Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 1 з 10 першаклясьнікаў Беларусі вучыцца па-беларуску


Беларускамоўная кляса ў Магілёве, архіўнае фота
Беларускамоўная кляса ў Магілёве, архіўнае фота

Аналітык праекту «Кошт ураду» Дзьмітры Івановіч на Facebook зьвярнуў увагу на афіцыйную статыстыку разьмеркаваньня вучняў у беларускіх школах паводле мовы навучаньня.

У мінулым навучальным годзе толькі 10,7% першаклясьнікаў вучыліся па-беларуску.

Прытым, калі ў Менскай вобласьці такіх было 21,6%, то ў самой сталіцы — толькі 1,9%. У гарадах іншых абласьцей яшчэ меней. Антырэкорд — у гарадоў Гомельскай вобласьці, дзе па-беларуску вучыліся 0,1% першаклясьнікаў, усяго 17 чалавек.

Доля першаклясьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, падае. Яшчэ ў 2013–14 навучальным годзе такіх было 13%, за тры гады іхная доля скарацілася на 2,3 адсоткавага пункта.

У сельскай мясцовасьці па-беларуску ўсё яшчэ вучыцца больш за палову першаклясьнікаў, але і іх доля зьмяншаецца: з 61,5% у 2013–14 навучальным годзе да 57,5% у 2017–18-м.

На 2016–17 навучальны год у Беларусі на беларускай мове навучаліся 9,7% дашкольнікаў (2,4% у гарадах і 54,4% у сёлах), 13,3% вучняў установаў сярэдняй адукацыі, 0,1% вучняў у сярэдняй спэцыяльнай адукацыі і 0,2% — у вышэйшай.

Ніводнай цалкам беларускамоўнай установы вышэйшай адукацыі ў Беларусі няма. Зьмяніць гэта спрабуе ініцыятыўная група на чале з былым старшынём Таварыства беларускай мовы Алегам Трусавым, якая рыхтуе да адкрыцьця ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча.

Там часам розныя дзяржаўныя ведамствы выступілі супраць законапраекту дэпутаткі палаты прадстаўнікоў і старшыні ТБМ Алены Анісім аб падтрымцы беларускай мовы.

Як паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая, за 2018-2019 навучальны год статыстычных дадзеных яшчэ няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG