Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра патрыярха Кірыла з нагоды імянінаў


Супрацоўніцтва з КДБ, мільёны даляраў на тытунёвым і нафтавым бізнэсе, любоў да раскошы, рэзыдэнцыі, яхта, сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з днём імянінаў.

«Згодна з вышэйшымі маральнымі прынцыпамі, вы прысьвяцілі сваё жыцьцё сьвятой місіі — сьцьвярджэньні ў грамадзтве ідэалаў веры, гуманізму і справядлівасьці», — гаворыцца ў віншаваньні.

Свабода сабрала 7 фактаў пра патрыярха.

1. Уладзімір Гундзяеў пачынаў картографам

Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ленінградзе, у сям’і галоўнага мэханіка машынабудаўнічага заводу імя Калініна Міхаіла Гундзяева (потым бацька стаў праваслаўным сьвятаром, протаярэем). Сапраўднае імя — Уладзімір.

Пасьля сканчэньня 8-й клясы паступіў у Ленінградзкую комплексную экспэдыцыю Паўночна-Заходняга геалягічнага ўпраўленьня, дзе працаваў у 1962–1965 гадах тэхнікам-картографам. У 1965 годзе паступіў у Ленінградзкую духоўную сэмінарыю, а потым там жа ў духоўную акадэмію. Увесну 1969-га пастрыжаны ў манахі, атрымаў новае імя — Кірыл.

2. Абвінавачваўся ў сувязях з КДБ

Згодна з заключэньнем камісіі Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Расейскай Фэдэрацыі па расьсьледаваньні прычын і акалічнасьцяў ГКЧП, якую ўзначальвалі Глеб Якунін і Леў Панамароў, мела месца «антыканстытуцыйнае выкарыстаньне Цэнтральным камітэтам КПСС і органамі КДБ СССР шэрагу царкоўных органаў у сваіх мэтах шляхам вярбоўкі і засылкі ў іх агентуры КДБ».

У прыватным вызначэньні камісіі, дзе гаворка ішла пра дзейнасьць агентаў КДБ «па лініі Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў», падкрэсьліваецца, што характар даручэньняў, якія яны выконвалі, сьведчыць аб неаддзеленасьці названага царкоўнага падразьдзяленьня ад дзяржавы, пра яго трансфармацыю ў схаваны цэнтар агентуры КДБ сярод вернікаў.

На падставе супастаўленьня вядомых замежных паездак агента КДБ «Міхайлава» і ўладыкі Кірыла зьявілася здагадка пра тоеснасьць уладыкі Кірыла і агента «Міхайлава». У 2003 годзе сябра Маскоўскай Хэльсынскай групы сьвятар Георгі Эдэльштэйн накіраваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ліст, у якім абвінавачваў мітрапаліта Кірыла ў сувязях з КДБ.

3. Багацьце на тытунёвым і нафтавым бізнэсе

У 1992 годзе «сьвятар-камэрсант» Гундзяеў адкрыў фінансава-гандлёвую групу «Ніка». Кампанія займалася ўвозам тытунёвай прадукцыі пад выглядам гуманітарнай дапамогі — у такім выпадку цыгарэты не абкладаліся мытам.

Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы кампанія стала практычна манапалістам. Прыбытак з тытунёвага бізнэсу вымяраўся мільёнамі даляраў. Потым патрыярх Кірыл будзе апраўдваць свой удзел у гэтай справе такім чынам:

«Людзі, якія гэтым займаліся, ня ведалі, што рабіць: спаліць гэтыя цыгарэты ці адправіць іх назад? Мы зьвярнуліся да ўраду, і ён вынес рашэньне: прызнаць гэта гуманітарным грузам і даць магчымасьць яго рэалізаваць», — аргумэнтаваў ён.

Пазьней Кірыл займаўся экспартам нафты. Схема аналягічная: урад вызваляў яго ад сплаты мыта.

На пачатку 2000-х Кірыл выходзіць на рынак як уладальнік кампаніі па адлове камчацкіх морапрадуктаў, а ў Калінінградзе ён меў аўтабізнэс

4. Чатыры мільярды даляраў без уліку нерухомасьці

27 студзеня 2009 году Ўладзімір Гундзяеў стаў патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі. Дакладныя памеры ягонага багацьця невядомыя, экспэрты кажуць пра дыяпазон 1,5–4 мільярды даляраў, ня лічачы нерухомасьці і прадметаў раскошы.

Патрыярх Кірыл, 2009 год
Патрыярх Кірыл, 2009 год

Па інфармацыі The New Times, у 2002 годзе Кірыл набыў пэнтхаўс зь відам на храм Хрыста Збавіцеля. Ягоная сталая жылая рэзыдэнцыя — нядаўна пабудаваны палац у Перадзелкіне, дзеля якога зьнесьлі некалькі дамоў мясцовых жыхароў. Таксама ў яго ёсьць рэзыдэнцыі ў Патрыяршых палатах Крамля, у Чыстым завулку Масквы, у Геленджыку і на Валааме.

Для кіраўніка РПЦ будуюць рэзыдэнцыю ў горадзе Пушкін пад Санкт-Пецярбургам, гэта тэрыторыя былога падворку Феадораўскага сабору. Кошт будоўлі — каля 45 мільёнаў даляраў.

Будоўля патрыяршай рэзыдэнцыі ў Пушкіне
Будоўля патрыяршай рэзыдэнцыі ў Пушкіне

5. Яхты, самалёты, дарагія аўтамабілі

Кошт чорнай яхты «Палада» з таніраваным шклом, расейскімі гербамі на бартах і трыкалёрам на карме, прышвартаванай ля Нікольскага скіта Валаамскага архіпэлягу, ацэньваюць у 4 мільёны даляраў. Для афіцыйных візытаў кіраўніку РПЦ выдзяляюць самалёт «Іл-96-300» зь лётнага спэцатраду «Россия», створанага для абслугоўваньня вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Езьдзіць Кірыл на аўто бізнэс-клясу зь мігалкамі. За бясьпеку патрыярха адказвае Фэдэральная служба аховы. У яго бранірованы Mercedes-Benz S-Klasse Pullman, у суправаджэньні — два пазадарожнікі Cadillac Escalade. Але ўлюбёная машына Кірыла — колішняя ўрадавая «Чайка».

Сам Гундяеў у 2012 годзе, калі яго прэс-служба абняславілася «адфаташопленымі» фатаздымкамі — на іх спачатку паказалі, а потым зацерлі на руцэ патрыярха дарагі гадзіньнік Breguet коштам больш за 30 тысяч эўра, — заявіў, што езьдзіць на дарагіх машынах вымушаны дзеля статусу.

Гадзіньнік на руцэ патрыярха зарэтушавалі
Гадзіньнік на руцэ патрыярха зарэтушавалі

Дарэчы, гадзіньнік украінскія журналісты сфатаграфавалі ў той момант, калі Кірыл у жывым эфіры прамаўляў для ўкраінскіх тэлеканалаў:

«Вельмі важна навучыцца хрысьціянскай аскезе... Аскеза — гэта здольнасьць рэгуляваць сваё спажываньне. Гэта перамога чалавека над жарсьцямі, над інстынктам. І важна, каб гэтай якасьцю валодалі і багатыя, і бедныя».

6. Двойчы наведваў Беларусь

Патрыярх Кірыл і Аляксандар Лукашэнка, 2018 год
Патрыярх Кірыл і Аляксандар Лукашэнка, 2018 год

25 верасьня 2012 году патрыярх Кірыл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што царква заўсёды гатовая аказаць падтрымку ўмацаваньню саюзу братэрскіх дзяржаў і аказаць садзейнічаньне ў дыялёгу беларускага кіраўніцтва з расейскімі ўладамі.

Зьвяртаючыся да вернікаў з ганку храма Ўсіх Сьвятых у Менску, сказаў, што ўсьведамляе сябе «патрыярхам народу, які выйшаў з кіеўскай купелі хрышчэньня».

Патрыярх Кірыл адкрывае помнік патрыярху Аляксію II у Віцебску, 2012 год
Патрыярх Кірыл адкрывае помнік патрыярху Аляксію II у Віцебску, 2012 год

13 кастрычніка 2018 году патрыярх Кірыл прыляцеў на паседжаньне Сьвятога сыноду Расейскай праваслаўнай царквы, дзе абмяркоўвалася сытуацыя з праваслаўем ва Ўкраіне.

Тады ён назваў Беларусь часткай «нашай зямлі», пахваліў беларускае кіраўніцтва і скрытыкаваў украінскае.

«Белая Русь — гэта асаблівая частка гістарычнай Русі. Тут з глыбокай старажытнасьці цёплы агонь праваслаўнай веры. Таму Белая Русь зьвязаная з самымі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі», — сказаў маскоўскі патрыярх, нагадаўшы, што Полацкая эпархія стала адной зь першых у гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы.

7. За крытыку патрыярха — забарона служыць

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

13 кастрычніка сьвятар Аляксандар Шрамко апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку допіс са спасылкай на фотарэпартаж Радыё Свабода з сустрэчы маскоўскага патрыярха ў Менску. Сьвятар скрытыкаваў паводзіны аховы і самога патрыярха.

«Вось цябе чакаюць не адну гадзіну на вуліцы. Ня так шмат, як у былыя гады. Але ўсё ж нехта прыходзіць. Камусьці ты цікавы. Нават калі не пускаюць у сабор, куды ўваход толькі з пропускам. Чаму ня даць ім мінімальны жывы кантакт? Чаму трэба пад’яжджаць на машыне да самай брамы сабору і, выйшаўшы зь яе, нават не азірнуцца? Няўжо так цяжка выйсьці хаця б за 100 ці 50 мэтраў і прайсьці некалькі дзясяткаў крокаў, вітаючы і дабраслаўляючы народ? Сказаць некалькі цёплых словаў, камусьці паціснуць рукі? І выйгрыш атрымаеш несувымерны... Можа, проста дэманстратыўная пагарда?»

Аляксандра Шрамко на падставе ўказу мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла афіцыйна вызвалілі ад пасады сьвятара на 1 год бяз права служыць, насіць крыж і даваць дабраславеньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG