Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрку аштрафавалі за плякат на чарнобыльскай акцыі ў Менску


Актывістку з Асіповіч Тацяну Барэль аштрафавалі на 382,5 рубля (15 базавых велічынь) за правядзеньне адзіночнага пікету падчас несанкцыянаванай акцыі ў Менску 26 красавіка, на ўгодкі чарнобыльскай аварыі.

Тады традыцыйная акцыя апазыцыі, прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, была скасаваная. Улады дазволілі шэсьце, але арганізатары акцыі адклікалі заяўку, не пагадзіўшыся аплочваць міліцыі паслугі аховы дэманстрантаў. Але каля 70 чалавек сабраліся на традыцыйным месцы каля Акадэміі навук, а потым прайшлі да капліцы ў парку Дружбы народаў, дзе адбыўся кароткі жалобны мітынг.

Тацяна Барэль у гэтым шэсьці ня ўдзельнічала. Яна толькі выйшла па пляцоўку каля Акадэміі навук з самаробным плякатам у руках. На плякаце былі пазначаныя зьвесткі аб колькасьці памерлых і народжаных у Беларусі ў 2018 і 2019 гадах. Зь лічбаў вынікла, што насельніцтва Беларусі працягвае хутка зьмяншацца. «Гэта генацыд? Хто адкажа?» — запыталася ў канцы пляката актывістка.

Калі іншыя ўдзельнікі акцыі рушылі на шэсьце, Тацяна Барэль спусьцілася ў мэтро. Там, на станцыі «Плошча Якуба Коласа» яе затрымалі і склалі пратакол, а пазьней на 16 траўня выклікалі ў Першамайскі раённы суд гораду Менску.

«Суд быў кароткім, — расказала Тацяна Барэль карэспандэнту Свабоды. — Сьведчылі супраць мяне два міліцыянты, але нічога не прыдумлялі. Казалі, што папярэджвалі, што стаяла з плякатам, а я і сама гэта не адмаўляла. Вось толькі чаму гэта забаронена? Як і прадбачыла, пакаралі, але зашмат далі — гэта ж цэлая мая пэнсія за месяц! Яшчэ аштрафавалі аднаго мужчыну, які таксама выйшаў з плякатам, але яму прысудзілі меней, чым мне, — 10 базавых. Відаць, менш крыўднае нешта напісаў», — расказала Тацяна Барэль.

Паводле назіральнікаў «Вясны», затрыманьняў падчас несанкцыянаванага Чарнобыльскага шляху 26 красавіка не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG