Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта барбарства». У Палацы чыгуначнікаў пад гіпсакардон хаваюць манумэнтальны росьпіс канца 1970-х


Росьпіс з Палацу чыгуначнікаў, які хаваюць пад гіпсакардон. Фота Кацярыны Рускевіч

Падчас рамонту ў Палацы чыгуначнікаў у Менску рабочыя хаваюць пад гіпсакардон манумэнтальны росьпіс 1978 году. Дырэктар тлумачыць, што рэканструкцыя каштавала б занадта дорага.

«Ён патрэскаўся, трэшчын шмат пайшло. На аднаўленьне больш патрацілі б, чым на нешта новае»

«Гэта барбарскія справы, — сказаў Свабодзе пра гэта Рыгор Сітніца, старшыня Саюзу мастакоў Беларусі. — Росьпіс і вялікі, і каштоўны. Ён высокага ўзроўню».

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

У Палацы чыгуначнікаў кажуць, што інтэр’ер будзе цалкам зашыты гіпсакардонам. У тым ліку і праца «Мая Радзіма» Зоі Літвінавай і Сьвятланы Катковай. Гэты манумэнтальны росьпіс на трэцім паверсе будынка быў скончаны ў 1978 годзе.

​«На яго аднаўленьне больш патрацілі б, чым зрабілі б нешта новае, — сказаў Свабодзе Аляксандар Кулыга, дырэктар Палаца чыгуначнікаў Беларусі. — Ён патрэскаўся, трэшчын шмат пайшло. Недзе адкалолася нават».

Па словах Кулыгі, праца не пацерпіць, але ўбачыць яе больш нельга будзе. Пра рэканструкцыю гаворкі не было, бо яна каштавала б дорага.

Частка росьпісу. Фота Кацярыны Рускевіч
Частка росьпісу. Фота Кацярыны Рускевіч

«Зандавалі глебу, цікавіліся, як што. Але, ведаеце, любыя аднаўленьні такіх пано ці карцін — гэта вельмі дорага. І матэрыялы, і праца. Пакуль такім чынам», — сказаў Аляксандар Кулыга.

Нагадаем, за апошнія гады было зьнішчана некалькі манумэнтальных росьпісаў: праца «Вільнюс стары і новы» падчас рэканструкцыі былога кінатэатру «Вільнюс» у Менску (яе аўтарамі таксама былі Літвінава і Каткова); сграфіта Ўладзімера Стальмашонка і Гаўрылы Вашчанкі на Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Менску засталося пад слоем уцяпляльных матэрыялаў на фасадзе будынка; падчас рамонту разбурылі росьпіс на гатэлі «Кастрычніцкі».

«Гэта не праграма зьнішчэньня, а бязглузьдзіца. Уласьнікі будынкаў не разумеюць каштоўнасьці гэтых прац», — кажа Рыгор Сітніца.

Ён дадае, што парушэньня закону пры зьнішчэньні росьпісаў і пано звычайна няма, бо гэтыя працы ня ўключаныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

«Тут пытаньне да Мінкульту хутчэй. Трэба пачынаць працэдуру і прысвойваць гэты статус».

Савецкае манумэнтальнае мастацтва трэба бараніць, як калісьці баранілі касьцёлы і цэрквы

Мастак і пісьменьнік Адам Глёбус называе росьпіс у Палацы чыгуначнікаў важным творам у кантэксьце гісторыі беларускага мастацтва.

Адам Глёбус
Адам Глёбус

«Манумэнтальнае мастацтва таго часу — гэта вялікае дасягненьне беларускіх мастакоў. Суровы стыль, як быў створаны ў Беларусі ў 1960-я гады, гэта адна з самых вялікіх каштоўнасьцяў у нашым мастацтве. У гэтым я перакананы».

Па яго словах, менавіта ў манумэнтальнае мастацтва звычайна не ўкладалася савецкая ідэалёгія. Гаўрыла Вашчанка і ягоныя вучні стварылі лірычны манумэнталізм, у якім не было савецкай прапаганды. А на росьпісе Літвінавай і Катковай увогуле можна пабачыць біблейскія матывы.

«Супраць гэтага росьпісу страшэнна выступаў Міхаіл Савіцкі, — кажа Глёбус. — Яму не падабалася, што там няма ідэалёгіі, няма Леніна, няма звышкульту пралетарыяту».

Мастак называе зьнішчэньне савецкіх манумэнтальных прац актамі вандалізму. На яго думку, гэтыя творы трэба абараняць гэтаксама, як у савецкія часы змагаліся за касьцёлы ці цэрквы.

«Гэта нашая гісторыя, — дадаў Глёбус. — Што адбываюцца такія акты вандалізму паўсюль, мяне гэта абурае».

Па словах дырэктара Палаца чыгуначнікаў, рамонт фасаду і інтэр’ераў плянуюць завяршыць да 1 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG