Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік Леніну ня вернецца на цэнтральную плошчу Смаргоняў


Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргонях. 18 красавіка 2019 году
Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргонях. 18 красавіка 2019 году

Улады Смаргоняў на Горадзеншчыне вырашылі не вяртаць помнік Леніну на цэнтральную плошчу. Куды падзець бэтонную спаруду пасьля рамонту, падчас грамадзкага абмеркаваньня вырашаць самі гараджане.

Гараджане вызначаць альтэрнатыўную пляцоўку

У сярэдзіне красавіка з аднайменнай плошчы райцэнтру камунальнікі зьнесьлі помнік «правадыру сусьветнага пралетарыяту», які ад пачатку 1970-х стаяў перад будынкам райвыканкаму. Пазьней дэмантавалі і грувасткі п’едэстал, паставіўшы на вызваленым месцы вазы-клюмбы.

Адпачатку паведамлялася, што Ленін пасьля рэстаўрацыі мае вярнуцца на сваё месца да 17 лістапада, калі ў горадзе будуць сьвяткаваць абласныя «Дажынкі». Па гарачых сьлядах на форуме дзяржаўнай раёнкі «Сьветлы шлях» распачалося актыўнае абмеркаваньне таго, ці трэба вяртаць скульптуру чалавека, які ня меў ніякага дачыненьня да гісторыі гораду. Бальшыня катэгарычна выказалася за знос, гучалі прапановы, што хапае выдатных асобаў, вартых ушанаваньня — напрыклад, Станіслаў Радзівіл, заснавальнік славутай «мядзьведжай акадэміі».

Выглядае, што кіраўніцтва Смаргонскага райвыканкаму прыслухалася да голасу народу і прыйшло да высновы, што вяртаць Леніна немэтазгодна. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў аддзеле ідэалягічнай працы. Там удакладнілі, што скульптуры зробяць «касмэтычны рамонт» і знойдуць альтэрнатыўнае месца, якое прапануюць самі смаргонцы.

Падобныя аб’екты ня вартыя вялізных выдаткаў

Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі, вядомы скульптар Уладзімер Церабун — нараджэнец Смаргоні, апошнім часам тут і жыве. Ён суаўтар мэмарыялу ахвярам Першай сусьветнай вайны на ўскраіне гораду і скульптурнай кампазыцыі ў гарадзкім парку, прысьвечанай выхаванцам і «выкладчыкам» знакамітай «мядзьведжай акадэміі». За савецкім часам сам зарабляў на ленініяне: ня толькі тыражаваў бюсты Леніна, а і займаўся рэстаўрацыяй. Некалькі разоў аднаўляў і смаргонскага Ільіча.

Смаргонскі скульптар Уладзімер Церабун
Смаргонскі скульптар Уладзімер Церабун

Месяц таму ён асабіста назіраў, як дэмантуюць помнік, і салідарны, што на цэнтральнай плошчы яму больш ня месца.

«Па-першае, калі казаць пра мастацкую каштоўнасьць, ён такой не ўяўляе, — сказаў скульптар Свабодзе. — Звычайны бэтон, які з часам пачаў сыпацца. Па-другое, гістарычная вартасьць. Зноў жа, ніякага дачыненьня да нашага гораду. Маё меркаваньне такое: калі надта ўжо хочацца, без усялякага высачэннага пастамэнту паставіць у іншым месцы. Падкрэсьлю: пры ўмове, калі будзе такое жаданьне ў саміх жыхароў. А калі людзі супраць, то навошта ўвогуле марнаваць час? Бо так ці інакш яго давядзецца захоўваць, выдаткоўваць сродкі. Я двойчы яго рэстаўраваў і ведаю, што гэта такое».

Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргоні. 18 красавіка 2019 году
Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргоні. 18 красавіка 2019 году

Паводле суразмоўцы, помнік Леніну зьявіўся пасьля вайны і адпачатку стаяў каля дзіцячай бібліятэкі. Пасьля яго перанесьлі да школы № 1, дзе акурат вучыўся Ўладзімер Церабун, а затым узьвялі высокі пастамэнт перад будынкам райвыканкаму і ўзьнеслі на яго. Ад таго часу даводзілася рэгулярна падмазваць да падфарбоўваць скульптуру, каб яна мела «таварны выгляд».

«Вельмі добрае выйсьце прыдумалі ў суседніх Ашмянах, — адзначае ён. — Там у цэнтры — у атачэньні касьцёлу, царквы і сынагогі — таксама стаяў помнік Леніну. Нават лепшы за смаргонскі, бо з мэталу, ня трэба было бясконца аднаўляць. Урэшце перанесьлі ў бок, схавалі за кустамі. Нібыта і ёсьць, а нікому не замінае... Асабіста я перакананы: такія скульптуры ня вартыя таго, каб траціць вялікія грошы на іх захаваньне. Ратаваць трэба тое, што мае мастацкія вартасьці. Каб моладзь выхоўвалася на добрых прыкладах, а не на асобах, якія ёй нічога ня кажуць».

Парэшткі помніка Леніну ў Смаргоні
Парэшткі помніка Леніну ў Смаргоні

Аднолькавых Ільічоў тыражавалі пад капірку

Помнік Уладзімеру Ульянаву-Леніну на высокім пастамэнце зьявіўся ў цэнтры Смаргоняў у 1972 годзе, апошнім часам ён быў моцна занядбаны. З усіх бакоў яго атачаюць культавыя збудаваньні: касьцёл сьвятога Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор XVI стагодзьдзя), хрысьціянскі адукацыйны цэнтар пры ім, а таксама праваслаўная Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква на месцы разбуранай у Першую ўсясьветную вайну.

За ўзор была ўзятая форма, адлітая савецкім скульптарам Сяргеем Мяркуравым — менавіта пад яго кіраўніцтвам створаныя шматлікія помнікі Леніну, Сталіну ды іншым камуністычным дзеячам па ўсім СССР. Пасьля ўкраінскай «рэвалюцыі годнасьці» 2014 году, падчас так званага «ленінападу», былі зрынутыя тысячы такіх статуй, у тым ліку помнік работы Мяркурава на Бесарабскай плошчы ў Кіеве.

Смаргонскі Ленін ня ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, з кожным годам ён выглядаў усё менш прэзэнтабэльна. Але адмовіцца ад савецкай спадчыны, якая ня мае ні мастацкай, ні культурнай каштоўнасьці, раённая адміністрацыя доўгі час не рызыкавала.

Пры тым, што напачатку незалежнасьці Смаргоні патрапілі ў аналы гісторыі: раённая газэта «Сьветлы шлях» стала першай у Беларусі, рэдакцыя якой адмовілася ад абавязковага бальшавіцкага лёзунгу «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG