Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна народаў» 1989 года: Ад «Салідарнасьці» да плошчы Т’яньаньмэнь


Тадэвуш Мазавецкі пасьля легалізацыі прафсаюзу "Салідарнасьць", 17 красавіка 1989
Тадэвуш Мазавецкі пасьля легалізацыі прафсаюзу "Салідарнасьць", 17 красавіка 1989

Сьцісла:

  • Камунізм у Эўропе так імкліва і адносна бяскроўна рассыпаўся таму, што фактычна быў гэтым народам навязаны сілай і такім успрымаўся людзьмі
  • Мэханізм рэвалюцыяў «Вясны народаў»: Зло, якое даўгі час цярпелі як непазьбежнае, робіцца невыносным пры адной толькі думцы, што яго магчыма пазьбегнуць
  • «Вясна народаў» 1989 году адрозьніваецца і ад папярэдніх і ад наступных і мірным характарам, і пасьпяховасьцю
  • У Беларусі гучнае рэха могуць выклікаць толькі значныя ўзрушэньні ў Расеі. Балотная 2011-2012 гадоў у Беларусі па сутнасьці ніякага водгуку не атрымала

4 чэрвеня 1989 года польскі антыкамуністычны рух «Салідарнасьць» атрымаў аглушальную перамогу на парлямэнцкіх выбарах. У той самы дзень у Пэкіне на плошчы Т’яньаньмэнь камуністычныя ўлады расстралялі шматтысячную акцыю пратэсту. Абедзьве падзеі пазначылі гістарычныя ростані.

Пазьней у 1989 годзе пасыпаўся фактычна ўвесь сацлягер. У кастрычніку кампартыя Вугоршчыны ператварылася ў сацыялістычную партыю, былі абвешчаныя шматпартыйныя выбары, у лістападзе была адкрытая Брадэнбурская брама ў Бэрлінскай сьцяне, пратэсты ў Чэхаславаччыне ў лістападзе прывялі ў тым самым годзе да ўлады апазыцыю, у Баўгарыі таксама тады пачаліся масавыя пратэсты, якія ўжо ў 1990 годзе прывялі да свабодных выбараў і перамогі апазыцыі. Гэтак жа імкліва, хоць і крывава, паваліўся ў сьнежні 1989 году румынскі камуністычны рэжым.

Бэрлінцы ля Брандэнбурскай брамы пасьля яе адкрыцьця, 9 лістапада 1989
Бэрлінцы ля Брандэнбурскай брамы пасьля яе адкрыцьця, 9 лістапада 1989



Чаму камунізм у Эўропе так імкліва і адносна бяскроўна рассыпаўся, як картачны дамок? Напэўна таму, што фактычна быў гэтым народам навязаны сілай і такім успрымаўся людзьмі – ад дысідэнтаў да чальцоў палітбюро мясцовых кампартый. Ня ўсе і ня ўвесь час супраціўляліся, многія прыстасоўваліся, але адчуваньне прымусу з боку сілы, іншай культурна, цывілізацыйна, было ледзь не ва ўсіх.

І як толькі Гарбачоў аслабіў ваенныя абдымкі гэтай сілы, як толькі даў зразумець, што ня будзе танкамі захоўваць уладу мясцовых камуністаў, так і высьветлілася, што ўласных сіл у гэтых рэжымаў няма.

У Кітаі камунізм ня быў навязаны з Масквы, на працягу дзесяцігодзьдзяў Пэкін заставаўся з Масквой у жорсткай канфрантацыі. Там пра паслабленьне крамлёўскай хваткі казаць не даводзілася, лібэральныя павевы савецкай перабудовы не былі вырашальным фактарам кітайскага палітычнага працэсу. Пасьля сьмерці Мао там адбывалася свая перабудова.

Закон рэвалюцый Таквіля

У гэтым сэнсе грамадзкі мэханізм, які прывёў і да краху камунізму ў Эўропе, і да кітайскіх масавых пратэстаў, быў той самы. Яго апісаў яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі францускі палітоляг Алексіс дэ Таквіль: «Толькі геній можа ўратаваць уладара, які спрабуе даць палёгку сваім падданым пасьля працяглага ціску. Зло, якое даўгі час цярпелі як непазьбежнае, робіцца невыносным пры адной толькі думцы, што яго магчыма пазьбегнуць. І здаецца, што злоўжываньні, якія ліквідуюцца, робяць больш балючымі тыя, што застаюцца: зло робіцца меншым, але адчуваецца больш востра».

Менавіта гэта вывела людзей на Т’яньаньмэнь і на плошчы гарадоў краін Цэнтральнай Эўропы.

Дарэчы, цяперашняя беларуская ўлада гэтую небясьпеку для сябе інстынктыўна ўсьведамляе. Менавіта таму палітычныя «адлігі» ў найноўшай гісторыі Беларусі рэгулярна зьмяняюцца «замаразкамі». Паслабленьні небясьпечныя для ўлады не сваімі прамымі наступствамі, а менавіта зьменай масавых настрояў – зло памяншаецца, але адчуваецца больш востра.

Чалавек супраць танкаў на плошчы Т'яньаньмэнь, 5 чэрвеня 1989
Чалавек супраць танкаў на плошчы Т'яньаньмэнь, 5 чэрвеня 1989


Кітайскі прэцэдэнт Т’яньаньмэнь сьведчыць пра тое, што тады і ў Эўропе былі менавіта ростані, крызіс сыстэмы, а не яе няўхільны канец. Задняй датай рэальнае разьвіцьцё падзей заўсёды здаецца адзіна магчымым. І ў Кітаі падзеі маглі разьвівацца інакш, у кіраўніцтве КПК былі людзі, якія выступалі супраць крывавай расправы з дэманстрантамі. Але і ў Эўропе, наогул кажучы, у некалькіх краінах камуністычныя парадкі маглі і захавацца прынамсі да краху камунізму ў СССР (таксама, зрэшты, не наканаванага). Зрэшты, Чаўшэску ў Румыніі і паспрабаваў рэалізаваць кітайскі сцэнар. Яму асабіста гэта каштавала кулі, у адрозьненьне ад калегаў у іншых краінах сацлягеру, якія і не паспрабавалі.

Рэвалюцыя ў Румыніі, людзі каля будынку ЦК кампартыі ў Бухарэсьце, 22 сьнежня 1989
Рэвалюцыя ў Румыніі, людзі каля будынку ЦК кампартыі ў Бухарэсьце, 22 сьнежня 1989



Ростані – гэта рэальнае суіснаваньне розных варыянтаў разьвіцьця падзей. У іх нават ад аднаго чалавека або невялікай групы можа залежаць выбар паміж кардынальна рознымі шляхамі ў будучыню.



«Аксаміт» і посьпех

Падзеі падобныя да «вясьны народаў» здараюцца досыць рэдка. Папярэдняя, якая першапачаткова і атрымала такую назву, была ў 1848 годзе. Тады рэвалюцыі ахапілі таксама ўсю Эўропу. А наступная падобная адбылася ў пачатку дзясятых XXI стагодзьдзя ў арабскім сьвеце.

«Вясна народаў» 1989 году адрозьніваецца і ад папярэдніх, і ад наступных і мірным характарам, і пасьпяховасьцю. Вялікія рэвалюцыі – і француская, і расейская – суправаджаліся жахлівым праліцьцём крыві і зьверствамі, дый іншыя рэвалюцыі – гэта як правіла вялікая кроў. А рэвалюцыі ў Эўропе ў 1989 годзе былі сапраўды «аксамітнымі» (акрамя румынскай).

У 1848 годзе рэвалюцыі падняліся амаль па ўсёй Эўропе і амаль усюды пацярпелі паразы. У арабскім сьвеце ў 2011 годзе шмат дзе прывялі да палітычнага хаосу, грамадзянскай вайны або хуткага прыходу новых дыктатараў на месца скінутых.

Рэвалюцыя ў Эгіпце, Каір, плошча Тахрыр, 18 лютага 2011
Рэвалюцыя ў Эгіпце, Каір, плошча Тахрыр, 18 лютага 2011


«Вясна народаў» 1989 году была і ў гэтым сэнсе ўнікальным фэномэнам – яна паўсюль перамагла, і яна прывяла да сьвету відавочна больш гуманнага і квітнеючага, чым той, які яна зрынула.

Дарэчы, менавіта ў той год амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма сфармуляваў свой знакаміты прагноз пра канец гісторыі. Тады менавіта з прычыны характару «вясны народаў» і праўда здавалася, што Фукуяма мае рацыю ў сваім прагнозе Хоць i тады Т’яньаньмэнь быў званочкам аб тым, што гісторыя працягваецца.



Беларусь і «вясна народаў»

Ці прыйдзе калі-небудзь чарговая «вясна народаў» у Беларусь? Падаецца, што наўрад ці. Не, кардынальныя палітычныя зьмены ў ёй адбыцца могуць. Але няма рэгіянальнага набору краінаў з прыкладна аднолькавымі ўмовамі, у які ўваходзіла б Беларусь.

Праўда, ёсьць Расея. У гэтым сэнсе аналёгія з 1989 годам можа і быць. Калі ў Расеі пачнуцца істотныя палітычныя зьмены, то гэта, безумоўна, закране і Беларусь. Хоць цяперашняй маскоўскай хватцы, у тым ліку і адносна Беларусі, далёка да той, у якой Масква трымала Ўсходнюю Эўропу. Але таму ў Беларусі гучнае рэха могуць выклікаць толькі значныя ўзрушэньні ў Расеі. Балотная 2011-2012 гадоў, важная для самой Расеі, у Беларусі па сутнасьці ніякага водгуку не атрымала.

Акцыя пратэсту, Масква, Балотная плошча, 6 траўня 2012
Акцыя пратэсту, Масква, Балотная плошча, 6 траўня 2012



Так што свой менавіта 1989 год у Беларусі наўрад ці калі-небудзь здарыцца. Таму што няма такога вялікага, хоць і жудаснага, глябальнага праекту, як камунізм. Адпаведна, і такога гучнага абвалу чакаць зусім не даводзіцца. А лякальныя пэрсаналісцкія дыктатуры як узьнікалі і абрыналіся па ўсім сьвеце да 1989 году, гэтак і пасьля яго. І будуць узьнікаць і абрынацца.

І ўсё ж 1989 год у Цэнтральнай Эўропе – натхняльны досьвед і прэцэдэнт. І ня толькі ў тым справа, што тады так склаліся зоркі. Людзі ў Эўропе аказаліся здольныя на такія духоўныя высілкі, здольныя стварыць такі цуд.

Пра гэта варта памятаць. Але не забываць і пра Т’яньаньмэнь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG