Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Краснаярску гарыць абаронны завод, дзе вырабляюць балістычныя ракеты


У Краснаярску загарэўся дах аднаго з карпусоў абароннага заводу «Красмаш», паведамляе рэгіянальнае МНС. Плошча пажару — 24 тысячы квадратных мэтраў.

Узгараньне адбылося ў адным з цэхаў па вытворчасьці халадзільных установак. Там часткова абрынуўся дах. Пажару прысвоены чацьвёрты ранг складанасьці зь пяці магчымых.

Па словах крыніцы «Інтэрфаксу», цэх, дзе пачалося ўзгараньне, выкарыстоўваецца як склад халадзільнікаў. Баявой тэхнікі там няма. «Будынак, які гарыць, стаіць адасоблена, астатнім цэхам агонь не пагражае», — дадаў суразмоўца.

Інфармацыі аб пацярпелых няма. Па дадзеных МНС, на тушэньні агню задзейнічаны 9 адзінак тэхнікі і 38 чалавек асабовага складу.

Прадстаўнікі мэрыі Краснаярску парэкамэндавалі жыхарам Ленінскага раёна не адчыняць вокны, таму што дым ад пажару зносіць у бок жылых дамоў.

Завод вырабляе балістычныя ракеты «Синева» і новыя міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты «Сармат», якія ідуць на замену «Ваеводзе» ( «Сатана» паводле клясыфікацыі NATO). Акрамя таго, на прадпрыемстве ствараюць модулі разгоннага блёку для ракет «Зенит» і «Протон». Таксама на заводзе вырабляліся паходні для Алімпіяды 2014 году ў Сочы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG