Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За зьбіцьцё Чалага нападнікаў пакаралі 3 гадамі турмы і 3 гадамі «хіміі»


Аляксандар Рублёў (зьлева) і Кірыл Доўнар у судзе. 13 жніўня 2018 году
Аляксандар Рублёў (зьлева) і Кірыл Доўнар у судзе. 13 жніўня 2018 году

Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес вырак у гучнай справе аб зьбіцьці эканаміста Сяргея Чалага і яго сябра Анатоля Сакалоўскага.

Судзьдзя Тацяна Акавітая прысудзіла нападнікам: Аляксандру Рублёву — 3 гады зьняволеньня, Кірылу Доўнару — 3 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу (так званай «хіміі»).

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Пацярпелыя патрабавалі ад падсудных яшчэ грашовай кампэнсацыі за маральныя пакуты: Чалы — 5 тысяч рублёў, Сакалоўскі — 500 рублёў. Суд пастанавіў спагнаць на карысьць Чалага 1 тысячу рублёў і судовыя выдаткі (звыш 1 тысячы рублёў), на карысьць Сакалоўскага — 250 рублёў.

Эканаміста Сяргея Чалага жорстка зьбілі невядомыя. Ён у шпіталі

19 траўня ўначы эканаміста Сяргея Чалага і яго сябра Анатоля Сакалоўскага зьбілі ў двары дома па вуліцы Леніна ў Менску, за ГУМам. Чалы трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа. Калі справа займела рэзананс, хлопцы, што зьбілі, самі прыйшлі ў міліцыю.

Кірыл Доўнар (у цэнтры)
Кірыл Доўнар (у цэнтры)

Высьветлілася, што дзьве кампаніі, якія перад канфліктам былі ў кавярні ўнівэрсаму «Цэнтральны», нападпітку сустрэліся ў двары.

Жонка Рублёва Марыя захацела ў прыбіральню, але ўбачыла двух мужчын, яе муж папрасіў іх адыйсьці, а Чалы нібыта сказаў на яе адрас непрыстойную фразу. Аляксандар Рублёў паклікаў на дапамогу Кірыла Доўнара, які ўжо сышоў з двара. Адбылася бойка.

Пачаўся суд над мужчынамі, якія жорстка зьбілі эканаміста Сяргея Чалага. ФОТА

Кірыл Доўнар і Аляксандар Рублёў абвінавачваюцца ў хуліганскіх дзеяньнях у дачыненьні да Сяргея Чалага і Анатоля Сакалоўскага (частка 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі): паводле сьледзтва, яны нанесьлі пацярпелым лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія выклікалі кароткатэрміновае расстройства здароўя, парвалі адзеньне.

Абвінавачаныя віну прызналі часткова, не згаджаючыся з тым, што ўсё адбылося «з хуліганскіх памкненьняў». Пацярпелыя і нападнікі былі п’яныя.

Аляксандар Рублёў з роднымі
Аляксандар Рублёў з роднымі

Пракурор прасіў прызначыць Рублёву 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму (раней ён быў асуджаны таксама за бойку), а Кірылу Доўнару — 3 гады ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Абодва абвінавачаныя ў апошнім слове папрасілі прабачэньня, пакаяліся, прасілі таксама не пазбаўляць волі, бо ў кожнага праца, сям’я.

«Наступалі клінам». Сяргей Чалы пра начны напад невядомых

Пацярпелыя на судзе прасілі не караць хлопцаў «рэальным пазбаўленьнем волі», хоць раней, калі тыя хацелі вырашыць праблему мірным шляхам, Чалы пагражаў іх пасадзіць. Што да вялікай сумы маральнай кампэнсацыі, Чалы тлумачыў гэта тым, што доўгі час адчуваў вялікі дыскамфорт, а да таго ж ня мог працаваць, бо ягоная дзейнасьць зьвязаная з тэлебачаньнем.

Кірыл Доўнар у апошнім слове сказаў, што калі б ён меў такую суму, лепш бы дапамог дзіцяці з анкалёгіяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG