Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму музыка Сяргей Доўгушаў супраць «украінізацыі» беларускага Палесься


Сяргей Доўгушаў
Сяргей Доўгушаў

Сёньня гутарым з музыкам Сяргеем Доўгушавым, лідэрам гурту «Vuraj», кіраўніком розных музычных праектаў, якія выкарыстоўваюць беларускі музычны фальклёр («Сьпеўны сход», «Традыцыя»), мэнэджэрам розных музычна-выдавецкіх ініцыятыў.

Летась Сяргей Доўгушаў ангажаваўся ў краўфандынгавае выданьне «Новага Запавету» ў перакладзе мовазнаўцы і філёляга Фёдара Клімчука на заходнепалескую гаворку. Грошы на выданьне былі сабраныя вельмі хутка і кніга выйшла пад канец 2018 году, але, на жаль, цяжка хворы перакладчык не пасьпеў яе пабачыць — ён памёр за тыдзень да яе выхаду.

Нагодай для нашай гутаркі сталі нядаўнія прэзэнтацыі заходнепалескага «Новага Запавету» ў Сіманавічах (роднай вёсцы Ф. Клімчука) і Драгічыне.

Як звычайна, я даю тут толькі кароценькія фрагмэнты выказваньняў суразмоўніка, а поўную «Гутарку зь Янам» слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Адкуль музычная жарсьць

«Прыехаў аднойчы да сваякоў і даведаўся, што мой прадзед таксама граў на дудках. Ён сам вырабляў драўляныя дудкі і на іх граў. І вось я адразу зразумеў, адкуль гэта ўсё бярэцца — мая любоў да граньня на драўляных духавых інструмэнтах. А сьпевы — ад маці. Таму што ў сям’і ўсе сьпявалі, і бацька мой сьпяваў».

Праект «Традыцыя»

«Праект „Традыцыя“ займаецца папулярызацыяй, разьвіцьцём і захаваньнем традыцыйнай беларускай культуры. Усё пачалося з таго, што мы выдалі дзьве кружэлкі спадара Сяргея Панізьніка, нашага паэта, і гэта былі ўнікальныя запісы 1969 году, і абрадавыя песьні, і вясельныя песьні вёскі Лявонпаль і яе навакольляў. Потым зьявіўся „Сьпеўны сход“, а далей мы пачалі ладзіць імпрэзы, дзе запрашалі розных цікавых носьбітаў, ладзіць экспэдыцыі, выдалі дыск „Мужчынская традыцыя сьпеву“ і прэзэнтавалі, ня толькі ў Менску, але і паўсюль, дзе было магчыма».

Што выйдзе неўзабаве

«Зараз рыхтуецца цікавае выданьне — „Беларускія застольныя песьні“… Хутка выйдзе, можа, ужо празь месяц. Гэта дыск, які будзе выглядаць амаль як кніга — цэлая кніга з ангельскімі перакладамі, з тэкстамі, з тлумачэньнямі тэкстаў — дзе сабраны песьні амаль з усёй Беларусі».

Бягучы краўфандынгавы праект

«Новы праект, які мы запусьцілі са „Сьпеўным сходам“, — гэта праект „Сьпявай Манюшку па-беларуску“».

Першае сутыкненьне віцябляніна з Палесьсем

«Аднойчы, калі мы з Ірынай Мазюк паехалі у маю першую экспэдыцыю і

я ўпершыню пачуў палескую гаварку, я нават ня ўсё зразумеў, быццам гэта быў іншы край».

Знаёмства з Фёдарам Клімчуком

«Калі Фёдар Данілавіч быў яшчэ здаравейшы, ён прыходзіў на нашы палескія „Сьпеўныя сходы“. Я ня ведаў яго — проста гляджу, нейкі дзядочак прыходзіць, сядзіць і слухае. Потым мне ўжо распавялі, хто такі. (…) Мы пазнаёміліся, пачалі перамовы зь ім. Ён падзяліўся сваімі ўсімі матэрыяламі. Канешне, мяне больш за ўсё зацікавіла яго песенная спадчына. Ён запісаў у сваёй вёсцы каля 400 песень. (…) Але ён больш за ўсё хацеў, каб выдаць „Новы Запавет“».

Пра выкарыстаньне «Новага Запавету» па-заходнепалеску

«У мяне ёсьць спадзяваньне і адчуваньне, што людзі зацікавяцца гэтым перакладам і будуць службы на мясцовай мове. Таму што людзям яна блізкая. Напрыклад, у Сіманавічах людзі набывалі гэтую кнігу, вельмі шмат набылі, і старыя, і маладыя, усім было цікава. Дома яны будуць чытаць, таму што гэта блізкая ім мова».

Ушанаваньне Клімчука

«За тое, што зрабіў Клімчук, трэба яму ставіць помнік ці хоць зрабіць музэйчык у вёсцы Сіманавічы. Трэба, каб людзі зразумелі знакавасьць гэтага чалавека. Таму што ён праславіў Сіманавічы на ўвесь сьвет, і будзе праслаўляць далей. І будуць ведаць вёску Сіманавічы менавіта дзякуючы Клімчуку. Таму павінны ім ганарыцца. У Драгічыне, калі ў нас была прэзэнтацыя, паднялі пытаньне назваць вуліцу імем Клімчука».

Чыё Палесьсе?

«Палешукі, калі іх запытаць, на якой мове яны гавораць, скажуць — „не, гэта не хахляцкая мова“ (…) Палешукі ў Беларусі — гэта палешукі-беларусы».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG