Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад выбуху ў цэху з авіябомбамі ў расейскім Дзяржынску пацярпелі амаль 90 чалавек

абноўлена

Дзяржынск у Ніжагародзкай вобласьці Расеі

На парахавым заводзе «Крышталь» у горадзе Дзяржынску Ніжагародзкай вобласьці Расеі 1 чэрвеня адбыўся выбух. Паводле апошніх дадзеных, пацярпелі 89 чалавек, зь іх 16 цяпер у шпіталях — адзін у цяжкім стане.

Гэта работнікі заводу і жыхары гораду, дзяцей сярод пацярпелых няма.

Ніжагародзкае выданьне «У горадзе N» разьмясьціла кадры выбуху, дасланыя ў рэдакцыю адным зь кіроўцаў. Выданьне таксама паведаміла са спасылкай на відавочцаў, што выбухаў было два, пазьней гэта пацьвердзілі абласныя ўлады. Як паведаміла выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ніжагародзкай вобласьці Алена Саксонава, большасьць пацярпелых атрымалі аскепкавыя раненьні.

«Выбух адбыўся ў 11:45 па маскоўскім часе. Выбітыя шыбы ў радыюсе трох кілямэтраў, на завадзкіх тэрыторыях, закрануты край гораду», — сказаў намесьнік губэрнатара Ніжагародзкай вобласьці Дзьмітрый Красноў у эфіры тэлеканалу «Расея 24» (ВГТРК). Пазьней мясцовыя ўлады паведамілі, што шыбы былі выбітыя прыкладна ў 200 будынках.

Крыніца «Інтэрфакса» паведаміў, што ў цэху вырабляліся авіяцыйныя боепрыпасы. «У цэху вырабляліся фугасныя авіябомбы і кампанэнты да іх. Боепрыпасы захоўваліся там жа», — цытуе крыніцу BBC.

«Інтэрфакс» са спасылкай на дасьведчаную крыніцу паведаміў, што выбух цалкам разбурыў будынак аднаго з цэхаў, дзе, паводле папярэдняй інфармацыі, захоўваліся боепрыпасы. Гэтая ж крыніца выказала здагадку, што выбух адбыўся ў выніку парушэньня тэхналягічнага працэсу ў цэху. Рэгіянальнае ўпраўленьне СК Расеі завяло крымінальную справу па адпаведным артыкуле.

Інфармацыю аб разбураным будынку пацьвердзіла рэгіянальнае ўпраўленьне міністэрства надзвычайных справаў Расеі, паведаміўшы, што пажар пасьля выбуху тушылі паводле падвышанага ўзроўню складанасьці:

«Тушаць па павышаным, трэцім, рангу складанасьці. Разбураны адміністрацыйны будынак», — сказаў суразмоўца агенцтву. Мясцовыя СМІ паведамілі, што пажар тушылі каля 350 чалавек і каля 40 адзінак тэхнікі.

У красавіку на заводзе «Крышталь» адбыўся іншы выбух, які цалкам зьнішчыў цэх № 54. Тады, па непацьверджаных дадзеных, прычынай выбуху стаў падпал алюмініевай пудры, якая выкарыстоўваецца для авіяцыйных вырабаў. У жніўні 2018 году яшчэ адзін выбух адбыўся на іншым абаронным заводзе ў Дзяржынску пры ўтылізацыі мінаў: там загінулі тры чалавекі.

«Крышталь» больш за 60 гадоў займаецца стварэньнем і ўкараненьнем тэхналёгій атрыманьня выбуховых рэчываў і вытворчасьцю вырабаў зь іх для ваеннай тэхнікі і іншых галінаў прамысловасьці. У 2011 годзе ён быў акцыянаваны і пачаў працу пад кіраваньнем холдынгавай кампаніі прамысловасьці боепрыпасаў і спэцхіміі, заснаванай дзяржаўнай карпарацыяй «Ростехнологии», паведамляе Настоящее время.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG