Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Джон Уік, беларускі кілер з галівудзкага баевіка


Плякат фільму «Джон Уік 3». Подпіс кажа: «Я пайду за табой у пекла і назад»

У чацьвер, 16 траўня ў Беларусі пачнецца пракат баевіка «Джон Уік 3» (John Wick: Chapter 3 — Parabellum) з Кіяну Рыўзам у галоўнай ролі. Як адзначыў журналіст The Wrap, які ўжо паглядзеў стужку, там згадваецца паходжаньне галоўнага героя: сірата зь Беларусі, які займаўся балетам і барацьбой.

Кім былі беларусы ў Галівудзе

Шэраг вядомых галівудзкіх актораў маюць беларускія карані — у тым ліку продкі зь беларускіх ёсьць земляў у Кёрка і Майкла Дугласаў, Гўінэт Пэлтраў, Скарлет Ёгансан, Гарысана Форда, Уіноны Райдэр… Беларусы нават прысьвяцілі гэтаму сэрыю маек.

Беларусь ня часта, але час ад часу згадваецца ў амэрыканскіх фільмах.

Напрыклад, беларускае пасьведчаньне кіроўцы паказваў герой Тома Гэнкса ў фільме «Тэрмінал» (Terminal, 2004) — праўда, на жаночае імя Гульнара Гуліна.

Таксама беларусам быў герой Рэндзі Кутура з сэрыі фільмаў «Незьнішчальныя» (The Expendables, 2010), менчуком называў сябе і галоўны герой фільма «Бартан Фінк» (Barton Fink, 1991).

Вядомы па ролі Джэмса Бонда актор Дэніэл Крэйг іграў кіраўніка габрэйскага партызанскага атраду ў Беларусі часоў Другой сусьветнай вайны ў фільме «Выклік» (Defiance, 2008), заснаваным на рэальнай гісторыі братоў Бельскіх.

Бэнэдыкт Камбэрбэтч у сэрыяле «Шэрлак» пабываў у беларускай турме
Бэнэдыкт Камбэрбэтч у сэрыяле «Шэрлак» пабываў у беларускай турме

А ў фільме «Целаахоўнік кілера» (The Hitman's Bodyguard, 2017) Гэры Олдман выконвае ролю беларускага дыктатара і ваеннага злачынцы — праўда, у беларускім пракаце яго зрабілі басьнійцам.

Але такога, каб беларусам зрабілі галоўнага героя франшызы высокабюджэтных баевікоў, яшчэ не было.

Чаму Джон Уік — Баба Яга

Паводле сюжэту фільмаў «Джон Уік», галоўны герой (беларус у выкананьні Кіяну Рыўза) — былы кілер, якога абставіны вымушаюць вяртацца да забойстваў. Калі яму давалі кантракт на забойства, посьпех быў настолькі непазьбежным, што злачынцы сталі пужаць адзін аднаго Джонам Уікам — адтуль і мянушка «Баба Яга» (у расейскім перакладзе, які трансьлявалі і ў Беларусі, арыгінальную мянушку «Baba Yaga» замянілі на «бугімэна»).

Цяперашнія прыгоды Джона Ўіка пачаліся з забойства шчаняці. Калі ягоная жонка памерла ад невылечнай хваробы, ён завёў шчанюка, да якога вельмі прывязаўся. Расейскія мафіёзі абрабавалі ягоны дом, ня ведаўшы, з кім зьвязаліся, і забілі сабаку. Бацька аднаго з рабаўнікоў даведваецца, на каго тыя напалі (Уік некалі працаваў на яго самога), і наймае тузін кілераў, каб «прэвэнтыўна» забіць Уіка, але той лёгка зь імі распраўляецца — а затым забівае і іншых насланых на яго кілераў, і забойцу ягонай сабакі, і бацьку таго забойцы.

У другім фільме Джона Ўіка злачынцы спрабавалі прымусіць вярнуцца да кілерскай працы, але той адмаўляўся — на яго распачалі новае беспасьпяховае паляваньне, якое працягваецца ў трэцім фільме.

У сацсетках ужо жартуюць, што цяпер, «атрымаўшы» беларускае паходжаньне, Джон Уік будзе помсьціць тым, хто скажа «Белоруссия» замест «Беларусь».

Чым цікавыя гэтыя фільмы

Тым, што гэта якасныя галівудзкія баевікі. Іх хваляць не за хітра закручаны сюжэт ці эмацыйную гульню актораў, а менавіта за экшн: пастаноўку баёў і перастрэлак, дынаміку і рытм апавяданьня, візуальны стыль.

Першы фільм мае 87% пазытыўных водгукаў крытыкаў зь сярэднім балам каля 7/10 і 80% добрых водгукаў гледачоў (паводле Rotten Tomatoes), другі — 89% добрых водгукаў ад крытыкаў з 7,3 з 10 балаў і 85% ад гледачоў.

Трэці фільм абяцае быць нават лепшым: пакуль пазытыўныя 98% водгукаў крытыкаў, сярэдні бал каля 8,1 з 10. Для параўнаньня: нядаўнія «Мсьціўцы. Фінал» (Avengers: Endgame, 2019) маюць 95% пазытыўных водгукаў і сярэдні бал 8,3 з 10.

Фільмы сэрыі «Джон Уік» нельга назваць адназначнымі блякбастэрамі. Першы сабраў у пракаце па ўсім сьвеце 88,8 млн даляраў, другі — 171,5 млн. Гэта далёка ад тых жа нядаўніх «Мьсціўцаў», зборы якіх ужо склалі каля 2,5 млрд даляраў. Але трэба прызнаць, што бюджэт першага «Джона Ўіка» быў каля 20–30 млн даляраў, другога — каля 40 млн, а апошнія «Мьсціўцы» каштавалі 356 млн. Здымаць «Джона Ўіка» выгадна — ужо распрацоўваецца тэлесэрыял пра ягоны сьвет пад папярэдняй назвай The Continental.

Крытыкі і гледачы таксама адзначаюць вяртаньне Кіяну Рыўза да баевікоў: пасьля посьпеху трылёгіі «Матрыцы» (The Matrix, 1999; The Matrix Reloaded і The Matrix Revolutions, 2003), дзе ён выканаў галоўную ролю, актор зьняўся ў сярэдне ўспрынятым крытыкамі і гледачамі баевіку «Канстанцін» і амаль зьнік зь вялікіх экранаў на 9 гадоў. Першая спроба вярнуцца — баявік «47 ронінаў» (47 Ronin, 2013) — правалілася ў пракаце і была разгромленая крытыкамі. Таму фанаты актора асабліва радаваліся посьпеху «Джона Ўіка», які выйшаў праз год пасьля правалу.

Урэшце, «Джон Уік» цікавы кантрастам бязьлітаснага героя-забойцы з публічным вобразам выканаўцы ягонай ролі. У інтэрнэце Кіяну Рыўза ведаюць як дабрадушнага, сьціплага і заўсёды крыху сумнага чалавека, які паводзіць сябе не як стэрэатыпная зорка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG