Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адраджэньне мовы: што можа дзяржава?


Першы званок у беларускай гімназіі, Менск, 1 верасьня 2017

Сумнае, дыскрымінаванае становішча беларускай мовы агульнавядомае. Мізэрная колькасьць беларускамоўных школаў у гарадах, адсутнасьць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі, практычна амаль цалкам расейскамоўнае дзяржаўнае тэлебачаньне — вось асноўныя сьведчаньні становішча адной зь дзьвюх дзяржаўных моваў у краіне.

​Пералічаныя чыньнікі — не спантаны выбар насельніцтва. На якой мове чытаць інтэрнэт-выданьні ці кнігі — гэта людзі вызначаюць самі, але якімі мусяць быць моўныя прапорцыі ў школьнай і вышэйшай адукацыі, у дзяржаўных СМІ — вызначае дзяржава.​

Сьцісла:

  • Сытуацыя з мовамі ў адукацыі і дзяржаўных СМІ ў Беларусі вельмі несправядлівая у дачыненьнні да беларускамоўных
  • Сытуацыя ва Ўкраіне прынцыпова іншая, у адпаведных сфэрах забяспечанае інстытуцыйнае дамінаваньне ўкраінскай
  • За 28 гадоў існаваньня незалежнай Украіны моўныя практыкі, моўныя прэфэрэнцыі насельніцтва зьмяніліся нязначна

23 % беларускамоўных. А колькі беларускамоўных унівэрсытэтаў?

І менавіта гэтая дзяржаўная палітыка зьяўляецца відавочна несправядлівай. Паводле апошняга перапісу 2009 году, 53 % беларускага насельніцтва лічаць беларускую мову роднай, 23 % паведамілі падчас перапісу, што па-беларуску гавораць дома.

Многія назіральнікі адзначаюць, што часам адказы на моўныя пытаньні перапісу адлюстроўваюць не сапраўдныя моўныя паводзіны людзей, а іх нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Гэта і сапраўды так, але ў любым выпадку відавочна, што чалавек, які адказвае, што гаворыць дома па-беларуску, ставіцца да беларускай мовы больш спрыяльна, чым той, хто называе мовай хатніх зносінаў любую іншую.

Дык вось гэтае, як мінімум больш спрыяльнае стаўленьне да беларускай мовы (а ў ладнай часткі з гэтых 23 % беларускамоўных паводле перапісу — і рэальная моўная практыка) — як яно адлюстраванае ў моўнай палітыцы дзяржавы? У пералічаных галінах — школьніцтве ў гарадах, вышэйшай адукацыі, мове дзяржаўных СМІ — амаль ніяк. Адлюстраванае паводле папулярнай, аднак непраўдзівай формулы «Ды ўсе ў Беларусі па-расейску гавораць». Як усе? 23 % — гэта зусім ня нуль.

Моўная дзяржаўная палітыка ў Беларусі істотна адрозьніваецца ў горшы бок ад моўнай палітыкі ў іншых афіцыйна дзьвюх- і шматмоўных дзяржавах: Ірляндыі, Фінляндыі, Бэльгіі, Швэйцарыі.

Цяперашняя моўная дзяржаўная палітыка безумоўна мусіць быць зьмененая зь меркаваньняў найперш справядлівасьці. Велізарная, да чвэрці, частка насельніцтва павінна мець магчымасьць прынамсі вучыць сваіх дзяцей на той мове, на якой гаворыць зь імі, павінна мець магчымасьць чуць гэтую мову на дзяржаўным тэлебачаньні.

І гэтага цалкам можна дамагчыся, зрабіць гэта — абавязак дзяржавы.

А як яно ва Ўкраіне?

Аднак ёсьць таксама пытаньне, ці можна дамагчыся большага, аб чым мараць некаторыя? Паводле іх, уся справа — наагул у дзяржаўнай палітыцы. Стаялі б на чале дзяржавы сапраўдныя беларусы, праводзілі б адпаведную палітыку — дык сытуацыя з мовамі зьмянілася б у краіне вельмі хутка на адваротную цяперашняй і беларуская мова запанавала б, стала б дамінуючай.

Але ці зьмянілася б, а дакладней, наколькі зьмянілася б?

Прыклад вельмі блізкі беларусам — Украіна. У беларускіх спрэчках наконт моўнай палітыкі досьвед Украіны нярэдка прыводзіцца ў якасьці прыкладу, маўляў, вось як трэба рабіць і ў Беларусі. Ва Ўкраіне і да здабыцьця незалежнасьці ўкраінскай мовы ў грамадзкім ужытку было больш, чым беларускай — у Беларусі. Але за гады незалежнасьці быў істотна павялічаны інстытуцыйны абшар украінскай.

Дзяржаўнасьць адной украінскай мовы замацаваная там у Канстытуцыі, і гэтае палажэньне заставалася нязьменным усе гады незалежнасьці, пры ўсіх прэзыдэнтах, уключна зь Януковічам.

Колькасьць школаў на ўкраінскай істотна павялічылася, яны па краіне ўжо даўно пераважаюць, гэта там ня ўчора, не з 2014 году, адбылося, беларуская сытуацыя з парай школак на беларускай на гарады ў сотні тысячаў жыхароў — ва Ўкраіне нешта падобнае немагчыма сабе ўявіць. Вышэйшая адукацыя ва Ўкраіне пераважна ці нават цалкам — на ўкраінскай. Поўная супрацьлегласьць Беларусі, дзе беларускамоўных ВНУ проста няма.

Ну і дзяржаўнае ТБ проста ўсё па законе на ўкраінскай. Прыватнае — ладнай, калі не пераважнай, часткай таксама на ўкраінскай. І ня толькі таму, што гэтага патрабуе закон.

Статус украінскай мовы ва Ўкраіне — зусім іншы, чым беларускай у Беларусі. Але які вынік гэтыя велізарныя высілкі дзяржавы далі ў сэнсе зьмены моўных практык, моўных прэфэрэнцый насельніцтва?

Колькі ўкраінцаў гавораць па-ўкраінску?

Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук Украіны ад пачатку незалежнасьці робіць амаль штогадовы маніторынг стану грамадзтва, сярод пытаньняў, якія задаюцца падчас гэтых апытаньняў, ёсьць і пытаньні пра мову — якая ваша родная мова і якой мовай вы пераважна карыстаецеся дома.

Дадзеныя апытаньняў да 2012 году апублікаваныя на сайце інстытуту (​Українське суспільство 1992-2012. Стан та динаміка змін. Соціологічний моніторинг. — К.. Інститут соціології НАН України, 2012. стар. 579). Дадзеныя за апошнія гады, уключна зь леташнімі, былі прадстаўленыя мне на маю просьбу аддзелам мэтадалёгіі і мэтадаў сацыялёгіі інстытуту, за што выказваю супрацоўнікам інстытуту сваю падзяку.

Вынікі гэтых апытаньняў, якія ахопліваюць 26 гадоў існаваньня незалежнай Украіны, адлюстраваныя ў двух наступных графіках.

Графік 1. Родная мова, %

Графік 2. На якой мове Вы пераважна размаўляеце дома?, %

Асаблівасьць абодвух графікаў — у тым, што моўныя практыкі ва Ўкраіне аказваюцца даволі стабільнымі. Долі насельніцтва з роднай украінскай і расейскай большую частку пэрыяду назіраньняў вагаліся вакол нязьменных паказьнікаў з амплітудай у 2-3 адсоткавыя пункты.

Новая тэндэнцыя — пэўны рост долі тых, для каго ўкраінская — родная, выявілася фактычна толькі пасьля 2014 году. Гэта стала найперш вынікам трагічных падзеяў ва Ўкраіне — анэксіі Расеяй Крыму і вайны ў Данбасе, у выніку якіх цэнтральны ўрад страціў кантроль над ладнай часткай сувэрэннай тэрыторыі краіны, населенай пераважна расейскамоўнымі. Прынамсі, украінскія сацыёлягі на гэтых тэрыторыях ня могуць праводзіць ніякіх дасьледаваньняў.

Нельга выключаць і таго, што канфлікт з Расеяй спарадзіў эфэкт псыхалягічнай нацыянальнай мабілізацыі, людзі вастрэй, чым раней, адчулі сябе ўкраінцамі, што і адбілася на адказах на пытаньне аб роднай мове. Аднак нават вайна кардынальна сытуацыю не зьмяніла. У параўнаньні з далёкім 1992 годам доля насельніцтва з роднай украінскай вырасла на 2018 год на 10 адсоткавых пунктаў, доля тых, у каго родная — расейская, зьнізілася на 7 пунктаў.

Яшчэ меншыя зьмены адбыліся адносна мовы хатніх зносінаў. За 26 гадоў доля ўкраінскамоўных павялічылася на 7 адсоткавых пунктаў, расейскамоўных засталося прыкладна столькі ж, колькі было ў 1992 годзе, на 8 пунктаў зьменшыўся адсотак тых, хто ў хатніх зносінах ужывае абедзьве мовы ў роўнай ступені.

А як жа мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка на падтрымку ўкраінскай мовы, як жахлівая вайна? Ну вось такім аказаўся сумарны ўплыў, эфэкт. Ненулявым, заўважным. Але каб кардынальна памяняць моўныя прыярытэты, практыкі насельніцтва — гэтага не адбылося і блізка.

Беларусь-Украіна: падабенства і адрозьненьні

Зразумела, можна сказаць, што Беларусь — не Ўкраіна, што ў Беларусі ўсё можа быць і будзе па-іншаму. Ну дык у сьвеце наагул няма тоесных краінаў, няма краінаў з абсалютна аднолькавай моўнай сытуацыяй.

Але досьвед іншых краінаў, у нечым падобных на Беларусь, прымушае не асабліва спадзявацца на цудатворную ролю дзяржавы ў пытаньні моўнага адраджэньня. Нешта і нямала, яна безумоўна можа. Некаторыя рэчы яна і мусіць рабіць, калі прэтэндуе на статус мінімальна цывілізаванай — а менавіта забясьпечваць моўныя правы прынамсі велізарных моўных групаў насельніцтва.

Але збудаваць моўныя «новае неба і новую зямлю», кардынальна зьмяніць моўныя суадносіны, прапорцыі сама па сабе дзяржава ня ў стане. Прынамсі, ня ў стане адна. У стане, калі пры гэтым грамадзтва, мільёны людзей, захоча гэтай кардынальнай зьмены, будзе прагнуць яе.

А вось справядлівыя прапорцыі ў моўнай палітыцы дзяржава ў стане ўсталяваць і сама.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG