Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі адваката алігарха Каламойскага


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і ягоны адвакат і кансультант Андрэй Багдан на сустрэчы з заканадаўцамі ў Кіеве. 21 траўня 2019 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і ягоны адвакат і кансультант Андрэй Багдан на сустрэчы з заканадаўцамі ў Кіеве. 21 траўня 2019 году

Уладзімір Зяленскі прызначыў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі свайго дарадцу ў юрыдычных пытаньнях, асабістага адваката алігарха Ігара Каламойскага Андрэя Богдана. Адпаведны ўказ зьявіўся на сайце прэзыдэнта Ўкраіны 21 траўня.

Раней Андрэй Богдан адзначаў, што ў выпадку прызначэньня яго на нейкую дзяржаўную пасаду ён завершыць сваю адвакацкую практыку. Кандыдатам на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Богдана называў сам бізнэсоўца Каламойскі.

Ігар Каламойскі адкрыта падтрымліваў Зяленскага перад выбарамі і ў час іх, Зяленскі мог часта кантактаваць зь ім, яго суправаджала асабістая ахова алігарха. Тэлеканал «1+1», які належыць Каламойскаму, актыўна падтрымліваў Зяленскага, а ягоныя шоў (у тым ліку тэлесэрыял «Слуга народу») выходзілі на гэтым канале з 2012 году. Заяву Зяленскага пра тое, што ён ідзе на выбары, на «1+1» паказвалі замест навагодняга звароту прэзыдэнта.

Уладзімір Зяленскі прызначыў таксама пяцярых намесьнікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта:

  • Сяргея Трафімава,
  • Кірыла Цімашэнку,
  • сцэнарыста студыі «Квартал 95» Юрыя Касьцюка,
  • былога намесьніка міністра юстыцыі Руслана Рабашапку,
  • намесьніцу міністра замежных спраў Алену Зеркаль.

Аднак пазьней з сайту Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны зьнік указ аб прызначэньні Алены Зеркаль намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле стану на 8.30 22 траўня ўказ № 309/2019 адсутнічае.

Сваім першым памочнікам прэзыдэнт Украіны прызначыў свайго бізнэс-партнэра, сузаснавальніка студыі «Квартал 95» Сяргея Шэфіра.

21 траўня Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім распускае Вярхоўную Раду Ўкраіны. Ён таксама прызначыў датэрміновыя парлямэнцкія выбары на 21 ліпеня 2019 году.

Напярэдадні, 20 траўня, Зяленскі прынёс прысягу і зрабіў заяву аб роспуску Вярхоўнай Рады. Першапачаткова парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне былі заплянаваныя на 27 кастрычніка.

Хто такі Каламойскі і як ён зьвязаны зь Зяленскім

Ігара Каламойскага называюць адным з самых уплывовых алігархаў Украіны.

  • Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Днепрапятроўску (сёньня Дніпро). Інжынэр-мэталюрг, у сярэдзіне 1980-х ён стаў сузаснавальнікам аднаго зь першых ва Ўкраіне гандлёвых каапэратываў, а ў 1992 годзе заснаваў Прыватбанк, будучы найбуйнейшы банк Украіны.
  • Аснову групы «Прыват», акрамя аднайменнага банка, склалі фэрасплаўныя заводы Ўкраіны, горна-абагачальныя камбінаты, найбуйнейшая нафтагазавая кампанія краіны «Ўкрнафта», шэраг незалежных нафтаперапрацоўчых заводаў і сеткі аўтазаправак.
  • У пачатку 2000-х Каламойскі атрымаў кантроль над групай мэдыяактываў, якія аб’яднаў у найбуйнейшую ва Ўкраіне мэдыягрупу «1 + 1 мэдыя». У 2008 годзе Forbes ацэньваў маёмасьць Каламойскага ў $4,7 млрд.
  • У 2014–2015 гадах, пасьля акупацыі Расеяй Крыму і ваеннага крызісу ў Данбасе алігарх кіраваў Днепрапятроўскай (сёньня Січаслаўская) вобласьцю, але ў 2015 годзе быў зьняты ўказам Парашэнка.
  • Зьмяншэньне ўплыву Каламойскага і яго адхіленьне ад асноўных украінскіх актываў — Прыватбанка і «Ўкрнафты» — былі ў прыярытэце другой часткі прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі. Каламойскі становіцца фігурантам крымінальных спраў і пакідае Ўкраіну.
  • Маючы тры грамадзянствы (Украіны, Кіпру і Ізраілю), ён значную частку часу праводзіць у Жэнэве.
  • Пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага ў прэзыдэнцкіх выбарах Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну ў траўні 2019 году — упершыню за два гады адсутнасьці.
Плякат у Львове
Плякат у Львове

Як Каламойскі зьвязаны з Зяленскім

  • Каламойскага зьвязваюць з прэзыдэнцкай кампаніяй Уладзіміра Зяленскага. Сярод афіцыйных спонсараў кандыдата ён ня лічыцца, але яго тэлеканал адыграў вырашальную ролю ў зьяўленьні новага палітыка.
  • Студыя Зяленскага «Квартал 95» працуе на канале Каламойскага «1 + 1» з 2012 году. Тамсама выходзіць сэрыял «Слуга народа: гісторыя будучага прэзыдэнта» зь Зяленскім у галоўнай ролі. У тым ліку дзякуючы яму «1 + 1» стаў лідэрам прайм-тайма ва Ўкраіне.
  • Заяву Зяленскага пра рашэньне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах паказалі па «1 + 1» 31 сьнежня 2018 году, перад навагоднім зваротам Парашэнкі. Тэлеканал патлумачыў гэта барацьбой з «саўковым рудымэнтам».
  • Застапіўшы на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі прызначыў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі свайго дарадцу ў юрыдычных пытаньнях, асабістага адваката алігарха Ігара Каламойскага Андрэя Богдана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG