Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым «памешчык Манюшка» не дагадзіў партыйцам. Гісторыя музэю, створанага насуперак уладзе


Васіль Несьцяровіч ля старой агароджы палацу Манюшкаў у Сьмілавічах
Васіль Несьцяровіч ля старой агароджы палацу Манюшкаў у Сьмілавічах

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Свабода расказвае пра энтузіяста з Чэрвеньскага раёну Васіля Несьцяровіча, які за савецкім часам насуперак супраціву ідэолягаў з нуля стварыў экспазыцыю ў гонар знакамітага земляка, кампазытара Станіслава Манюшкі.

Пра што расказаў заснавальнік музэю Васіль Несьцяровіч

  • Як савецкія ідэолягі змагаліся з «прыгнятальнікам сялянаў»
  • Манюшкаўскія фэстывалі за мяжой і забыцьцё на радзіме
  • Вясковыя школьнікі асвоілі майстэрства экскурсаводаў
  • Чаму заслужанага работніка культуры Польшчы ігнаруюць дома
  • Аднаўленьне фальварку Убель як новая ідэя Несьцяровіча.

Ідэалягічная вайна

50 гадоў таму Васіль Несьцяровіч, тады дырэктар Азёрнаўскай васьмігадовай школы Чэрвеньскага раёну, рызыкнуў пайсьці супраць ідэалягічнай плыні. Калі навокал у школах адкрывалі ленінскія ды партызанскія куткі, ён замахнуўся на музэй у гонар славутага земляка — кампазытара Станіслава Манюшкі.

Шыльда на музэі Манюшкі ў Азёрным, 2008 год
Шыльда на музэі Манюшкі ў Азёрным, 2008 год

Першы ў Беларусі і дагэтуль адзіны ў сьвеце музэй Станіслава Манюшкі запрацаваў у Азёрным 5 траўня 1969 году — у 150-ы дзень нараджэньня клясыка. Аўтар песень, опэр, апэрэт, балетаў, рэквіемаў нарадзіўся непадалёк — у фальварку Убель.

Ад сядзібы нічога не засталося, цяпер гэта тэрыторыя санаторыя «Волма». Пра гістарычнасьць мясьціны нагадвае памятны знак на беларускай і польскай мовах — згадка пра Манюшку і ноты некалькіх тактаў арыі зь ягонай опэры «Галька».

Манюшказнаўца Язэп Янушкевіч і Васіль Несьцяровіч ля памятнага знаку ў Убелі
Манюшказнаўца Язэп Янушкевіч і Васіль Несьцяровіч ля памятнага знаку ў Убелі

За час існаваньня музэй быў філіяй Чэрвеньскага краязнаўчага музэю, Абʼяднаньня дзяржаўных літаратурных музэяў, Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. 10 гадоў таму Азёрнаўскую школу закрылі, экспанаты пераехалі ў Чэрвень, а пад 200-гадовы юбілей — у «Музычную гасьцёўню» Сьмілавічаў.

Васіль Несьцяровіч успамінае, як з нуля насычалася экспазыцыя: афішы, пласьцінкі, нотныя запісы, фатаздымкі, малюнкі з пэйзажамі бацькі кампазытара Часлава, партрэты настаўнікаў, сваякоў, малога Стася. Опэрныя тэатры Варшавы і Познані падзяліліся сцэнічнымі касьцюмамі з пастановак «Галька», «Парыя», «Страшны двор». Агулам удалося назьбіраць паўтысячы экспанатаў. Праўда, амаль усё — копіі, бо арыгіналы расьцягнулі пры бальшавіках ды згарэлі падчас апошняй вайны.

Карпусы санаторыя транспартнікаў «Волма»
Карпусы санаторыя транспартнікаў «Волма»

І ўвесь гэты час Несьцяровічу даводзілася пераконваць ідэолягаў, што нават і ў думках не было падрываць савецкія асновы ўшанаваньнем памяці «нейкага паляка».

«Усяго хапала. Памятаю, быў такі дзяяч у Менскім абкаме партыі, Стрыжэвіч, вёў ідэалягічную работу. Дык ён мне ў вочы казаў: „Несьцяровіч — гэта нейкая зараза: яго празь дзьверы выганяюць, а ён у акно шчэміцца. Задзяўбаў ужо са сваім Манюшкам!“ І з райвыканкамаўскімі давялося паваяваць, таксама дзяўблі: „Ну навошта табе гэты памешчык? Ён жа сялян прыгнятаў!“ Самі нічога ня ведаюць, а іншых павучыць майстры. Такую вёў барацьбу, што ня дай Божа. Не было каму нават падтрымаць».

Несьцяровіч нагадвае колішнім і цяперашнім апанэнтам: Манюшкі хоць і былі шляхетнага паходжаньня, але давалі сялянам сваё прозьвішча, каб тыя хутчэй скінулі зь сябе прыгоннае права. У вёсцы Убель, на супрацьлеглым ад фамільнага фальварку беразе Волмы, і па сёньня жывуць Манюшкі — нашчадкі конюхаў, кавалёў, садоўнікаў.

Экспэрымэнтальны музэй

У 1969-м, напярэдадні 150-гадовага юбілею Манюшкі, улады стаміліся ад настырнага дырэктара Несьцяровіча і ў парадку выключэньня дазволілі «экспэрымэнт».

«І вось настаў дзень, калі прапанавалі рабіць у школе экспазыцыю. Я ўжо ня верыў, бо канца гэтаму супрацьстаяньню і відаць не было. Ясна, што ніхто адмыслова займацца не зьбіраўся, ніякіх грошай не плянавалася. І я на грамадзкіх пачатках пачаў ствараць на другім паверсе музэй. Паступова экспазыцыя разрасталася, пераехалі на першы паверх, „захапілі“ аж чатыры пакоі. Дзеці экскурсіі праводзілі, усё самі! Цяжка паверыць, але гэта быў першы музэй Манюшкі ў сьвеце. І па сёньня такім застаецца, няма нават у Польшчы».

Тэатральныя строі, перададзеныя беларусам Варшаўскай опэрай
Тэатральныя строі, перададзеныя беларусам Варшаўскай опэрай

Беларусь да моманту абвяшчэньня незалежнасьці цуралася славутага земляка, а ў спэцыялізаваных установах ягоная творчасьць вывучалася ў разьдзеле «Замежная музыка». Адрозна ад палякаў, якія паставілі Манюшку ў адзін ад шэраг з найвялікшымі творцамі. У розных рэгіёнах ладзяцца манюшкаўскія фэстывалі, ягоным імем названы цэнтральны чыгуначны вакзал у Варшаве. Сёлета музыка ўраджэнца Беларусі гучыць па ўсёй Польшчы.

«Яшчэ за савецкім часам я тройчы езьдзіў у Польшчу на міжнародныя манюшкаўскія фэстывалі ў гарадок Кудова Здруй — жывапіснае месца на мяжы з Чэхіяй, — успамінае Васіль Несьцяровіч. — Давёў арганізатараў амаль да сьлёз, калі прывёз шкатулку з убельскай зямлёй. Ого які падарунак! Былі дзеячы беларускай культуры, кіраваў нашай дэлегацыяй старшыня Саюзу кампазытараў Юры Семяняка. Вось жа парадокс: наш геній, ураджэнец Беларусі, а каб ушанаваць, атрымаць асалоду ад ягонай творчасьці, трэба было ехаць за мяжу».

Станіслаў Манюшка і выканаўцы опэрных партый
Станіслаў Манюшка і выканаўцы опэрных партый

Пільнасьць камітэтчыкаў

У Польшчы, працягвае Васіль Несьцяровіч, у яго завязаліся сяброўскія адносіны з музыкамі, якія зьехаліся на імпрэзу з усяго сьвету. І каб добрая воля беларускага боку, з гэтага можна было б атрымаць у тым ліку матэрыяльныя дывідэнды.

«З Амэрыкі прыляцеў мужчынскі хор пад кіраўніцтвам Яна Мілуна, ураджэнца Вільні, — апавядае манюшказнаўца. — Дык ён мне так сказаў: „Каб да нас хто-небудзь афіцыйна зь Беларусі зьвярнуўся, мы тут жа сабралі б неабходную суму: хочаш — помнік стаў, хочаш — экспазыцыю зьбірай“. У мяне, кажа, толькі на вакальных партыях 500 артыстаў па ўсім узьбярэжжы, па 5-10 даляраў скінуліся б — такі музэй адгрохалі б, сталіца зайздросьціла б. Але ж куды нашы будуць зьвяртацца? Карона зваліцца».

А калі ў адзін з прыездаў амэрыканскі дырыжор на запрашэньне Васіля Несьцяровіча вырашыў праехацца па мясьцінах Манюшкі, яго сустракалі ня хлебам-сольлю, а падазронымі позіркамі кадэбістаў.

Васіль Несьцяровіч на месцы убельскага фальварку
Васіль Несьцяровіч на месцы убельскага фальварку

«Я, натуральна, запрасіў яго дахаты, як інакш? — працягвае Васіль Васілевіч. — Дык Божа ж мой, што ўсчалося! Амэрыканец! У вёсцы! Гасьцюе ў Несьцяровіча! Ужо і работнік контравыведкі тут як тут на парозе: як і што, чаму без дазволу за межамі сталіцы? А што Ян Мілун? Выхаваны, адукаваны чалавек, нармальна сябе паводзіў, прыехаў з добрымі намерамі, захацеў паглядзець радзіму Манюшкі. Ледзь адбіліся...»

Пакуль азёрнаўскага энтузіяста ўпарта ігнаравалі на радзіме, у суседняй Польшчы Васіль Несьцяровіч быў прадстаўлены да званьня заслужанага работніка культуры.

«Мяне хлопцы пасьля гэтага падколвалі: ну, пад пэнсію мусіш атрымаць і заслужанага работніка ў Беларусі, хоць нейкую дадатковую дзясятку будзеш мець. Куды там! Пасьля таго, колькі я ім нэрваў паматаў, яны мяне хутчэй на той сьвет выправяць. Адзін прыватна так і сказаў: „Ну і нахабнік, куды ты лезеш?“ Неяк быў у польскай амбасадзе, дзеля сьмеху запытаўся: „Дык а будзе нейкая даплата за заслужанага?“ „А пан што, у Варшаве хоча жыць?“, — жартам адрэагаваў супрацоўнік. Кажу, ну калі жыльлём забясьпечыце, то паеду, чаму не? Ну вось так пасьмяяліся...»

Мара пра Убель

У 1991 годзе Васіль Васілевіч пайшоў на пэнсію, з жонкай трымаюць гаспадарку ў Азёрным. Ягоную эстафэту падхапіла дачка Ірына, яна загадчыца экспазыцыі Станіслава Манюшкі ў «Музычнай гасьцёўні», якая за грошы Эўразьвязу нядаўна адкрылася ў Сьмілавічах.

Ірына Серада, загадчыца музэйнай экспазыцыі Манюшкі ў Сьмілавічах
Ірына Серада, загадчыца музэйнай экспазыцыі Манюшкі ў Сьмілавічах

Тут у мясцовым касьцёле Манюшка быў ахрышчаны, тут месьціўся радавы палац ягонага дзеда Станіслава-старэйшага. Храма даўно няма, рэанімаваць занядбаныя муры палаца ўзяўся прыватны інвэстар. Дарэчы, менавіта ягоныя сутарэньні сталі месцам дзеяньня опэры Манюшкі «Страшны двор».

Цяпер Несьцярэнка марыць толькі пра адно: дачакацца, калі ў Убелі пачнуць аднаўляць сядзібу, дзе нарадзіўся і зрабіў першы крокі па зямлі будучы геній музыкі.

«Можаце верыць ці не, але ў пачатку 1990-х Міністэрства культуры на поўным сурʼёзе абяцала: каля старой таполі ў Убелі (яна ёсьць на ўсіх тагачасных малюнках — і ў Часлава Манюшкі, і Напалеона Орды) паўстане такая ж сядзіба, як колісь тут стаяла. Хадзілі нават размовы, што ўжо і зруб у нейкім лясьніцтве зрабілі, заставалася толькі перавезьці. Ды нічога не даехала: нехта з чыноўнікаў ці бандытаў апярэдзіў ды забраў сабе на ўчастак», — агучвае ён сваю вэрсію.

Адноўленае крыло сьмілавіцкага палацу
Адноўленае крыло сьмілавіцкага палацу

Пры гэтым Васіль Несьцярэнка перакананы: самы праўдзівы, душэўны і шчыры музэй быў у ягонай Азёрнаўскай школе — і шкадуе, што як непэрспэктыўную яе закрылі.

«Калі параўноўваць нават з гасьцёўняй у Сьмілавічах, то музэй у Азёрным быў больш значны, больш прасторны (звыш 60 квадратных мэтраў), —настальгуе яго заснавальнік. — Ня толькі з усіх саюзных рэспублік прыяжджалі, нават з краінаў сацлягеру. Я ўжо не кажу пра Польшчу: якая дэлегацыя — адразу да нас. Ніякіх гідаў, экскурсаводаў, пра экспанаты расказвалі дзеці, усё на энтузіязьме. І як нас не выштурхоўвалі з культурнай прасторы, ужо 50 гадоў мінула з той пары, як мы пачалі вяртаць нашчадкам памяць вялікага Манюшкі».

Рэканстракцыя палацу ў Сьмілавічах
Рэканстракцыя палацу ў Сьмілавічах

Беларусь Манюшкі

Убельскі фальварак належаў розным шляхетным семʼям, у канцы XVIII стагодзьдзя перайшоў Манюшкам. Тады на беразе Волмы паўстала сядзіба з пабудовамі — бровар, стайня, аранжарэя, вежа-вяндлярня, капліца-пахавальня ў парку. Пасьля расейска-францускай вайны, у якой Часлаў Манюшка ваяваў на баку Банапарта, ён пакінуў службу і асеў у маёнтку — спадчыне ад бацькі, судзьдзі ВКЛ Станiслава Манюшкі.

Зруйнаваны касьцёл у Сьмілавічах, дзе хрысьцілі Стася Манюшку, малюнак Напалеона Орды
Зруйнаваны касьцёл у Сьмілавічах, дзе хрысьцілі Стася Манюшку, малюнак Напалеона Орды

У 1818-м Часлаў ажаніўся з Альжбэтай Маджарскай, і налета ў іх нарадзіўся сын Стась. Хлопчыку было 6 гадоў, калі яны пераехалі ў Варшаву, каб сын атрымаў добрую адукацыю. Але нястача прымусіла вярнуцца: галава сямʼі за падтрымку Напалеона мусіў сплочваць значную кантрыбуцыю. Манюшкі пасяліліся ў Менску.

Іх сын паступіў у адзіную на той час гарадзкую гімназію, якая была насупраць дома, у былым дамініканскім кляштары. Аднак царская адміністрацыя распачала ў «Паўночна-заходнім краі» татальную русыфікацыю, старыя кадры замяняліся прысланымі з усходніх губэрняў. Стася выправілі ў музычную акадэмію ў Бэрлін.

Ад 1840 году ён жыў у Вільні, служыў арганістам у касьцёле Сьвятога Яна, пісаў музыку, выкладаў. Наведваўся ў Менск, дзе ў сьвецкіх салёнах ладзіліся яго тэатральна-музычныя пастаноўкі — «Канторшчыкі», «Габрэйскі рэкруцкі набор», «Лятарэя».

Старая таполя ў Убелі, якая памятае Манюшкаў
Старая таполя ў Убелі, якая памятае Манюшкаў

У гэты час пачалося сяброўства з драматургам Вінцэнтам Дунін-Марцінкевічам, якое вылілася ў шэраг опэрных прэмʼераў. Кульмінацыяй у лютым 1852 году стала «Ідылія» ў Менскім гарадзкім тэатры — з прафэсійнай сцэны ўпершыню загучала беларуская мова. Расейскія ўлады спэктакль забаранілі.

Станіслаў Манюшка таксама і нацыянальны гонар Польшчы, дзе яго шануюць непараўнальна больш, чым у Беларусі. У Варшаве ён здабыў эўрапейскую славу і да апошніх дзён быў дырыгентам у опэрным тэатры, які і ўзначальваў. Яшчэ пры жыцьці стаў клясыкам польскай опэры.

У 53 гады ён памёр. 4 чэрвеня 1872-га праводзіць у апошні шлях маэстра прыйшлі 100 тысяч жыхароў гораду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG