Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінлясгас «гатовы вярнуць» уласьнікам зьнесеныя курапацкія крыжы. Пры адной умове


У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заяўляюць, што Бараўлянскі спэцлясгас гатовы вярнуць уласьніку дэмантаваныя ў Курапатах крыжы, калі будуць прадстаўленыя дакумэнты, якія сьведчаць аб праве ўласнасьці на іх. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала прэсавы сакратар Мінлясгасу Анастасія Дакучаева.

«У размове з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай першы намесьнік міністра Валянцін Шатраўка дакладна абазначыў, што Бараўлянскі спэцлясгас гатовы вярнуць крыжы ўласьнікам. Адпаведна, трэба зьвярнуцца ў спэцлясгас, прадставіць дакумэнты, што гэта іх уласнасьць, і крыжы будуць вернутыя», — сказала Анастасія Дакучаева.

Дзе цяпер захоўваюцца крыжы, зьнесеныя ў Курапатах 4 красавіка, Анастасія Дакучаева не паведаміла, бо «не валодае такой інфармацыяй».

Пасьля гэтай размовы карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да дырэктара Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандра Мірановіча і спытаў, ці гатовыя яны вярнуць курапацкія крыжы ўласьнікам.

«Так, як вам сказалі ў Мінлясгасе, гэтак і будзе», — сказаў Аляксандар Мірановіч.

Пры гэтым Мірановіч таксама не сказаў, дзе цяпер знаходзяцца крыжы, вывезеныя з Курапатаў.

4 красавіка па пэрымэтры месца сталінскіх рэпрэсій у Курапатах прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый зьнесьлі больш за 70 крыжоў. Частку зь іх летась паставіў вакол лесу былы старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі. Тады ж на месцы зьнесеных крыжоў вакол Курапат пачалі ўсталёўваць сеткавую агароджу, якая на сёньняшні дзень цалкам змантаваная. Гэтыя працы ў Мінлясгасе назвалі «добраўпарадкаваньнем Курапат».

Дашкевіч: Усе дакумэнты прыклаў да заявы ў пракуратуру

«Дакумэнты, якія даказваюць, чыя гэта ўласнасьць, я прыклаў да заявы ў пракуратуру, якую аднёс у панядзелак, — сказаў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч. — Да заявы прыкладзеныя копіі чэкаў на дрэва, мэтал, фарбу — на ўсё, з чаго рабіліся крыжы. Мяркую, адна дзяржаўная ўстанова мусіць праінфармаваць другую пра гэта, каб вярнулі крыжы. Калі будзе патрэбна, дык і наўпрост аднясу дакумэнты ў Бараўлянскі спэцлясгас. Забяром гэтыя крыжы і захаваем да лепшых часоў».

Актывісты зьвярнуліся да Лукашэнкі

Некалькі актывістаў аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім просяць яго вярнуць 70 зьнесеных крыжоў ва ўрочышчы, піша Tut.by.

Сярод падпісантаў звароту актывісты Ганна Шапуцька, Валер Рабцаў, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Ганна Шапуцька патлумачыла, што лічыць знос крыжоў ва ўрочышчы актам вандалізму і беззаконьнем. Таксама яна распавяла, што на крыжы і іх устаноўку праз краўдфандынг было сабрана і патрачана 11 тысяч рублёў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG