Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра ўдзел беларусаў у Эўравізіі


Беларуска ZENA падчас рэпэтыцыі Эўрабачаньня-2019

14 траўня ў ізраільскім Тэль-Авіве пройдзе першы паўфінал міжнароднага песеннага конкурсу «Эўравізія», у якім Беларусь будзе ўдзельнічаць 16-ы раз. Свабода прыгадвае асноўныя факты беларускага ўдзелу.

Найлепшы вынік за 15 гадоў — шостае месца Дзьмітрыя Калдуна ў 2007 годзе. Толькі 1 раз на Эўравізіі прагучала беларуская мова — у кампазыцыі «Гісторыя майго жыцьця», якую засьпяваў дуэт Naviband. Вакол міжнароднага конкурсу раз за разам здараюцца скандалы, і рабіць парадак даводзіцца кіраўніку дзяржавы.

1. Беларусь удзельнічае ў Эўравізіі сёлета 16-ы раз. Упершыню ў 2004 годзе ў папулярным міжнародным конкурсе Рэспубліку Беларусь прадстаўляў дуэт «Аляксандра і Канстанцін» з кампазыцыяй My Galileo. Музыкі занялі 20 месца ў паўфінале; да фіналу не дайшлі.

2. За ўсю 15-гадовую гісторыю ўдзелу ў фінал «Эўравізіі» беларускія выканаўцы траплялі толькі 5 разоў. Самае высокае месца — шостае — заняў у 2007 годзе беларускі сьпявак Дзьмітры Калдун зь песьняй Work Your Magic.

3. Пераможца Эўравізіі-2009 Аляксандар Рыбак родам зь Беларусі, але выступаў за Нарвэгію. Аляксандар нарадзіўся ў 1986 годзе ў сям’і прафэсійных музыкантаў у Менску. Калі яму было 4 гады, сям’я пераехала ў Осла. На конкурсе Аляксандар выканаў уласную кампазыцыю Fairytale, прысьвечаную сваёй былой каханай Інгрыд. У 2018 годзе Аляксандар Рыбак зноў удзельнічаў у Эўравізіі ад Нарвэгіі, але заняў толькі 15-е месца.

4. У 2018 годзе Беларусь на Эўравізіі ў Лісабоне прадстаўляў украінец Мікіта Аляксееў. Да яго было шмат прэтэнзій: па-першае, украінскае грамадзянства; па-другое, сваю песьню ён выконваў яшчэ да ўдзелу ў беларускім нацыянальным адборы. Да фіналу Аляксееў не дайшоў.

5. Конкурсам «Эўравізія» ў Беларусі апякуецца кіраўнік дзяржавы. У 2012 годзе здарыўся скандал: у нацыянальным адборы перамагла была Алена Ланская, але высьветлілася, што вынікі галасаваньня сфальшаваныя. І разабрацца з фальсыфікацыямі даручыў сам Аляксандар Лукашэнка. У выніку на конкурс у Баку паехаў гурт Litesound (браты Каракіны) зь песьняй We Are the Heroes. У фінал не прайшлі. А Алена Ланская паехала на Эўравізію ў наступным, 2013 годзе. Прайшла ў фінал, заняла 16 месца.

6. Сёлета прадстаўляць Беларусь на Эўравізіі ў Ізраілі будзе 16-гадовая Зена (Зіна Купрыяновіч). Яна была пераможцай прэміі дзіцячага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску 2014», фіналісткай нацыянальнага адбору конкурсаў песьні «Дзіцячая Эўравізія» ў 2015 і 2016 гадах. 14 траўня Зена выступіць у першым паўфінале пад нумарам 8. Яна выканае кампазыцыю на ангельскай мове Like It.

7. Толькі аднойчы на Эўравізіі прагучала песьня на беларускай мове: у 2017 годзе гэта была кампазыцыя «Гісторыя майго жыцьця» ў выкананьні дуэту Naviband. У фінал Ксенія Жук и Арцём Лук’яненка прабіліся, але занялі толькі 17 месца. Усе астатнія канкурсанты ад Беларусі сьпявалі па-ангельску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG