Дашкевічу не вярнулі крыжы, вывезеныя з Курапатаў

Зьміцер Дашкевіч падчас усталяваньня крыжоў у Курапатах, ліпень 2018
Зьміцер Дашкевіч падчас усталяваньня крыжоў у Курапатах, ліпень 2018

Абаронца Курапатаў Зьміцер Дашкевіч паведаміў Свабодзе, што яму дагэтуль не вярнулі 70 крыжоў, якія працаўнікі Бараўлянскага спэцлясгасу, будаўнікі з Заслаўя і міліцыянты зьнесьлі і вывезьлі з Курапатаў 4 красавіка.

Першую скаргу ў пракуратуру актывіст аднёс 8 красавіка. На гэтую скаргу Зьміцер Дашкевіч атрымаў адказ, які назваў адпіскай, паскардзіўшыся другі раз.

Актывіст пытаўся пра законныя падставы для зносу крыжоў, на якія спасылаліся Міністэрства лясной гаспадаркі і Бараўлянскі спэцлясгас пасьля падзей 4 красавіка.

«Памятаеце, яны ж спасылаліся на нейкі дазвол на „ўпарадкаваньне ў Курапатах“, дадзены лясгасу. Але з пракуратуры мне адказалі, што ніякі дазвол і ня быў патрэбны. То бок нібыта ўсё было зроблена законна», — кажа Зьміцер Дашкевіч.

Ён кажа, што не атрымаў адказу ў тым ліку на галоўнае пытаньне — пра далейшы лёс прыналежных яму крыжоў. Таму днямі даслаў у пракуратуру новую заяву:

«Зноў паўтараю: дзе і калі я магу забраць 70 крыжоў, якія Бараўлянскі спэцлясгас павыварочваў і вывез з Курапатаў 4 красавіка 2019 году?»

Празь некалькі дзён пасьля «крыжалому» ў Курапатах дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што гатовы вярнуць крыжы Дашкевічу, калі той прадставіць дакумэнты на іх.

«Пагадзіцеся, зьвяртацца да злодзея каб ён вярнуў тое, што забраў — нелягічна і ня мае сэнсу. Таму я адразу зьвярнуўся ў орган, які быццам бы мусіць кантраляваць законнасьць ў краіне — Генпракуратуру», — патлумачыў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч.

​
XS
SM
MD
LG