Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі экзархат дзейнічае ў фарватэры палітыкі Масквы», — украінскія экспэрты


Ілюстрацыйнае фота. Царква Сьвятога Арханёла Міхаіла ў Сынкавічах на Горадзеншчыне
Ілюстрацыйнае фота. Царква Сьвятога Арханёла Міхаіла ў Сынкавічах на Горадзеншчыне

Як будзе ўплываць стварэньне памеснай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне на ўкраінска-беларускія дачыненьні і на сытуацыю ў Беларусі?

На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказалі ўкраінскія палітолягі.

«Гэта не адаб’ецца на нашых двухбаковых стасунках»


Дырэктар Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда лічыць, што крытыка з боку беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы сьведчыць пра тое, што ён «дзейнічае ў фарватэры палітыкі Масквы і патрыярха Кірыла».

Яўген Магда
Яўген Магда

«Але я ня думаю, што гэта адаб’ецца на нашых двухбаковых стасунках. Я наагул прыхільнік таго, каб царкоўныя пераўтварэньні адбываліся ў атмасфэры хрысьціянскай любові і ўзаемапаразуменьня. Інакш паўстае пытаньне: для чаго яны робяцца?

Я ня бачу такой сур’ёзнай пагрозы двухбаковым стасункам з той прычыны, што Ўкраіна атрымае томас 6 студзеня.

Стварэньне гэтай царквы прайшло мірна. Тысячы людзей стаялі ля сьценаў Сафіі Кіеўскай і чакалі рашэньня. У гэтым саборы бралі ўдзел некалькі дзясяткаў вернікаў-нецаркоўнікаў, і сярод іх прэзыдэнт Пятро Парашэнка. І адсюль расьце міт, што Парашэнка асабіста кіраваў саборам. Парашэнка не кіраваў гэтым аб’яднаўчым саборам.

Але застанецца даволі многа людзей ва Ўкраіне, якія лічаць, што іх духоўны кіраўнік жыве ў Маскве. Афіцыйная дзяржаўная пазыцыя, агучаная прэзыдэнтам, палягае ў тым, што дзяржаўнай царквы ва Ўкраіне ня будзе. Таму я ня бачу пагрозы. І сярод іншага таму, што ва Ўкраіне і Беларусі царква аддзеленая ад дзяржавы.

Ці можа ўзьнікнуць дыялёг паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Праваслаўнай царквой Украіны? Чаму не? Я думаю, што гэты дыялёг можа быць нават на ўзроўні памежных прыходаў. Герархі царквы так ці інакш будуць знаходзіць паміж сабой узаемапаразуменьне, але, магчыма, гэта адбудзецца ня сёньня.

Але прызнаньне Ўсяленскім патрыярхатам Праваслаўнай царквы Ўкраіны — гэта даволі важны крок для таго, каб зразумець, што яна кананічная».

«Беларусы будуць бачыць пэрспэктывы»

Кіраўнік Рады замежнай палітыкі «Ўкраінская прызма» і Грамадзкай рады пры МЗС Украіны Генадзь Максак мяркуе, што стварэньне новай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне будзе мець пазытыўны ўплыў на Беларусь.

«Бо беларусы будуць бачыць пэрспэктывы, ці быў гэта правільны крок адносна Ўкраіны. Мы доўга хацелі, каб у нас была свая памесная аўтакефальная праваслаўная царква, і цяпер мы яе маем.

Застанецца і царква Маскоўскага патрыярхату. Яна нікуды не падзенецца, яна будзе існаваць ва Ўкраіне, але ня будзе мець там статусу.

Генадзь Максак
Генадзь Максак

І беларусам будзе бачна самім, ці насамрэч гэта было правільным рашэньнем, ці будзе ўціск прыхаджан Маскоўскага патрыярхату.

Гэта будзе клясным прыкладам, наколькі мы можам рухацца наперад. І беларусы будуць думаць пра тое, ці неабходная ім уласная аўтакефальная царква ў такім фармаце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG