах, Шуміліне, Івянцы, Берасьці, Магілёве, Ракаве, Менску.

Тарас Шаўчэнка

Менск, 2002

Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску
Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску

Устаноўлены ў Сьцяпанаўскім садзе. Адкрыцьцё адбылося ў межах Году Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі. Аўтар — украінскі скульптар Віктар Ліпаўка.

Берасьце, 2002

Бюст паэту ўсталяваны на аднайменным бульвары. Гэта падарунак гораду ад Чаркаскай вобласьці Ўкраіны. Скульптар — Уладзімер Галаўко.

2005, Магілёў

Таксама ў 2005 годзе бюст Тарасу Шаўчэнку быў усталяваны на ўзьбярэжжы Дняпра ў Магілёве паводле ініцыятыве гарадзкой дыяспары украінцаў.

​Тарас Шаўчэнка (1814 — 1861) — украінскі пісьменьнік, мастак, грамадзкі дзеяч.​

Ільля Рэпін

Вёска Здраўнева (Койтава) на Віцебшчыне, 2000

​Скульптура расейскаму мастаку Ільлю Рэпіну (1844 — 1930) стаіць у сядзібе Рэпіных «Здраўнева». Мастак набыў гэты маёнтак у 1892 годзе на грошы, якія атрымаў за карціну «Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану». Скульптар — Іван Міско.

Фёдар Дастаеўскі

Аграгарадок Дастоева Іванаўскага раёну на Берасьцейшчыне, 1996

Помнік Фёдару Дастаеўскаму ў вёсцы Дастоева
Помнік Фёдару Дастаеўскаму ў вёсцы Дастоева

Стаіць побач са школай, у вёсцы, дзе жыў род Дастаеўскіх з 1506 году. Аднак сам пісьменьнік там ніколі ня быў. На пастамэнце сядзіць Фёдар Міхайлавіч у крэсьле, сашчапіўшы рукі. Скульптар — Іван Данільчанка.

Фёдар Дастаеўскі (1821 — 1881) — расейскі пісьменьнік і філёзаф, шырока вядомы ў сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG