Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алігарх Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну пасьля двух гадоў эміграцыі


Ігар Каламойскі, архіўнае фота

Бізнэсовец Ігар Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну ноччу 16 траўня, паведаміў у сваім Telegram-канале Міхаіл Ткач —​ журналіст праграмы «Схемы» (супольны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «UA: Перший»).

Спачатку журналіст паказаў, што «а 02:30 з Тэль-Авіву ў аэрапорт Дніпра прыляцеў самалёт групы «Прыват» з бартавым нумарам UR-PRT», але «пра пасажыраў пакуль інфармацыі няма». Пасьля напісаў, што «паводле інфармацыі крыніц, гэтым самалётам прыляцеў алігарх Ігар Каламойскі».

Выданьне «theБабель» паведамляе, што сам алігарх пацьвердзіў прыбыцьцё ва Ўкраіну.

«На ўдакладняльнае пытаньне, чым зоймецца ў першую чаргу, бізнэсовец адказаў, што ня ведае», — гаворыцца ў паведамленьні.

Да чаго тут перамога Зяленскага

Ігар Каламойскі ня быў ва Ўкраіне з чэрвеня 2017 году, жыў у швайцарскай Жэнэве. Ад верасьня 2018-га знаходзіўся ў горадзе Герцлія ў Ізраілі. У інтэрвію «Схемам» Каламойскі казаў, што перабраўся са Швайцарыі ў іншую краіну «па сямейных абставінах» і заяўляў, што плянуе вярнуцца ва Ўкраіну пасьля першага тура прэзыдэнцкіх выбараў.

Перадвыбарчы плякат ва Ўкраіне, на якім за плячыма кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Зяленскага алігарх Ігар Каламойскі
Перадвыбарчы плякат ва Ўкраіне, на якім за плячыма кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Зяленскага алігарх Ігар Каламойскі

Пасьля бізнэсовец сьцьвярджаў у інтэрвію Bihus.info, што спадзяецца на адсутнасьць палітычнага ціску на суды пры новаабраным прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскім і таму не баіцца вярнуцца ва Ўкраіну. Ён таксама сказаў, што ў час прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі «можна прыехаць, а потым ня выехаць».

Каламойскі адкрыта падтрымліваў Зяленскага перад выбарамі і ў час іх, Зяленскі мог часта кантактаваць зь ім, яго суправаджала асабістая ахова алігарха. Тэлеканал «1+1», які належыць Каламойскаму, актыўна падтрымліваў Зяленскага, а ягоныя шоў (у тым ліку тэлесэрыял «Слуга народу») выходзілі на гэтым канале з 2012 году. Заяву Зяленскага пра тое, што ён ідзе на выбары, на «1+1» паказвалі замест навагодняга звароту прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG