Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незадаволеныя навабудамі жыхары Менску ініцыююць мясцовы рэфэрэндум, абапіраючыся на заявы Лукашэнкі


Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі супраць ушчыльненьня кварталу ў раёне вуліцы Кузьмы Чорнага
Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі супраць ушчыльненьня кварталу ў раёне вуліцы Кузьмы Чорнага

Жыхары Першамайскага раёну Менску, якія выступаюць супраць ушчыльненьня іхнага «ціхага цэнтру», вырашылі абʼяднаць свае пратэставыя групы і вызначылі плян дзеяньняў у сваім змаганьні з «гарадзкой будаўнічай мафіяй».

Актывісты зьбіраюцца абскардзіць у судзе вынікі паседжаньня камісіі, якая ўхваліла праект будаўніцтва сямі паркінгаў у раёне вуліц Якуба Коласа — Калініна — Кузьмы Чорнага — Сурганава, ініцыяваць мясцовы рэфэрэндум і дамагчыся адстаўкі кіраўніцтва адміністрацыі Першамайскага раёну Менску.

«Нас абʼядноўвае агульная праблема, калі кіраўніцтва прымае рашэньні, не ўзгадняючы зь мясцовымі жыхарамі, таму вырашылі абʼяднаць свае намаганьні», — патлумачылі сваё рашэньне ўдзельнікі сумеснай прэс-канфэрэнцыі ініцыятыўных груп: старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, актывісты Валеры Языкоў, Ганна Кавалёва, Галіна Сінілевіч, Натальля Ермаловіч.

Плян забудовы раёну
Плян забудовы раёну

Скаргі ў пракуратуру перанакіравалі замоўнікам праекту

Актывіст Валер Языкоў адзначыў, што грамадзкія абмеркаваньні падпарадкоўваюцца нарматыўным актам, у якім каля 30 пунктаў. Але ўжо на першых этапах абмеркаваньня праекту забудовы квартала сямю паркінгамі пачаліся праблемы з інфармаваньнем мясцовых жыхароў. У камісію, акрамя зацікаўленых чыноўнікаў, з прадстаўнікоў грамадзкасьці ўключылі толькі адну Тацяну Кнацько (замест траіх вылучаных) і двух работнікаў ЖЭСу.

«Паводле праекту ўшчыльненьня ў нас было каля 60 заўваг і прапаноў. У адказах, якія мы атрымалі — спрэс памылкі альбо несапраўдныя лічбы (напрыклад, што да азеляненьня, выхлапаў, экалягічных нормаў). На выніковае паседжаньне камісіі ні нас, ні журналістаў не пусьцілі.

Мы напісалі ў пракуратуру тры звароты, якія адтуль былі перанакіраваныя на адрас Менгарвыканкаму — замоўніка праекту. Гэта значыць, адказы на нашы пытаньні будзе даваць юрыдычная асоба, фінансава зацікаўленая ў рэалізацыі праекту», — расказаў Валер Языкоў.

Таму пратэстоўцы падалі ў суд Першамайскага раёну пазоў, каб паседжаньне камісіі ад 3 траўня, дзе праект ушчыльненьня кварталу сямю паркінгамі быў прыняты да зацьвярджэньня, прызналі несапраўдным.

Актывісты патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва раённай адміністрацыі

Жыхар Першамайскага раёну Менску Юры Губарэвіч адзначыў, што апісаная сытуацыя характэрная і для іншых раёнаў. Фармальна заканадаўства абавязвае праводзіць грамадзкія слуханьні. Але грамадзяне, жыхары раёну, ня могуць трапіць у склад камісій, а туды накіроўваюць чыноўнікаў, якія залежаць ад адміністрацыі.

«Мы робім выснову: існуе гарадзкая будаўнічая мафія, якую пакрываюць чыноўнікі. Таму мы будзем зьбіраць подпісы за адстаўку дзьвюх канкрэтных асобаў — старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча і ягонага намесьніка Васіля Касаўца і накіруем пэтыцыю ў Адміністрацыю прэзыдэнта», — сказаў Губарэвіч.

Мясцовы рэфэрэндум па двух пытаньнях

Паводле Юрыя Губарэвіча, актывісты выступілі з ініцыятывай правесьці мясцовы рэфэрэндум з двума пытаньнямі:

  1. Ці згодныя вы з тым, каб на тэрыторыі Першамайскага раёну Менску выконвалася распараджэньне Лукашэнкі аб спыненьні ўшчыльняльнай забудовы?
  2. Ці згодныя вы з тым, каб на тэрыторыі Першамайскага раёну Менску выконвалася распараджэньне Лукашэнкі аб спыненьні высяканьня зялёных насаджэньняў?

«Першы крок — сфармаваць ініцыятыўную групу, другі — зарэгістраваць і групу, і фармулёўкі пытаньняў. Трэцяе — сабраць 10% подпісаў ад колькасьці выбарнікаў (гэта каля 16-17 тысяч)», — расказаў Юры Губарэвіч.

Пакуль жыхары пратэстуюць, будаўнікі працуюць

Будоўля на вуліцы Талбухіна
Будоўля на вуліцы Талбухіна

Актывістка Галіна Сінілевіч расказала пра тое, што на бульвары Талбухіна ў Менску ўжо амаль пабудавалі офісны будынак і паркоўку на 129 машына-месцаў (без вэнтыляцыі), супраць якога яны пратэставалі. Гэта зроблена, нягледзячы на вялікую колькасьць парушэньняў: экалягічная экспэртыза прайшла незаўважна для жыхараў, употай. Іх ініцыятыўная група не была зарэгістраваная, адзначыла Галіна Сінілевіч.

«Наагул, нельга будаваць абʼекты, якія павялічваюць транспартную плынь. Парушаныя шматлікія санітарныя нормы (паркоўка за 10 мэтраў ад інтэрнату і за 13 мэтраў ад жылога дома). Пасьля нашых пратэстаў на 2 тыдні нават была прыпыненая будоўля, але цяпер усё працягваецца», — сказала Галіна Сінілевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG