Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміста Чалага аштрафавалі за несанкцыянаваную акцыю ў гадавіну чарнобыльскай катастрофы


Сяргей Чалы, архіўнае фота
Сяргей Чалы, архіўнае фота

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы атрымаў штраф у 10 базавых велічыняў (255 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 26 красавіка ў Менску. Вырак абвясьціў 17 траўня ў судзе Савецкага раёну Менску судзьдзя Сяргей Шаціла.

На ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску штогод ад 1989 году традыцыйна праходзіў Чарнобыльскі шлях — акцыя памяці ладзілася без удзелу дзяржавы, але ўлады амаль заўсёды дазвалялі яе. Заяўку на мітынг і шэсьце ў 2019 годзе адклікалі празь нежаданьне плаціць міліцыі за абавязковую ахову. Акцыя прайшла несанкцыянавана, але затрыманьняў не было.

Як піша сябра руху «За свабоду» Вольга Быкоўская, якая прысутнічала на працэсе, міліцыянты налічылі на несанкцыянаванай акцыі 70 чалавек. Cьведка-міліцыянт, які даваў паказаньні ў справе Чалага, пераблытаў яго зь іншым удзельнікам акцыі: Чалы быў у чырвонай куртцы, міліцыянт жа сьведчыў пра чалавека ў зялёнай куртцы і чырвонай кепцы.

Днём раней актывістку з Асіповічаў Тацяну Барэль аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (382,5 рубля) за правядзеньне адзіночнага пікету падчас несанкцыянаванай чарнобыльскай акцыі.

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG