У Курапатах зьніклі яшчэ тры крыжы з боку рэстарацыі

Зьміцер Дашкевіч каля аднаго зь белых крыжоў, ліпень 2018
Зьміцер Дашкевіч каля аднаго зь белых крыжоў, ліпень 2018

Пра зьнікненьне крыжоў Свабодзе паведаміў адзін зь лідэраў пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим», сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Зьніклі тры з чатырох белых крыжоў, якія стаялі за плотам на тэрыторыі Курапатаў з заходняга боку, дзе месьціцца рэстарацыя.

«Відаць, гэта было зроблена сёньня ў першай палове дня ці ноччу, бо трава і кветкі, якія былі вакол крыжоў, выкапаныя, але яшчэ не засохлі», — лічыць Севярынец.

Зьніклыя крыжы былі добра відаць ад уваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», а таксама з кальцавой аўтадарогі, адзначыў Севярынец.

«Альбо ўсё ж адбываецца горшае, пра што мы шмат разоў казалі, — што Курапаты па-ціхаму, па крыжу, але паступова зьнішчаць на загад уладаў. Альбо гэта нечая самадзейнасьць. Не выключаю, што і кагосьці з рэстарацыі, бо ад яе гэтыя крыжы былі добра бачныя, што называецца, мулялі вока, а цяпер ім стала „чысьцей“. Але ў любым выпадку ніводзін факт вандалізму ў Курапатах да канца не расьсьледаваны, вось разбурэньне мэмарыялу і працягваецца», — мяркуе Павал Севярынец.

Атымаць камэнтар у Бараўлянскім спэцлясгасе, які адказвае за тэрыторыю, не ўдалося — ніхто ня ўзяў слухаўку.

У канцы 2018 году ў Курапатах быў апаганены дзяржаўны мэмарыяльны знак, усталяваны на ўзвышшы.

У пачатку 2019 году двойчы бурылі і ў выніку зьнішчылі лаву Клінтана — мэмарыяльны помнік, які яшчэ ў 1994 годзе адкрыў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Па гэтых фактах Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы, але вінаватых дагэтуль не знайшлі.

​
XS
SM
MD
LG